Матывуе да прафесійнага росту

Адзін з найстарэйшых супрацоўнікаў, ініцыятыўны, вопытны, кампетэнтны спецыяліст, які валодае высокім творчым патэнцыялам — так характарызуе кіраўніцтва МДАІРА дацэнта кафедры педагогікі і псіхалогіі Валянціну Васільеўну Аўраменка. І ў гэтых словах няма ніякага перабольшання. 

У вучэбнай рабоце са слухачамі Валянціна Васільеўна на высокім навукова-метадычным узроўні рэалізуе актуальны сучаснаму стану развіцця адукацыі змест вучэбных праграм. У адпаведнасці з прынцыпамі андрагогікі ў практыцы работы яна выкарыстоўвае самыя перадавыя адукацыйныя тэхналогіі. У яе арсенале — тэхналогіі інтэрактыўнага навучання, рэфлексійна-дзейнасныя, кейс-тэхналогіі, тэхналогіі псіхалагічнай дыягностыкі, педагагічнага праектавання і мадэлявання.

— Маё жыццё звязана з інстытутам развіцця адукацыі на працягу больш як трыццаці гадоў. Былі перыяды работы ў іншых навучальных установах, але ў асноўным мой працоўны шлях ідзе побач з МДАІРА. Канечне, за гэты час падыходы ў рабоце істотна змяніліся. Раней працягласць курсаў павышэння кваліфікацыі была большай і слухачам было дастаткова проста прачытаць лекцыю. Зараз усё інакш. Ужо зусім іншыя дзеці і ім патрэбны іншыя падыходы ў навучанні. Значыць і настаўнікі павінны ўмець мяняцца, адаптавацца да сучасных рэалій, патрабаванняў. Сёння я аддаю перавагу актыўным формам арганізацыі заняткаў: вэбінарам, практыкумам, трэнінгам, круглым сталам, дзелавым гульням. Імкнуся агучыць тэму ці праблему і матываваць педагогаў на самастойную работу, — паведаміла В.В.Аўраменка.

Для эфектыўнага правядзення інтэрактыўных лекцыйных і практычных заняткаў са слухачамі Валянціна Васільеўна распрацавала неабходны раздатачны матэрыял на друкаваных і электронных носьбітах, разнастайныя мультымедыйныя прэзентацыі. Дацэнт Аўраменка актыўна займаецца і навуковай дзейнасцю. Апошнія тры гады яны дасканала разглядала праблемы фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці педагога ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых, развіцця рэфлексіўнай кампетэнтнасці педагога, змястоўныя аспекты рэалізацыі метапрадметнага падыходу ў выкладанні вучэбнага прадмета. Адметна, што вынікі гэтай навукова-практычнай дзейнасці ўкараняюцца ў практыку работы са слухачамі, распаўсюджваюцца на навукова-практычных канферэнцыях, у рабоце з педагогамі Магілёўшчыны. Сваімі ведамі В.В. Аўраменка пастаянна дзеліцца з калегамі. Яна ўдзельнічае ў асветніцкай рабоце ва ўстановах вобласці і горада, прычым не толькі з педагогамі, але і з іншымі катэгорыямі слухачоў.

— Якасць адукацыі непасрэдна залежыць ад прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Каб даваць якасную адукацыю, настаўнік павінен нястомна імкнуцца да прафесійнага росту. Як на гэта матываваць? Павышаць прэстыж прафесіі ў грамадстве. Варта таксама развіваць інавацыйную дзейнасць у навучальных установах. Яна вельмі стымулюе педагогаў да самаразвіцця. А наогул, вельмі многае залежыць ад саміх настаўнікаў, іх жадання працаваць над сабой. Калі яно ёсць, то супрацоўнікі нашага інстытута заўсёды гатовыя падтрымаць педагогаў у іх імкненнях і пачынаннях. У МДАІРА сапраўды шмат магчымасцей для ўдасканалення педагагічнага майстэрства і павышэння прафесійнага ўзроўню, — упэўнена В.В.Аўраменка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.