Матывуем вучыцца …праз Instagram?

- 12:02Выхаваўчая прастора

З усіх сацыяльных сетак Instagram крытыкуюць найбольш часта. Гэта тут дзеці (часцей дзяўчынкі) атрымліваюць урокі самалюбавання, тут у іх фарміруецца залежнасць ад чужой ацэнкі. Бацькі і настаўнікі сварацца на безгустоўных і эпатажных куміраў, што прывіваюць іх дзецям няправільныя каштоўнасці. А брытанскія навукоўцы — куды ж без іх? — ужо даказалі, што Instagram можа выклікаць трывогу і дэпрэсію нават у дарослых, а не толькі ў дзяцей.

Забараніць падлеткам карыстацца сацыяльнымі сеткамі можна, аднак забароны — шлях да падаўлення індывідуальнасці або нагода для агрэсіўнага пратэсту. Таму лепшае выйсце, як заўсёды, — далучыцца і ўзначаліць! Менавіта дарослыя могуць паказаць дзецям, як зрабіць свой акаўнт карысным, цікавым і сапраўды ўнікальным. Прыклад падае Instagram-блогер Таццяна Гарэлік.

Навуку таксама “падабайкаюць”

Калі вашы вучні ўпэўнены, што пазнавальны канал не можа быць папулярным, раскажыце ім пра Instagram-акаўнт mateo life: ён сабраў больш за 142 тысячы падпісчыкаў. Яго аўтары — Таццяна Гарэлік з сынам Мацвеем — кожны дзень паказваюць нескладаныя фокусы, эксперыменты і гульні, якія можна паўтарыць дома.

— Калі Мацвею было гадоў 6—7, ён час ад часу глядзеў дзіцячыя каналы на YouTube: агляды новых канструктараў і іншых цацак, гульні, конкурсы, — узгадвае Таццяна. — А пасля захацеў стварыць свой. З гэтай прапановай прыйшоў да мяне — і я цэлую ноч прасядзела за камп’ютарам: вучылася, як ствараць і развіваць канал на гэтай платформе.

Першыя відэа былі менавіта тут, але даволі складаны для навічка інтэрфейс падаваўся Таццяне нязручным. Таму, калі ў Instagram з’явілася функцыя “хвілінак” — 60 секундных відэа, з радасцю перайшлі ў гэтую сацыяльную сетку. Раней Таццяна ўжо вяла асабісты акаўнт, таму завесці яшчэ адзін было вельмі проста.

Тады ж Мацвею падарылі кнігу пра эксперыменты.

— Мяне гэта спачатку не парадавала, бо адбірала шмат часу: колькі займае адзін пошук рэдкіх інгрэдыентаў! — смяецца Таццяна. — Але і сыну, і нашым падпісчыкам спадабалася, і мы на гэта “падселі”.

Так Таццяна і Мацвей пачалі паказваць і тлумачыць, што такое флуарэсцэнцыя, вакуум, магніт, ціск, шчыльнасць рэчыва. Для гэтага яны выкарыстоўваюць матэрыялы, якія кожны знойдзе дома: тэнісныя мячыкі, бутэлькі, шарыкі, лісты паперы. Час ад часу Таццяне ўсё ж даводзіцца заходзіць у аптэку ці магазін за медным купарвасам ці іншым інгрэдыентам для хімічных прадстаўленняў.

Але недаступных матэрыялаў у відэа не выкарыстоўваюць: для аўтараў акаўнта вельмі важна, каб кожны мог паўтарыць доследы, і гледачы гэта цэняць. Аўдыторыя акаўнта mateo.life — маладыя мамы, якія стараюцца знайсці цікавыя ідэі для сваіх дзяцей 4—7 гадоў. Яны актыўна абмяркоўваюць прапановы Таццяны, спрабуюць паўтараць яе гульні і эксперыменты, а таксама задаюць пытанні пра выхаванне Мацвея. Яшчэ адна катэгорыя — падлеткі 10—13 гадоў, дастаткова дарослыя, каб самастойна паўтарыць паказанае Таццянай.

Каб гледачам было не толькі весела, але і карысна глядзець відэа, блогеры дадаюць тлумачэнні фізічных ці хімічных з’яў, якія ілюструюцца эксперыментамі. Галоўная задача — раскрыць складаныя паняцці максімальна проста: не забывайце, што глядзяць відэа дашкольнікі!

— Тлумачым фокусы, прыдумваем гульні, канструюем свае цацкі. Усё, каб здзівіць дзіця і зацікавіць навукай, — падсумоўвае Таццяна.

Зорная хвіліна Instagram-дуэта наступіла ў дзень нараджэння Мацвея. Хлопчык тады вучыўся ў 1 класе і вельмі хацеў паказаць эксперыменты сябрам па гімназіі, таму запрасіў маму на ўрок.

— Мы вельмі доўга рыхтаваліся: прыдумалі 10 простых фокусаў, якія лёгка паказаць. Але рэквізіту ўсё роўна набралася 2 скрыні! — з усмешкай расказвае Таццяна. — Сын паказваў, а я тлумачыла. Звычайна ўвага ў дзяцей рассейваецца хутка, але дзякуючы такому відовішчу, вучні слухалі ўважліва.

Галоўны камплімент Мацвей пачуў праз некаторы час на ўроку “Чалавек і свет”, прысвечаным паветру: дзеці ўзгадалі яго эксперымент з паветраным шарыкам, які выдатна падыходзіў да тэмы ўрока. Значыць, сваю “магію” ён прынёс у школу не дарма!

Сёння аднакласнікі Мацвея ведаюць пра канал, многія глядзяць відэа разам з бацькамі, і Таццяна часта гутарыць з імі ў каментарыях. Падтрымлівае захапленне сям’і і настаўніца Наталля Аляксандраўна Чарнова. Яе Мацвей вельмі любіць за сучаснасць. Напрыклад, на развітанне ў канцы навучальнага года яна разам з бацькамі прапанавала класу тэматычнае свята ў стылі сацыяльных сетак. У якой яшчэ школе вы пабачыце дзіця з таблічкай “Хайп”?

Шлях да падпісчыкаў

Калі вы вырашылі завесці свой папулярызатарскі Instagram-акаўнт, будзьце гатовы не толькі да паклоннікаў і “падабаек”.

— Галоўная парада: загадзя ўпэўніцца, што тэма вам цікавая, таму што працаваць прыйдзецца шмат і доўга. Як мінімум, гэта работа павінна прыносіць радасць самому аўтару, — раіць Таццяна.

Хаця Таццяна і Мацвей любяць эксперыментаваць, але адпачыць ад акаўнта хочацца часта. Таццяна некалькі разоў хацела спыніцца, арганізоўвала сабе “вакацыі” — 3 тыдні без тэлефона! І ўсё роўна вярталася адказваць на шматлікія каментарыі падпісчыкаў.

— Людзям патрэбна пісаць штодзень. Калі на YouTube ролік могуць глядзець некалькі дзён, то ў Instagram новае фота ці відэа патрэбна дадаваць штодня, яно вельмі хутка губляе актуальнасць!

Бывае, блог надакучвае і Мацвею: тады мама рыхтуе эксперыменты разам з сынам, але здымае ўжо адна. І жартам пагражае перайменаваць акаўнт у tatiana.life — паказвае сыну: любы вынік — што ў блогінгу, што ў жыцці — патрабуе пастаянства.

Яшчэ адзін важны аспект — якасць відэа. У Instagram не абавязкова выкладваць здымкі, знятыя на прафесіянальную тэхніку, нашы героі карыстаюцца звычайным смартфонам з добрай камерай. Зусім нядаўна набылі асвятляльны прыбор, але доўга абыходзіліся звычайным дзённым святлом.

— Да гэтага нашым адзіным выдаткам была жоўтая тканіна, якую я спачатку вешала ледзь не на сцяну ў сваім кабінеце, — смяецца Таццяна. — А цяпер муж прыдумаў для яе спецыяльную перакладзіну. Ды яшчэ белая цырата на стол, замест якой зараз кавалак светлай фанеры.

Неяк жоўтую тканіну замянілі на нейтральны фон — і абурэнню падпісчыкаў не было меж! Аказалася, яркі колер даўно стаў фірменнай дэталлю, па якой падпісчыкі пазнавалі эксперыменты ў стракатай стужцы навін. Прыйшлося тэрмінова вярнуць жоўты фон!

Праз паўгода штодзённай работы Таццяну і Мацвея заўважыла адміністрацыя сацыяльнай сеткі. Ім паведамілі, што Instagram стварае тэматычныя падборкі з лепшымі акаўнтамі, у адну з іх — “Навуковыя эскперыменты” — трапілі і нашы героі. Цяпер паглядзець іх запісы рэкамендавалі людзям з усяго свету.

— Наш рэкорд — 18 млн праглядаў! У гэты час кожнае відэа глядзела ад 1,5 да 10—15 млн чалавек, — называе лічбы Таццяна. — Уявіце сабе: мы маглі выкласці адзін ролік — і атрымаць 1000 новых падпісчыкаў! Блог рос вельмі хутка.

Аўтарам прыйшлося пайсці насустрач новай аўдыторыі. Тэксты пад кожным пастом Таццяна стала перакладаць на англійскую мову, каб патлумачыць эксперыменты карыстальнікам з іншых краін.

А калі падпісчыкаў стала больш за 50 тысяч, Таццяна стала рэкламаваць канал, каб сабраць больш зацікаўленых. Сёння блог mateo.life — гэта не толькі хобі, але і — зусім крыху — месца працы. Аказалася, рэкламадаўцы гатовы падтрымліваць удалыя адукацыйныя праекты. Галоўнае, падкрэслівае Таццяна, не перастарацца з аб’явамі і на першае месца ставіць свой навуковы інтарэс і павагу да падпісчыкаў.

Выхаваўчы інструмент

Настаўніка, канечне, найперш цікавіць педагагічны эфект такога інструмента. Адказваем: працуе, карыстайцеся!

— Мне хацелася данесці да сына галоўны пасыл: ва ўсім можна, калі хочаш, разабрацца. У жыцці шмат цікавага, патрэбна ўсё паспрабаваць, — гаворыць Таццяна. — У яго прачнулася цікаўнасць. Ён прыводзіць дадому гасцей і ведае, чым іх заняць.

Таццяна лічыць, што блог падтрымлівае і самаацэнку Мацвея. Хлопчык адчувае сябе “ў тэме” — і яму прасцей будаваць стасункі з аднагодкамі. Наўрад ці Мацвею ў дарослым жыцці будзе страшна выступаць перад вялікай аўдыторыяй ці прасоўваць свае ідэі ў кабінеце кіраўніцтва пасля таго, як ён выступаў для 50 тысяч чалавек.

Як і заўсёды, калі гутарым пра сацыяльныя сеткі, зробім важную агаворку: Instagram не займае галоўнае месца ў жыцці школьніка. Мацвей наведвае басейн і вучыцца робататэхніцы, гуляе на вуліцы і мае шмат сяброў афлайн. А блог — гэта проста адзін з інструментаў, які выкарыстоўвае яго маці ў выхаванні.

— Мы дазваляем Мацвею праводзіць с тэлефонам не больш за гадзіну ў дзень, — расказвае Таццяна. — Ён фантазёр, вельмі ўзбуджальны хлопчык, таму шмат забаўляцца не дазваляем. Звычайна ён глядзіць ролікі і гутарыць з сябрамі.

Забараняць дзецям тэхніку бессэнсоўна: час бярэ сваё. А вось кантраляваць карыстанне ёй абавязкова, калі вы жадаеце вырасціць збалансаваную і развітую асобу. А яшчэ — калі самі жадаеце цікавага жыцця, бо вучыць іншых — лепшы спосаб навучыцца самому.

— Я даведалася пра сябе шмат новага. Аказалася, я шмат магу! — падсумоўвае Таццяна. — Цяпер у мяне многа знаёмых мам, з якімі карысна пагутарыць, і цікавы занятак! Будзем працягваць свой блог, пакуль ён прыносіць радасць нам самім.

А калі акаўнт запаліў інтарэс да навукі яшчэ хаця б у некалькіх дзяцей, то нашы героі ўжо зрабілі вялікую справу. І хто сказаў, што вы не зможаце яе паўтарыць? Хто, калі не настаўнік, зможа прыйсці “на тэрыторыю” дзяцей, знайсці з імі агульную мову і захапіць карыснай справай? Таму шукайце сваю тэму, далучайце дзяцей і вучняў — і прасоўвайце навуку ў інтэрнэце! І не забудзьце выбраць “брэндавы” колер!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва герояў.

Эксперымент за 5 мінут:

Тлумачэнне:

Батарэйка прымушае зараджаныя часціцы ў дроце рухацца, а дзякуючы магнітнаму полю, рух ідзе па крузе. На жаль, такі рухавік не вечны: дрот спыніцца, калі “сядзе” батарэйка.

Нам спатрэбіцца звычайная батарэйка АА, некалькі неадымавых магнітаў (яны ёсць, напрыклад, у цвёрдых дысках і мэблевых зашчапках), а таксама медны дрот.

З дроту патрэбна зрабіць вось такую фігуру.

І надзець яе на батарэйку і магніт.

Засталося толькі дзівіцца руху, што адбываецца быццам бы сам па сабе.