Маўленчае дыханне ў дзяцей з заіканнем

Сярод дзяцей дашкольнага ўзросту з рознымі парушэннямі маўлення ўсё больш дзяцей з заіканнем. На гэта ўплывае мноства фактараў: нервовасць, невыкананне рэжымных момантаў, спалох, вельмі актыўная маўленчая дзейнасць і іншае. Заіканне ўяўляе сабой адно з найбольш распаўсюджаных і складаных маўленчых парушэнняў.

Фота да матэрыялу: Маўленчае дыханне ў дзяцей з заіканнем.Заіканне ўзнікае ў дзяцей у перыяд найбольш актыўнага фарміравання іх маўлення і асобы і ў далейшым нярэдка прыводзіць да фарміравання неўратычных рыс характару. Таму ліквідаванне гэтага маўленчага парушэння з моманту яго з’яўлення мае вялікае значэнне. Галоўным і асноўным этапам у карэкцыйнай рабоце з’яўляецца работа над маўленчым дыханнем. Існуе мноства розных відаў дыхальных практыкаванняў. Педагогу неабходна падабраць спецыяльны комплекс дыхальных заданняў і практыкаванняў для дзяцей з заіканнем, які спрыяе навучанню правільнаму маўленчаму дыханню і фарміраванню навыкаў правільнага маўленчага выдыху, а таксама стварае добрыя ўмовы для пераадолення гэтай маўленчай паталогіі.

Вельмі важнай умовай правільнага маўлення з’яўляецца плаўны працяглы выдых, дакладная і ненапружаная артыкуляцыя. У дзяцей з заіканнем пры эмацыянальным узбуджэнні дыханне і выразнасць маўлення парушаны. Дыханне павярхоўнае, арытмічнае. Правільнае маўленчае дыханне, дакладная ненапружаная артыкуляцыя з’яўляюцца асновай для гучання голасу, а любое парушэнне прыводзіць да фарсіраванасці і няўстойлівасці голасу. Маўленчае дыханне — у многім кіруемы працэс. Колькасць паветра, якое ўдыхаецца, і сіла выдыху залежаць ад волі чалавека, ад сэнсу і накіраванасці выказвання. Маўленчы аспект лагапедычных заняткаў уключае рэгуляцыю і каардынацыю дыхальнай, галасавой і артыкуляцыйнай функцый, выхаванне правільнага маўлення.

Работа па фарміраванні маўленчага дыхання ўключае ў сябе тры этапы:

1 этап. Пашырэнне фізіялагічных магчымасцей дыхальнага апарату (пастаноўка дыяфрагмальна-рэбернага дыхання).

2 этап. Фарміраванне працяглага фанацыйнага выдыху.

3 этап. Фарміраванне маўленчага выдыху.

Навучанне дыяфрагмальнаму дыханню павінна быць арганізавана так, каб дзіця не канцэнтравала ўвагу на працэсе ўдыху і выдыху, а магло адвольна зрабіць больш глыбокі ўдых і працяглы выдых. Удых робіцца і носам, і ротам. Удых пры гэтым кароткі, а выдых плаўны, працяглы. На індывідуальных і падгрупавых занятках падбіраюцца дыхальныя практыкаванні і заданні да лексічных тэм, што добра дзейнічае на запамінанне матэрыялу і не канцэнтруе ўвагу дзіцяці на працэсе ўдыху і выдыху. Заданні спецыяльна падабраны пад лексічную тэму, якая вывучаецца: “Восень”, “Кветкі”, “Дрэвы”, “Зіма”, “Насякомыя”, “Жывёлы”, “Транспарт”, “Посуд”, “Сад, агарод”, “Птушкі”.

На другім этапе — развіццё працяглага фанацыйнага выдыху — работа пачынаецца з развіцця правільных узаемаадносін паміж дыханнем, голасам і артыкуляцыяй. Каб дзіця не канцэнтравала сваю ўвагу на працэсе ўдыху, інструкцыя тычыцца толькі выдыху, непасрэдна працягласці вымаўлення. У кожным практыкаванні ўвага дзяцей накіроўваецца на спакойны ненапружаны выдых, на працягласць і гучнасць гукаў, што вымаўляюцца. Практыкаванні на трэніроўку фанацыйнага выдыху пачынаюцца з вымаўлення галосных. Пачынаецца работа з аднаго галоснага. Гук задаецца дзецям з дапамогай графічных сімвалаў: вялікі чырвоны круг — гук [а], маленькі чырвоны круг — гук [у], чырвоны авал — гук [о], чырвоны прамавугольнік — гук [і], чырвоны паўкруг — гук [э]. Настаўнік-дэфектолаг, падымаючы руку, дае сігнал да набору паветра, апускаючы руку — сігналізуе пра выдых. На гэтым этапе выкарыстоўваюцца розныя практыкаванні на працягласць выдыху, практыкаванні на развіццё сілы голасу.

Пасля работы над адным гукам дзецям прапануюць вымавіць разам спалучэнне двух галосных гукаў на выдыху. Паступова колькасць гукаў, якія вымаўляюцца на адным выдыху, павялічваецца. Гэты этап можна праводзіць у перыяд маўчання ці ахавальнага маўленчага рэжыму. Акрамя слыхавога кантролю, працягласць фанацыйнага выдыху можна кантраляваць плаўным рухам рукі. Зрокавы кантроль ажыццяўляецца з дапамогай графічных сімвалаў. Эфектыўнымі на гэтым этапе з’яўляюцца практыкаванні з выкананнем выдыху са спяваннем рада галосных гукаў з рознай інтанацыйнай афарбоўкай, напрыклад, з пытальнай інтанацыяй рад галосных [а],[о],[у]. Потым той жа рад галосных — з інтанацыяй здзіўлення, радасці, жальбы.

На трэцім этапе — фарміраванне маўленчага выдыху — у практыкаванні ўводзяцца склады, словы, фразы. Пры спяванні выкарыстоўваецца дыханне: мы вучым дзяцей браць дыханне, эканомна расходаваць яго, каб хапіла на ўсю фразу. Спяванне — гэта самы прыемны спосаб навучання. Пачынаецца работа з праспявання розных складоў. Трэба заўважыць, што гукі павінны добра вымаўляцца дзіцем. На ўдыху ўвага не фіксуецца, напяваем склады на выдыху. Склады выкарыстоўваюцца такія, якія будуць уваходзіць у словы лексічнай тэмы, якая вывучаецца. Практыкаванні выконваць пажадана стоячы, рэкамендавана ўключаць пахістванні тулава, што спрыяе расслабленню арганізма і рытмічнасці складовай запеўкі.

Навыкі, звязаныя з развіццём маўленчага выдыху, развіваюцца з рознай хуткасцю пры неўратычнай і неўрозападобнай формах заікання. Так, у дзяцей з неўратычнай формай маўленчай паталогіі хутка аднаўляюцца каардынацыя паміж механізмам дыхання і фанацыі. Нягледзячы на знешнюю лёгкасць, з якой яны засвойваюць увесь набор практыкаванняў, што прапануюцца, неабходна захоўваць строгую паслядоўнасць давання гэтых заданняў і працягласць трэніровак. Пры неўрозападобным заіканні адносіны паміж работай галасавога апарату і дыханнем фарміруюцца з цяжкасцю. Пры засваенні новых навыкаў неабходна не толькі тлумачэнне, але і шматразовы паказ, падключэнне розных відаў кантролю (слыхавы, візуальны, кінестэтычны). Трэніроўка павінна быць сістэматычнай, працяглай і ўключацца ва ўсе віды заняткаў, якія праводзяцца з дашкольнікамі, што заікаюцца.

Найбольш добрай з’яўляецца групавая форма работы. Гэтая форма развівае ў дзяцей здольнасць працаваць у камандзе, асабліва калі яны дзеляцца адно з адным сваімі ўменнямі, поспехамі. Гэта стварае аснову для будучай работы ў калектыве, прымушае слухаць адно аднаго, вучыцца адно ў аднаго, паважаць меркаванне іншых. Менавіта ў калектыве ствараюцца ўмовы для натуральнага развіцця і перавыхавання камунікатыўнай функцыі маўлення. Усе тры этапы дыхальных практыкаванняў прасочваюцца на кожных занятках. Усе заданні і практыкаванні падбіраюцца пад лексічную тэму, якая вывучаецца, комплекс дыхальных практыкаванняў падаецца ў гульнявой форме, таму працэс навучання становіцца захапляючым. Навучанне маўленчаму дыханню адбываецца не толькі на занятках, але і дома, у дзіцячай установе. Кансультатыўна-метадычная работа з бацькамі і педагогамі накіравана на забеспячэнне добрых умоў уздзеяння на дзіця, якое заікаецца; стварэнне правільных адносін да яго дома і ў дзіцячай установе; арганізацыю неабходнай самастойнай работы дзіцяці па-за лагапедычнымі заняткамі.

Дзякуючы выкарыстанню комплексу практыкаванняў, навучанне правільнаму маўленчаму дыханню, карэкцыйны працэс ідзе больш інтэнсіўна і цікава. Значна палепшыліся паказчыкі развіцця плаўнага маўлення ў дашкольнікаў. Скараціўся час дыхальных трэніровак. Дашкольнікі, якія рэгулярна выконваюць дыхальныя практыкаванні, радзей хварэюць на прастудныя захворванні.

Поспех карэкцыйнага працэсу залежыць ад наступных фактараў: рэгулярнае наведванне карэкцыйна-развіццёвых заняткаў, удзел бацькоў у адукацыйным працэсе, выкананне рэкамендацый педагога, спакойная атмасфера дома і ў адукацыйнай установе.

Нядобрымі ўмовамі карэкцыйнага працэсу з’яўляюцца: загружанасць дзяцей рознымі гурткамі, невыкананне рэжымных момантаў, нерэгулярнае наведванне заняткаў, ігнараванне рэкамендацый педагога.

Прапанаваны комплекс дыхальных практыкаванняў можа быць выкарыстаны выхавальнікамі дашкольных устаноў, настаўнікамі-дэфектолагамі. Элементы з комплексу могуць быць карысныя музычным кіраўнікам, псіхолагам, інструктарам па фізічным выхаванні. Правільнае дыханне паляпшае цыркуляцыю крыві, што спрыяе моцнаму здароўю нашых дзяцей.

Таццяна МІХНІЦКАЯ-ЮШКЕВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг Рэчыцкага раённага ЦКРНіР.