Маўленчыя размінкі

- 10:31Навіны рэгіёнаў

На ўроках літаратурнага чытання шырока выкарыстоўваю маўленчыя размінкі, накіраваныя на актывізацыю органаў маўлення. Гэтыя практыкаванні вучаць дзяцей правільнаму дыханню, артыкуляцыі, прагаворванню і вымаўленню гукаў, складоў, слоў і выразаў, развіваюць увагу, выразнасць маўлення, адзіны тэмп чытання, абагачаюць слоўнікавы запас… Праводжу іх у пачатку і сярэдзіне ўрока падчас фізкультхвілінкі. Маўленчыя размінкі дазваляюць настроіцца на ўрок, падрыхтаваць маўленчы апарат да гаварэння.

У рабоце абавязкова ўлічваю спецыфічныя магчымасці маўленчага развіцця асобных вучняў і класа ў цэлым. Так, маўленчыя размінкі дапамагаюць адным выпраўляць недахопы маўлення, другім — не губляць раней набытыя навыкі, а ўсім — падрыхтаваць маўленчы апарат да гаварэння. 

Маўленчую размінку пачынаю з дыхальнай гімнастыкі, бо правільнае дыханне — аснова маўлення. Дзеці павінны расходаваць паветра эканомна і раўнамерна, своечасова і незаўважна папаўняць яго запас на паўзах. Правільнае дыханне — гэта дыханне без напружання, глыбокае, частае (але не пачашчанае), незаўважнае і аўтаматычна падпарадкаванае волі чытальніка. 

Кожнае практыкаванне адпрацоўваю столькі разоў, колькі неабходна для дакладнага выканання ўсімі дзецьмі. Пры гэтым абавязкова тлумачу ім, навошта вучыцца дыхаць гарманічна. 

Навык валодання дыханнем і голасам фармірую з дапамогай практыкавання “Спаборніцтва”. Пасля глыбокага ўдыху вучні як мага дольш вядуць лічэнне на выдыху: “На пригорке возле горки стоят 33 Егорки: раз Егорка, два Егорка, три Егорка…”

Падчас практыкавання “Дзьмухавец” прапаную дзецям уявіць, што яны трымаюць у руках дзьмухавец, выцягнуць губы і падзьмуць на ўяўную кветку: злёгку, мацней, яшчэ мацней. 

Падчас практыкавання “У кветкавым магазіне” вучні ўяўляюць, што прыйшлі ў магазін кветак і адчулі цудоўны пах раслін. Дзеці робяць шумны ўдых носам і выдых (2—3 разы).

Падчас практыкаванняў сачу не толькі за тым, каб вучні не ўзнімалі плечы, але і каб не перабіралі дыханне. Яго перабор цягне рэзкі выдых: голас гучыць адрывіста, фарсіравана. Неабходна таксама пазбягаць вялікіх затрымак дыхання. 

Вымаўленне большасці гукаў рускай мовы патрабуе накіраванага паветранага струменя, выпрацоўка якога праводзіцца адначасова з артыкуляцыйнай гімнастыкай, паколькі ў фарміраванні паветранага струменя актыўна ўдзельнічаюць шчокі, губы, язык.  

Для таго каб гукавымаўленне было чыстым, патрэбны моцныя, пругкія і рухавыя органы маўлення: язык, губы, мяккае паднябенне. Паколькі ўсе маўленчыя органы складаюцца з мышцаў, то яны паддаюцца трэніроўцы. Дакладнасць і сіла рухаў гэтых органаў развіваюцца паступова падчас маўленчай дзейнасці. Артыкуляцыйная гімнастыка выпрацоўвае паўнацэнныя рухі і пэўныя становішчы органаў артыкуляцыйнага апарату, неабходныя для правільнага вымаўлення гукаў.

Спачатку прапаную вучням выканаць практыкаванні ў павольным тэмпе перад індывідуальным люстэркам (для зрокавага кантролю). Пасля таго як дзеці навучацца выконваць пэўны рух, люстэрка можна прыбраць. Функцыі кантролю возьмуць на сябе ўласныя адчуванні. 

Адбіраючы практыкаванні для артыкуляцыйнай гімнастыкі, іду ад простага да больш складанага. Праводжу іх эмацыянальна, у гульнявой форме. Так, падчас гульні “Кабылка” дзеці вучацца цокаць. У гульні “Балбатушка” ўяўляюць, што сустрэліся сяброўкі, якія не могуць нагаварыцца (хутка-хутка высоўваюць язык з рота, вымаўляючы любы гук). Падчас гульні “Смачнае варэнне” дзеці ўяўляюць, што іх губы перапэцкаліся варэннем (злізваюць яго з губ).  

Наступны этап — адпрацоўка дыкцыі падчас маўленчых размінак. Уменне выразна выгаворваць гукі і іх спалучэнні выпрацоўваецца ў рабоце над скорагаворкамі. Гэта найбольш эфектыўны прыём удасканалення дыкцыі, развіцця артыкуляцыйнага апарату і тэмбру голасу. 

Работу над скорагаворкай пачынаю з разбору яе сэнсу: “Для чаго яна вымаўляецца?”, “Пра што ў ёй гаворыцца?”. Затым дзеці павольна прагаворваюць словы скорагаворкі. Калі чую, што вучні правільна асвоілі ўсе гукі ў словах, павялічваю тэмп прагаворвання. Работу над скорагаворкай лічу завершанай толькі тады, калі ў хуткім тэмпе ўсе словы дакладна прагаворваюцца і не парушаецца структура скорагаворкі. 

Адбіраючы скорагаворкі, прытрымліваюся пэўных правіл. Так, выбіраю скорагаворкі з гукамі і іх спалучэннямі, вымаўленне якіх выклікае цяжкасці ў дзяцей. Улічваю іх узрост і ступень падрыхтаванасці класа. 

Пачынаю з лёгкіх скорагаворак кшталту “Сани у Сони”, “Пили, пила, пока остра”. Далей тэксты ўскладняюцца: “У Кондрата куртка коротковата”, “Купила бабуся бусы Марусе”, “Водовоз вёз воду из-под водопада”, “Говори, говори, да не заговаривайся” і інш. 

Для падтрымання цікавасці да работы над скорагаворкамі звяртаюся да гульняў-прыёмаў: “Ціха — гучна” (вымаўляем ціха, з умеранай гучнасцю і гучна), “Лесвіца” (аслабленне і ўзмацненне голасу адбываецца паступова), “Кубік эмоцый” (вымаўленне з розным інтанацыйным падтэкстам: радасна, сумна, здзіўлена, усхвалявана, з крыўдай, злосцю, страхам), “Скажы з рознай інтанацыяй” (з апавядальнай, пытальнай, пабуджальнай), “Скажы, як…” (мядзведзь, заяц, ліса), “Рэха” (вучні адно за адным вымаўляюць за настаўнікам паасобку кожнае слова скорагаворкі цішэй і цішэй), “Хлопчыкі — дзяўчынкі” (спаборнічаюць, чыя каманда больш якасна вымавіць скорагаворкі), “Скорагаворны снежны камяк” (адзін вучань гаворыць першае слова скорагаворкі, другі — першае і другое, трэці — першае, другое і трэцяе), “Лепшы скорагаварун”.

Выкарыстоўваю ў рабоце і чыстагаворкі. Шматразовае паўтарэнне гукаў дапамагае зрокава ўявіць рухі герояў, пачуць шолахі, свіст, піск, трэск… Дзеці прагаворваюць чыстагаворкі па чарзе і разам, з рознай эмацыянальнай афарбоўкай голасу, ад імя казачных герояў, з выкарыстаннем мяча. Напрыклад: “Шепчет кошке петушок: “Видишь пышный гребешок?” Шепчет кошка петушку: “Шаг шагнёшь — и откушу”. Заданні: “Які гук паўтараецца найчасцей?”, “Чаму?”, “Давайце разаб’ём тэкст на партыі — пеўніка (1 рад) і кошкі (2 рад)”. 

Дзеці з задавальненнем працуюць над творамі з гукавым рэфрэнам пад дырыжыраванне настаўніка: “Листья, слышите, шуршат? Ш-ш-ш-ш… Листья словно говорят: “Ш-ш-ш-ш…” Ветер дунул, мы шумим: “Ш-ш-ш-ш…” Сорвались и вниз летим: “Ш- ш-ш-ш…”

Гульня “Дабаўлялкі”. Вучні хорам чытаюць склады, а затым сачыняюць працяг радкоў, каб атрымалася рыфма: “Со-со-со — покатилось колесо”, “Ща-ща-ща — были дома у леща”, “Ра-ра-ра — заниматься нам пора”, “Ра-ра-ра — начинается игра” і інш.

Гульня “Гуляем з гукам”: “Самолёты взлетают: у-у-у. Машины едут: ж-ж-ж. Лошадки поскакали: цок-цок-цок”.

Як толькі дзеці азнаёмяцца з некалькімі гукамі і літарамі, пачнуць вучыцца чытаць па складах, пачынаю работу з артыкуляцыяй галосных, зычных і іх спалучэнняў. Выкарыстоўваю прыём “Складавічкі”, які развівае артыкуляцыйны апарат і папярэджвае памылкі пры чытанні: “Гра, гре, гри, гро, гру, гры, гра, вче, вчу”, “Стра, ство, стро, взре, вдру, вдры, взба, взбе” і інш. 

Сістэматычнае выкарыстанне гэтых практыкаванняў дазволіла палепшыць навык чытання ў вучняў і павысіць іх паспяховасць па ўсіх прадметах. 

Ала ІВАНЮК,
настаўніца пачатковых класаў Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна.