Маўленне на кончыках пальцаў

- 15:55Дашкольная адукацыя

Маўленчыя парушэнні ў дзяцей узнікаюць у раннім узросце, таму важна іх своечасова выяўляць і выпраўляць, у першую чаргу развіваючы дробную маторыку пальцаў рук. Гэта спрыяе фарміраванню маўлення, дапамагае дзіцяці падрыхтавацца да школы, у прыватнасці рыхтуе руку да пісьма, аказвае станоўчае ўздзеянне на арганізм у цэлым.

Узровень развіцця дзяцей знаходзіцца ў прамой залежнасці ад ступені сфарміраванасці магчымасцей тонкіх рухаў пальцаў рук. Развіццё дробнай маторыкі — адзін з паказчыкаў інтэлектуальнай гатоўнасці да навучання ў школе. Дзіця, у якога дастаткова добра развіта дробная маторыка, умее лагічна разважаць, у яго высокі ўзровень развіцця памяці і ўвагі, звязнае маўленне. Развіццё тонкіх рухаў кісцей і пальцаў рук з’яўляецца адным з паказчыкаў псіхічнай сфарміраванасці дзіцяці. Калі развіццё рухаў пальцаў адпавядае ўзросту, то і маўленчае развіццё знаходзіцца ў межах нормы. Калі ж развіццё рухаў пальцаў адстае, то затрымліваецца і маўленчае развіццё.

Неабходна распрацаваць сістэму работы па развіцці маўлення дзяцей, падабраць эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі. Гэта могуць быць пальчыкавыя гульні і гімнастыка, практыкаванні з крупамі, зернебабовымі, семкамі (аплікацыя, выкладванне на пластыліне, маляванне), гульні з гузікамі (зашпільваць-расшпільваць, выкладваць арнамент, нанізваць і інш.), заняткі з лічыльнымі палачкамі, запалкамі (выкананне заданняў па схеме і без яе), работа з паперай (аплікацыя, скамечванне і выраўноўванне папяровых камячкоў, намотванне на іх нітак, работа з трафарэтамі), практыкаванні ў сшытках у клетачку (штрыхоўка, графічныя дыктоўкі), работа з дробна нарэзанай ніткай (аплікацыя), ніткаграфія, дыдактычныя гульні і практыкаванні.

Паспяховаму выкананню заданняў спрыяе стварэнне гульнявых сітуацый. Гуляючы, дзеці фантазіруюць, малююць казачных герояў на каляровым пяску, на дробных крупах пальчыкам і палачкай, абводзяць пальцам дарожкі, вырабленыя з наждачнай паперы або футра, канструююць, выкладваюць узоры з палачак, нітак, пладоў, мазаікі. Гэта могуць быць гульні з дадатковымі матэрыяламі: прышчэпкамі, вяровачкамі, мячамі, шарыкамі, арэхамі, сашчэпкамі, валікамі, ніткамі і інш.

Мэтанакіраваная, сістэматычная і планамерная работа па развіцці дробнай маторыкі рук у дзяцей дашкольнага ўзросту спрыяе захаванню іх фізічнага і псіхічнага здароўя.

Святлана ДАЛІНІНА,
выхавальніца ДЦРД № 2 Магілёва.