“Мая беларуская кніга”: тое, дзеля чаго варта жыць…

Днямі ў выдавецтве “Папуры” пабачыла свет унікальная выдавецкая серыя “Мая беларуская кніга” — 26 тамоў беларускіх класічных кніг, так бы мовіць, абавязковых для чытання кожным беларусам. Неардынарная і карысная ініцыятыва! Але гэты праект унікальны не толькі гэтым. А яшчэ і тым, што тамы гэтыя будуць распаўсюджвацца не толькі ў кнігарнях і па інтэрнэце, але і ў… супермаркетах. Вось уявіце: чалавек прыходзіць у супермаркет, купляе сабе розныя там хлябы-батоны, каўбасу, малако, яйкі, агуркі, словам, напаўняе свой клунак па поўнай. А потым, падыходзячы да касы, бачыць на прылаўку: побач з Брэдам Пітам у якімсьці гламурным часопісе — Янка Купала, побач з Джорджам Клуні — Якуб Колас, побач з Анджалінай Джалі — наша Цётка… Ён здзівіцца. Прыгледзіцца. Магчыма, яшчэ і яшчэ раз азірнецца… А потым загадае сабе: “Купі! Не Брэда Піта, а Янку Купалу!” Брэд Піт ад гэтага не прайграе. А наш Янка выйграе. А яшчэ больш выйграе той, хто яго прачытае.
Сёння гутарым з ініцыятарам праекта, адным з распрацоўшчыкаў серыі “Мая беларуская кніга”, вядомым пісьменнікам, выдаўцом Уладзімірам Сіўчыкавым.

— Уладзімір Мікалаевіч, у свой час у часопісе “Бярозка” я пачаў весці рубрыку “Мая настольная кніга”, і вёў яе амаль два гады… У мяне, шчыра вам прызнаюся, былі свае амбіцыі і свае памкненні: расказаць юнакам і дзяўчатам пра тыя кнігі, якія “зрабілі” мяне. І першай кнігай у маёй рубрыцы была “Над безданню ў жыце” Джэрома Дэвіда Сэлінджэра. Што рухала вамі, калі вы ініцыіравалі ваш праект “Мая беларуская кніга”?
— Дзякуй за прыемную згадку, бо і я аддаў гэтаму часопісу для падлеткаў сем гадоў працы. А што да “Маёй беларускай кнігі”, то гэта, безумоўна, неардынарная серыя беларускай кніжнай класікі. Гэта — тое, дзеля чаго варта жыць. Раней разам з выдавецтвам “Папуры” мне ўдалося выпусціць не адну вартую кнігу, а “Мая беларуская кніга”— лагічны працяг тых намаганняў.

— Што такое, у вашым разуменні, ідэальная беларуская кніга? Або такіх наогул няма?
— Першая была тая, што сышла са Скарынаўскага варштата амаль пяцьсот гадоў назад. Астатнія ідэальныя — яшчэ наперадзе.

— “Мая беларуская кніга”… Назва, безумоўна, адметная. Але, даруйце за такое “касмапалітычнае” пытанне: “маёй” для беларуса павінна быць абавязкова беларуская кніга?
— Заўважу, што ў нашай серыі ёсць кнігі з “двайным грамадзянствам”: “Авантуры майго жыцця” Саламеі Пільштыновай і “Шляхціц Завальня…” Яна Баршчэўскага перакладзены з польскай мовы, “Зельманцы” Майсея Кульбака — з ідыш, а ў томе “Пярсцёнак” Максіма Багдановіча можна знайсці некалькі арыгінальных рускамоўных твораў. А, безумоўна, хацелася б, каб у прыватных бібліятэках беларусаў стаялі і былі запатрабаваны тамы нашых класікаў.

— Вас не турбуе такі момант? Чалавек прыходзіць у супермаркет, купляе розную ежу, а потым раптам “натыкаецца” на “Маю беларускую кнігу”… Ён павінен “натыкацца” ці павінен быць да гэтага падрыхтаваны?
— Найперш кнігі серыі будуць распаўсюджвацца праз кнігарні “Белкнігі”, а інтэрнэт, супермаркеты будуць нечаканым, а каму і прыемным дадаткам. Гэтакім бонусам, якога раней не мелі беларускія кнігі.

— А наогул, якія вашы прагнозы наконт суседства Анджаліны Джалі, Брэда Піта, Джуда Лоу і іншых кіназорак на вокладках гламурных часопісаў і Васіля Быкава на адным прылаўку? Гэта павінна шакіраваць, забаўляць, зацікаўліваць?
— Калі вы звернеце ўвагу на сістэму раскладкі тавару ў супермаркетах, то ўбачыце, што спачатку пакупніка чакае друкаваная прадукцыя. Вось мы і прапануем “спажытак духоўны” як першасны, а рэакцыя спажыўца можа быць ад захопленай да абыякавай.

— Калі ласка, агучце некалькі красамоўных лічбаў, якія характарызуюць новую серыю.
— Асабіста я не магу прыгадаць выпадку, каб на рынку адначасова з’явіліся — ні многа ні мала — ажно 26 тамоў! Тыражы аддрукаваны ў Беларускім доме друку сумарнай колькасцю больш за 60 тысяч экзэмпляраў. Тыраж кожнага тома вагаецца ад 1500 да 2500 экзэмпляраў. Кошт, па сённяшніх мерках, вельмі прывабны — 55 тысяч рублёў.

— Як жа вымалёўваўся гэты амбіцыйны праект паводле імёнаў і найменняў?
— На пачатку мінулага года сябры рэдакцыйнай рады гэтай серыі, а гэта вядомыя пісьменнікі, літаратуразнаўцы, крытыкі і педагогі, паасобна склалі праекты па 25—30 пазіцый. Потым сабраліся разам, і ў выніку даволі гарачых дэбатаў выкрышталізавалі агульны спіс. Гэта зрэз беларускай літаратуры ад легенд, паданняў і казак, хрэстаматыйных і малавядомых твораў класікаў да прац нашых сучаснікаў.

— Гэты спіс быў ад самага пачатку і да канца непарушны?
— Не, жыццё ўносіла свае карэктывы. Адным з асноўных крытэрыяў было тое, што ў наш спіс трапілі толькі тыя творцы, якія пайшлі ўжо ў лепшы свет. На вялікі жаль, летась адышоў і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, і мы не маглі не дадаць том яго паэзіі пад назвай “Тастамент”, які і стаў пакуль што апошнім.

— Вы згадвалі пра казкі, легенды, паданні…
— Так. Несумненна, што і ў іх былі свае аўтары, але засталіся безыменнымі. Адметнасцю нашага “фальклорнага” тома пад назвай “Сіняя Світа” сталася тое, што ўключаны ў яго даволі значны раздзел легендарных казак, а многія тэксты, запісаныя ў свой час Аляксандрам Сержпутоўскім, іншымі этнографамі і фалькларыстамі, апрацавалі, пераказалі Лявон Баршчэўскі, Хрысціна Лялько, Уладзімір Ягоўдзік і іншыя пісьменнікі.

— Якія яшчэ творы з даўно мінулых часоў зможа прачытаць беларускі чытач?
— З прыемнасцю назаву творы, пра якія ўжо згадваў: мемуары “Авантуры майго жыцця” Саламеі Пільштыновай, якія чытаюцца як захапляльны прыгодніцкі раман, а таксама найвыдатнейшую рэч Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, пераклад якіх з польскай мовы выходзіць у абноўленай рэдакцыі перакладчыка Міколы Хаўстовіча.

— Ці ведалі вы пра нейкія аналагічныя прыклады такіх праектаў, як “Мая беларуская кніга”, у іншых краінах? Магчыма, пра “Маю шведскую кнігу” ці “Маю англійскую кнігу”? Або гэта выключна беларускі праект, зважаючы на тое, што з беларускай кнігай у нас справы не вельмі радасныя?
— І брытанцы, і шведы займаюць перадавыя пазіцыі як па прапагандзе сваёй культуры і літаратуры, так і па перакладах на свае мовы сусветнай класікі. У Швецыі ёсць некалькі пісьменніцкіх саюзаў, а ў свеце паспяхова дзейнічае Шведскі інстытут. У суседняй з намі Літве ёсць і Саюз пісьменнікаў, і Саюз перакладчыкаў. Актыўна прапагандуе нямецкую класіку Інстытут Гётэ. Прыклады гэтыя можна было б доўжыць доўга… А мы робім, што можам, каб паправіць існуючы лад, і спадзяёмся, што наша серыя не будзе канкурыраваць ні са “Школьнай бібліятэкай”, ні з “Кнігазборам”, бо Максіма Багдановіча або Кастуся Тарасава не можа быць замнога. Не бяда, калі пэўны час кнігі гэтыя і пастаяць на паліцах кнігарань — беларус мусіць мець магчымасць набываць найлепшыя ўзоры свайго прыгожага пісьменства.

— І ўсё ж, мабыць, недзе вы перасякаецеся з тымі кнігамі, якія выходзяць у “Школьнай бібліятэцы” і “Кнігазборы”?
— Дзесьці накладкі, паўторы непазбежныя. Але ў любым выпадку тамы будуць адрознівацца складаннем, фарматамі, аздабленнем, паліграфіяй, коштам у рэшце рэшт. Хтосьці, скажам, падае “Пана Тадэвуша, або Апошні наезд у Літве” Адама Міцкевіча ва ўзнаўленні Язэпа Семяжона, а хтосьці лічыць больш дакладным, блізкім да арыгінала пераклад Пятра Бітэля. Баюся, мала што скажа сёння чытачу назва рамана Майсея Кульбака “Зельманцы”, а гэта вельмі адметны твор, у якім з любоўю і непаўторным каларытам апяваюцца Мінск і мінчане.

— Ці былі пры падрыхтоўцы кніжак да выдання выпадкі непрыемнага сутыкнення з аўтарскім правам?
— На вялікі жаль, не ўдалося дасягнуць пагаднення са спадкаемцамі Ларысы Геніюш, а таму пакуль што не будзе ў нас яе “Споведзі”. Увогуле, мой вопыт паказвае, што куды лягчэй паразумецца з аўтарам, чым з яго нашчадкамі. Некаторых з іх даводзілася шукаць нават праз Саюз беларускіх пісьменнікаў і праз Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Але мы стараліся ўлагодзіць адносіны са спадчыннікамі — і ў пераважнай большасці выпадкаў гэта ўдалося. Напрыклад, дачка Кастуся Тарасава Ганна і пляменніца Уладзіміра Караткевіча Алена Сінькевіч паставілі за ўмову, што “Пагоня на Грунвальд” і, адпаведна, “Дзікае паляванне караля Стаха” павінны выйсці ў пэўных аўтарскіх рэдакцыях, на што мы ахвотна пагадзіліся. Але прыкра тое, што літаратар, які правёў каласальную работу і аднавіў аўтарскі тэкст “Ліквідацыі” — аповесці Васіля Быкава, вядомай як “Сотнікаў”, — спаслаўся на абавязкі перад першавыдаўцом і не саступіў тэкст, не знявечаны цэнзарскімі нажніцамі. А яшчэ адзін літаратуразнаўца выказаў прэтэнзіі па тамах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Вацлава Ластоўскага, маўляў, спецыялізуецца на іх спадчыне, а таму і складаць кніжкі павінен быў толькі ён.

— Кожны аўтар у вас прадстаўлены ў адным томе?
— Хочацца верыць, што серыя будзе мець працяг, але пакуль што выключэнне зроблена толькі для Васіля Быкава: у адзін том увайшлі аповесці “Альпійская балада” і “Пакахай мяне, салдацік!”, а ў другі — “Сотнікаў” і “У тумане”.

— Уладзімір Мікалаевіч, вы як-небудзь арыентаваліся на школьную праграму па літаратуры пры складанні спіса аўтараў? Або “Мая беларуская кніга” — для кожнага, малога і дарослага, беларуса?
— Стараліся дбаць і пра школьнікаў, і пра студэнтаў, і пра тых, хто ў свой час “прайшоў” — у сэнсе прамінуў — наша прыгожае пісьменства.

— Што б параілі старшакласніку ці студэнту, які ўпершыню возьме ў рукі “Маю беларускую кнігу”?
— Не ставіцца да класікі як да нечага змярцвелага і сумнага, бо класіка — гэта найперш творы, выпрабаваныя часам, але актуальныя і сёння, творы, якія нясуць адвечныя і вечныя каштоўнасці.

— А якая ваша самая-самая беларуская кніга?
— Побач з маім працоўным сталом ляжыць “Біблія” ў перакладзе Васіля Сёмухі.

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.