У Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку кожнаму навучэнцу дапамогуць знайсці свой шлях у самастойнае жыццё. На практычную падрыхтоўку выхаванцаў з рознымі парушэннямі зроку да самастойнага жыцця накіраваны спецыяльныя карэкцыйна-развіццёвыя заняткі ў 1—11 класах. Авалодаўшы сацыяльна значнымі навыкамі, выпускнікі лягчэй адаптуюцца да ўмоў і тэмпаў сучаснага жыцця. Аднак навучанне па праграме курса “Сацыяльнае арыентаванне” прадугледжвае стварэнне ўмоў для прадухілення праяўленняў непажаданых якасцей асобы, такіх як несамастойнасць, утрыманства, негатыўныя адносіны да бытавой дзейнасці.
Але як зрабіць працэс навучання захапляючым? Як раскрыць творчыя здольнасці кожнага вучня і абудзіць яго ініцыятыву? Мы вырашылі стварыць сваю кулінарную кнігу ў дапамогу дзецям з парушэннямі зроку, бо яны адчуваюць асаблівыя цяжкасці пры гатаванні ежы, а такіх спецыяльных кніг — з паэтапнымі тлумачэннямі дзеянняў — для невідушчых няма.
Навучэнка Алеся Курмялёва стала маёй памочніцай у гэтым. Яе захапленне кулінарыяй пачалося яшчэ да школы. Як і ўсе дзеці, маленькая Алеся любіла валтузіцца каля мамы, калі тая гатавала. Прыцягвалі розныя пахі і незвычайныя гукі, яркія фарбы на кухні. Тады яшчэ яна магла распазнаваць сілуэты людзей, форму і афарбоўку прадметаў. У школе-інтэрнаце з пачатковых класаў на спецыяльных занятках па сацыяльна-бытавым арыентаванні вучылі абыходзіцца з посудам, гатаваць бутэрброды, рабіць лёгкія простыя салаты і заварваць чай. Дома з мамай Алеся працягвала замацоўваць навыкі работы на кухні: мыць посуд, разбіраць пакупкі, распазнаваць прадукты. Але зрок з гадамі пагаршаўся. Алеся сталела. Калі канчаткова страціла зрок, пачала задумвацца пра сваё самастойнае жыццё. Хацелася больш рабіць самой, але трэба было прывыкаць рабіць усё без кантролю зроку. На карэкцыйных занятках у школе і дома вучылася карыстацца рознымі спецыяльнымі кухоннымі прыстасаваннямі.
“У мінулым годзе настаўніца сацыяльнага арыентавання Гульнара Саідаўна Міронава расказала пра невідушчую дзяўчыну з Карэі, якая перамагла на міжнародных спаборніцтвах сярод кухараў, — гаворыць Алеся. — Калі яна прапанавала мне паўдзельнічаць у праекце “Адзін дома” і скласці разам кулінарны зборнік, я з радасцю пагадзілася. Для гэтага трэба было ўмець карыстацца кухонным абсталяваннем і добра арыентавацца на кухні. У школе для практычных работ ёсць два кабінеты, абсталяваныя, як звычайныя дамашнія кухні. У мяне ўжо атрымлівалася бяспечна, хутка, якасна нарэзаць любы прадукт, сыры або вараны. У маім кулінарным вопыце ўжо былі самастойна згатаваныя стравы. Мне захацелася паспрабаваць згатаваць штосьці больш складанае. У мяне ёсць мэта — навучыцца самой гатаваць як мага больш розных страў і навучыць іншых, каб быць самастойнымі і незалежнымі”.
Удзельнікамі праекта “Адзін дома” разам са мной і Алесяй сталі юнакі, вучні 8 класа. Кансультантам і памочнікам выступіла мама Алесі. Мы вырашылі, што ў нашым зборніку будуць рэцэпты страў, якія мы паспрабуем згатаваць, што мы складзём парады і рэкамендацыі для невідушчых людзей. І пасля заканчэння праекта правядзём майстар-клас для юнакоў з майго класа. Выбралі групы рэцэптаў, якія ўвойдуць у кнігу. Пачалі шукаць і падбіраць інфармацыю аб прадуктах, іх спалучэннях. Выбіралі цікавыя рэцэпты ў інтэрнэце ад розных кухараў.
Дома пад кіраўніцтвам мамы Алеся працягвала ўдасканальваць навыкі гатавання розных страў. А ў школе на занятках па сацыяльным арыентаванні разам з настаўнікам дапамагала ўжо іншым навучэнцам, паказваючы тое, чаму навучылася, напрыклад, салаты, піцу. І пакуль дзеці працягвалі вучыцца чыстцы і наразанню агародніны, мы складалі апісанне рэцэптаў. Скончылі работу тым, што быў праведзены майстар-клас па гатаванні летняй стравы.
Свой зборнік мы назвалі “Мая першая кулінарная кніга”. Мы падрыхтавалі да друку першую частку. У ёй сабраны рэцэпты і парады па гатаванні, даступныя па складанасці для любога маладога чалавека, які мае самыя простыя навыкі ў гатаванні страў і хоча стаць самастойным. Тэкст зборніка складзены ў двух варыянтах: плоскадрукавальным шрыфтам для тых, хто слаба бачыць, і шрыфтам Брайля для невідушчых. Кніга адобрана і надрукавана ў Цэнтральным праўленні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і прэзентавана на школьным фестывалі праектаў.
У школе сярод выхаванцаў у Алесі з’явіліся прадаўжальнікі. Выкарыстаўшы прынцып “роўны вучыць роўнага”, мы змаглі зацікавіць і захапіць навучэнцаў майстэрствам кулінарыі. Мы працягнем гэтую творчую практычную работу для таго, каб скласці другую частку кулінарнага зборніка. Плануем падрыхтаваць навучэнцаў-кансультантаў па розных раздзелах кулінарыі. Яны правядуць майстар-класы, навучаючы равеснікаў на сваім прыкладзе смачна і разнастайна гатаваць для сябе і сваёй сям’і. Для іх кулінарыя не хобі, а жыццёвая неабходнасць.
Гульнара МІРОНАВА,
настаўнік-дэфектолаг Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай
школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.