Мая прафесія ў новых магчымасцях часу

- 12:03Якасць адукацыі

Феерычна завяршыўся Рэспубліканскі інфармацыйна-прафарыентацыйны праект “ПРАФ-БУМ”, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Тэма-дэвіз праекта “Пакаленне паспяховых: мая прафесія ў новых магчымасцях часу” аб’яднала тысячы навучэнцаў у вырашэнні такіх актуальных задач, як раскрыццё значэння сучасных рабочых прафесій, папулярызацыя прафесійна-тэхнічнай адукацыі, фарміраванне сацыяльнай адказнасці і сацыяльнага пазітыву моладзі, актуалізацыя дзейнасці ўстаноў адукацыі па ўкараненні інавацыйных эфектыўных форм прафарыентацыйнай работы і інш. І ўсё гэта сцвярджалася па прынцыпе “роўны — роўнаму” — асноўным канцэптуальным прынцыпе “ПРАФ-БУМа”

Наогул, праект “ПРАФ-БУМ” упершыню быў рэалізаваны яшчэ ў 2002 годзе, але тады і ў наступныя гады ён уяўляў сабой гэтакія кропкавыя мерапрыемствы, якія час ад часу разгортваліся на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета ж “ПРАФ-БУМ” заканамерна аформіўся ў праект менавіта рэспубліканскага маштабу — з прадуманым паўзроўневым графікам рэалізацыі (установа адукацыі — вобласць — рэспубліка), строга аформленымі ўмовамі ўдзелу, выразнай артыкуляцыяй намінацый і ўражальнай статыстыкай. У падрыхтоўцы матэрыялаў у намінацыях праекта прынялі ўдзел 196 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 95,6% устаноў адукацыі такога тыпу. Усяго было створана 1002 работы. Фінал праекта, які адбыўся 9—10 лістапада на дзвюх пляцоўках (у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі), сабраў навучэнцаў з 38 каледжаў і ліцэяў, якія прывезлі ў Мінск лепшыя ўзоры сваёй прома-прадукцыі (прадукцы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова), створаныя на папярэдніх этапах.

Вітаючы 9 лістапада фіналістаў, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык адзначыў, што гэта першае падобнае мерапрыемства і яно б’е рэкорды па цікавасці да яго як з боку навучэнцаў, педагогаў, бацькоў, так і СМІ. Віктар Віктаравіч падкрэсліў, што праект выконвае найперш сацыяльную місію — па-сучаснаму расказвае пра сучасныя рабочыя прафесіі і іх ролю ў жыцці грамадства.

А што значыць па-сучаснаму? У гэтым неўзабаве і змагла пераканацца публіка, калі пачаліся конкурсныя паказы ў розных намінацыях. (Тут неабходна адзначыць, што намінацыі, прапанаваныя арганізатарамі праекта яго ўдзельнікам, зусім невыпадковыя. Папярэдне быў праведзены пільны маніторынг зацікаўленасцей сённяшняй навучэнскай моладзі, магчымасцей педагогаў і г.д. А ўжо кожная ўстанова адукацыі магла выбіраць для сябе тыя формы інфармацыйнай і рэкламнай работы, якія яна лічыць найбольш эфектыўнымі.)

Так, ужо ў самай першай намінацыі “Мастацка-публіцыстычная праграма “Выбіраем прафесію — выбіраем будучыню!” тэксты выступленняў агітбрыгад парадавалі наяўнасцю ў іх не проста нейкіх агітацыйных голых лозунгаў, а фраз, выразна прывязаных да канкрэтнага месца і канкрэтнай прафесіі. І прыкладаў тут можна прывесці безліч: “Пусть город наш ещё и молод, // Заводами своими знаменит…” (Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж); “Сфера обслуживания — сфера счастливых спокойных людей…” (Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання); “На стройку первым я приду…”, “Здесь не место дилетанту…”, “Пусть работы много, будет ещё больше идей…” (Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў); “Но нужен и в городе, и на селе, // Как воздух, торговый работник…” (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю)…

Карціна Рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ” была б няпоўнай, калі б мы не згадалі пра склад яго экспертнай групы на чале з галоўным спецыялістам упраўлення ідэалагічнай, сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вітай Чаславаўнай Смарцавай.

Экспертную групу “ПРАФ-БУМа” склаў цэлы шэраг людзей розных прафесій, у кожнага з якіх была, так бы мовіць, свая нагрузка ў калектыўным ацэньванні ўдзелу той ці іншай установы адукацыі ў праекце. Так, напрыклад, арганізатары палічылі неабходным запрасіць у экспертную групу выкладчыка філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж” Галіну Іванаўну Жыжаль, дачку Івана Мацвеевіча Жыжаля, імя якога невыпадкова сёння носіць Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўніцтва № 10, бо ў свой час Іван Мацвеевіч унёс неацэнны ўклад ў развіцццё прафтэхадукацыі ў Беларусі. Меркаванні Галіны Іванаўны як прадстаўніка ветэранаў сістэмы прафтэха былі вельмі каштоўнымі, бо ёй як чалавеку, які ўсё жыццё аддаў гэтай сістэме, было што з чым параўноўваць: якой навучэнская моладзь была 10, 20 і 30 гадоў назад і якой яна з’яўляецца сёння. У сваю чаргу голасам сённяшняй моладзі ў складзе экспертнай групы была студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі БДУ Маргарыта Кухта.

З улікам спецыфікі намінацый, у якіх выступалі каманды-ўдзельніцы, у склад экспертнай групы таксама невыпадкова ўвайшлі намеснік начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Святлана Рышардаўна Бутрым (прэзентацыйны інфармацыйна-метадычны модуль “Наш час — ініцыятыва”), галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзмітрыеўна Дзянісава (вакальны твор “Гімн прафесіі”), рэдактар Беларускага радыё Таццяна Міхайлаўна Гулейка (PR-спічрайтынг “Мая прафесійная будучыня”), загадчык кафедры кінатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, сябра Беларускага саюза кінематаграфістаў Андрэй Іванавіч Чупрынскі (відэаальтэрнат “Імкнёмся: вучыцца, ведаць, умець”), загадчык кафедры дызайну БДУ, кандыдат мастацтвазнаўчых навук, сябра Міжнароднай асацыяцыі саюза дызайнераў Аляксей Юр’евіч Семянцоў (прома-батл “Калі сёння — заўтра”), дацэнт кафедры сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Леанідаўна Смарговіч (інтэрактыўны інфарэсурс “Смелыя ідэі — новыя магчымасці”) і інш.

Безумоўна, дзейнасць экспертнай групы немагчыма было б уявіць без галоўнага ідэолага праекта “ПРАФ-БУМ” загадчыка аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алены Сяргееўны Лаўрыновіч і метадыста вышэйшай катэгорыі гэтага ж аддзела Таццяны Валер’еўны Грышукевіч.

А, мабыць, самае нечаканае (хаця, насамрэч, яно цалкам заканамернае) тое, што ўдзел у экспертнай групе ўзяла група навучэнцаў 9—11 класаў мінскай сярэдняй школы № 4 — без пяці хвілін абітурыентаў, якім ужо заўтра трэба будзе рабіць свой жыццёвы выбар, многім — на карысць менавіта сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Голас гэтага “незалежнага” юнага журы меў такую ж вагу, як і голас прафесіяналаў.

Намінацыя “Вакальны твор “Гімн прафесіі”, на думку арганізатараў, меў на ўвазе выяўленне найперш карпаратыўнай культуры, прычым у двух аспектах — культуры той ці іншай установы адукацыі і культуры той ці іншай прафесіі. Арганізатары не ашукаліся ў сваіх чаканнях. Якраз гэтыя два аспекты карпаратыўнай культуры былі выяўлены ў большасці прафесійных гімнаў, прадстаўленых у праекце. А іншы раз, як гэта атрымалася, напрыклад, у хлопцаў з Наваполацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў, адчувалася імкненне паказаць сваю прафесію ў маштабах усёй краіны: “Спасибо слышу всюду от народа. // Чей это дом, чьи это корпуса завода? // Мои! Я строил их, моя бригада! // И вся страна моим успехам рада! // А я? Я рад, что родина моя // Вся в стройках, вся в лесах… // Строитель я!”

Бясспрэчна, адной з самых яркіх стала намінацыя “PR-спічрайтынг “Мая прафесійная будучыня”: з выкарыстаннем так званых неймінгаў (слоганаў, рэкламных тэкстаў) і сучасных тэхнічных сродкаў навучэнцы павінны былі за вельмі кароткі час выступлення (усяго 2 хвіліны) расказаць, чаму яны выбралі менавіта тую ці іншую прафесію, раскрыць вобраз сучаснага рабочага-спецыяліста, здольнага да асобасна-прафесійнага росту і развіцця. У гэтай намінацыі былі свае яркія героі: клуб вясёлых і знаходлівых Магілёўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Валянціна Цялюк са Слуцкага дзяржаўнага каледжа, Ігар Бурдзілаў з Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.П.Шмырова, Сяргей Занько з Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і інш. Цікава, дарэчы, што Сяргей Занько ўжо скончыў Лунінецкі каледж, дзе атрымаў прафесію зваршчыка, і сёння па размеркаванні працуе ў Ганцавічах, але спецыяльна вырашыў узяць удзел у праекце “ПРАФ-БУМ”, каб абараніць гонар сваёй прафесіі і свайго роднага каледжа. А зваршчык — гэта, як высветлілася са спічрайтынгу Сяргея, сапраўды вельмі цікавая прафесія, прафесія будучыні. Гэта і тая зварка, якую мы ўсе добра ведаем, і ў хірургіі, і нават касмічная зварка. А, можа быць, калі сэрцы закаханых цягнуцца адно да аднаго і потым урэшце яднаюцца ў адно непадзельнае цэлае — гэта таксама адмысловая зварка зваршчыка Амура? Розныя падтэксты прачытваліся ў спічы Сяргея…

Арыгінальныя работы прадставілі навучэнцы і ў намінацыі “Інтэрактыўны інфарэсурс “Смелыя ідэі — новыя магчымасці” — намінацыі, якая мела на ўвазе найперш прэс-цэнтравую дзейнасць (інфамодулі, рэкламныя модулі, стэнды-плакаты). Асабліва запомніўся шматфункцыянальны стэнд Бабруйскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя А.І.Чарныша, які мог мяняцца ў залежнасці ад аўдыторыі (абітурыенты, бацькі, педагогі). Прафесійна праявілі сябе ў гэтай намінацыі і дзяўчаты з Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа паліграфіі імя В.З.Харужай, якія прадэманстравалі магчымасці маладзёжнага тэлебачання.

Напэўна, найбольшую цікавасць у навучэнцаў выклікала намінацыя “Прома-батл “Калі сёння — заўтра”, у рамках якой трэба было адзін на адзін са сваім апанентам даказваць прыцягальнасць выбранай прафесіі. Тут уразілі літаральна ўсе ўдзельнікі. Магчыма, больш за іншых: навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў імя У.Г.Каменскага, Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя, Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту… Хлопцы з апошняга ўдарылі не ў брыво, а ў вока: “Ты паступаеш ва ўніверсітэт. Вучышся на платнай аснове і атрымліваеш запаветны дыплом. Але ці варта было вучыцца пяць гадоў, каб потым працаваць ахоўнікам у супермаркеце, прадаўцом-кансультантам? Дык ці не лепш атрымаць такую адукацыю, каб потым працаваць па спецыяльнасці?”

Сябра экспертнай групы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч: “Безумоўна, рух пад назвай “ПРАФ-БУМ” ужо не спыніць. Ён ахапіў фактычна ўсе ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і будзе рэалізоўвацца ў рамках разнастайных прома-мерапрыемстваў, прафарыентацыйных субот і іншых прафарыентацыйных акцый. Мяркуецца, што на ўзроўні рэспублікі, як мы бачылі гэта сёлета, праект будзе праводзіцца раз у два гады, але, што канкрэтна будзе ў 2018 годзе, пакуль цяжка сказаць. Мне, напрыклад, думаецца, што, паколькі сёлета мы ўжо зрабілі акцэнт на рабочых спецыяльнасцях, наступны раз маглі б акцэнтаваць педагагічныя спецыяльнасці… Зрэшты, сутнасць “ПРАФ-БУМа” ад гэтага не зменіцца. “ПРАФ-БУМ” — гэта найперш рэкламныя тэхналогіі, а для педагагічных спецыяльнасцей яны сёння надзвычай актуальныя. Што ж да прафтэхсістэмы, то з новай сілай “ПРАФ-БУМ” тут заявіць пра сябе ў 2020 годзе. Не будзем забываць, што гэты праект рэалізоўваецца ў рамках комплексу мерапрыемстваў падпраграмы “Маладзёжная палітыка” Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”. Невыпадкова, дарэчы, першым мерапрыемствам у рамках фіналу стала наведванне Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці”.

Намінацыя “Відэаальтэрнат “Імкнёмся: вучыцца, ведаць, умець” (відэафільмы, відэакліпы, рэкламныя ролікі) была прадстаўлена цэлым шэрагам цікавых работ. Аўтару гэтых радкоў набольш запомніўся ролік Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну ў абарону прафесіі праграміста “Шэсць граняў прафесіі праграміста” — займальны расповед аб самай прэстыжнай сёння прафесіі, пачынаючы з яе гісторыі (1842 год!) і заканчваючы яе сучаснасцю… у Гродзенскім каледжы.

І, нарэшце, у апошняй намінацыі “Прэзентацыйны інфармацыйна-метадычны модуль “Наш час — ініцыятыва” бясспрэчным лідарам быў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, які прадставіў падрабязны матэрыял пра тое, як у гэтай установе адукацыі вялася прафаарыентацыйная работа на працягу ўсяго года.

…Увушшу і ўваччу пракручваюцца самыя розныя ўрыўкі з пачутага і ўбачанага падчас фіналу Рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ”. Мільгаюць твары, скачуць словы… І чамусьці неадступна перад вачыма паўстае навучэнец Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.П.Шмырова Ігар Бурдзілаў. Ён выступае ў намінацыі “PR-спічрайтынг “Мая прафесійная будучыня”: як быццам прафесар стаіць у лекцыйнай аўдыторыі за прафесарскай кафедрай і пачынае чытаць… рэп у абарону сваёй прафесіі і сваёй установы адукацыі. А там ёсць такія словы: “Если ты хочешь научиться работать не только руками, но и мозгами, // Стать классным специалистом, а не только приколистом, // Тогда твоя дорога в профтех…” Стоп! Вось тут, здаецца, і хаваецца вялікі сэнс. Моладзі, як яна сёння кажа, заўсёды хацелася і хочацца папрыколвацца. І ад гэтага нікуды не ўцячэш. Але хлопцы і дзяўчаты, удзельнікі праекта “ПРАФ-БУМ”, ужо са сваіх юначых гадоў пачынаюць задумвацца пра тое, што прыколы — гэта яшчэ не ўсё. Яны як быццам бы ўжо сёння, у свае маладыя гады, ведаюць, што, чым больш яны будуць сталець, тым менш у іх жыцці будзе заставацца месца для прыколаў і тым больш выразна будуць выходзіць на першы план такія катэгорыі, як работа, жыццёвая ўладкаванасць, сацыяльны і прафесійны статус…

Мікола ЧЭМЕР.

P.S. Расклад пераможцаў і прызёраў “ПРАФ-БУМа”, вынікі інтэрнэт-галасавання (а яно за 24 гадзіны сабрала амаль 75 тысяч галасоў), відэа- і іншыя матэрыялы, якія расказваюць аб праекце, можна знайсці на вэб-партале творчай моладзі Беларусі artviva.by.