Мая рэклама — мае кліенты

Сяргей Календа больш вядомы беларусам як пісьменнік, культуролаг, аўтар некалькі кніг прозы, кнігі казак, рамана. Але ёсць у Сяргея і іншая не менш важная для яго прафесія — цырульнік, якую ён атрымаў яшчэ школьнікам і якой застаецца верным і сёння. У школе ён атрымаў найвышэйшы 6 разрад цырульніка-мадэльера, пазней павышаў сваё майстэрства, калі вучыўся ў Празе, Лондане, быў трэнерам WELLA і Londa ў Беларусі, працаваў на тыднях моды. Цяпер ён робіць прыгожымі не толькі сваіх кліентаў, але і як трэнер выкладае вучэбныя курсы па цырульніцкім мастацтве, да яго едуць павышаць кваліфікацыю калегі з усёй краіны.

— Пісьменнік-стыліст — менавіта так нечакана перапляліся ў вашай асобе дзве іпастасі. Хто ж вы, Сяргей, у першую чаргу — пісьменнік ці цырульнік?

— Для мяне гэта дзве аднолькавыя сферы, у якіх я і балансую. То падаецца, што я перш-наперш цырульнік, а калі нядаўна атрымаў літаратурную прэмію, то гэтая сфера сама па сабе на час выйшла на першы план. Цырульніцтва дапамагае мне ства­раць нейкія гісторыі, развіваць свой кругагляд, а літаратура, чытанне дапамагаюць настроіцца на свежыя ідэі ў творчасці.

Шмат хто з маіх сяброў-пісьменнікаў зарабляе на жыццё ў іншых сферах. Я ж з 15 гадоў стрыгу. Хаця многа разоў адыходзіў ад гэтай прафесіі і кожны раз у яе вяртаўся — да 30 гадоў мяне моцна кідала. Так, я скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, дзе атрымаў спецыяльнасць “Культуролаг-гебраіст”, але працаваў я і ў банку, быў і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе. У мяне заўсёды была ўстаноўка — атрымаць адукацыю, пажадана не адну, папрацаваць у розных сферах. Я ніколі не казаў сабе “стоп”. А вось з цырульніцтвам не развітаўся. У старшых класах я захапляўся музыкай (у музычнай школе вучыўся іграць на кларнеце, любіў барабаны) і ў пачатку 9 класа па выніках аднаго з музычных конкурсаў нават завочна быў залічаны ў кансерваторыю, але вучыцца не пайшоў — перадумаў. Таму ў 9 класе, калі ў нас у школе прапанавалі курсы цырульнікаў, вырашыў паспраба­ваць. Мама запэўнівала: паколькі я іграў на музычных інструментах, значыць, у мяне правільна былі пастаўлены рукі, што для цырульніка важна. Я пайшоў, але спачатку не вельмі ўтульна адчуваў сябе ў дзявочым калектыве. Ды і сфера прыгажосці, здавалася, была не для мяне, тым больш што я быў тады панкам. Але ўжо на другі дзень навучання мне прапанавалі пастрыгчы жанчыну. З яе ўсё і пачалося. Я стаў рабіць іракезы ўсім падлеткам у сваім двары, потым стрыг маміных сябровак, стаў зарабляць на гэтым і ўжо ў 11 класе сам сабе наняў кватэру і там працаваў. Калі зрэдку прапускаў урокі і настаўнікі пыталіся, дзе я, мае аднакласнікі адказвалі, што я на рабоце.

— Цырульніцкаму майстэрству можа кожны навучыцца ці неабходны нейкія прыродныя якасці?

— Я амаль 10 гадоў выкладаю цырульніцкім групам і ўпэўніўся: усе здольны навучыцца стрыгчы. А наколькі прафесійна яны будуць гэта рабіць — ужо іншая справа, бо мала хто ўяўляе, як стрыжка будзе выгля­даць у канцы. Акрамя таго, на гэта ўплываюць прафесіі студэнтаў, калі яны ўжо ёсць. Напрыклад, спецыялісты ў дакладных навуках лёгка асвойваюць вуглы ў стрыжцы, “адцяжкі”, трапецыі, перпендыкуляры. Яны могуць добра стрыгчы, але вось пафарба­ваць прыгожа валасы не могуць: усё, што адыходзіць у творчасць, для іх недаступна. Тут трэба, каб супала ўсё: і любоў да геаметрыі, і веданне асноў каларыстыкі, асноў мастацтва, уменне ўбачыць форму да таго, як ты ўзяўся за нажніцы. Трэба ведаць і хімію: мы на занятках са студэнтамі даследуем структуру валасоў, дэталёва разбіраем хімічныя склады фарбавальнікаў, аксідаў, хімічнай завіўкі, каб ведаць, як што працуе, які колер які нейтралізуе, якая маска больш кіслотная, які шампунь шчолачны і г.д.

— Сяргей, падзяліцеся, што для вас прыгажосць?

— Гэта паняцце адноснае, і кожны ўкладвае ў гэтае слова сваё разуменне. Я ж люблю хутчэй адхіленні ад норм прыгажосці, бо цаню ў людзях іх асаблівасць. Мне цікава падбіраць нюансы стрыжкі ці фарбавання, не абапіраючыся на стандарты. З людзь­мі, у якіх правільныя рысы твару, вельмі проста — ім усё падыхо­дзіць. Але калі да цябе прыходзяць людзі з амаль квадратнымі скуламі ці з высокім ілбом, на іх усе нюансы будуць глядзецца цікавей. Іх асаблівасці таксама могуць ста ць прыгожымі.

— Як вы думаеце, імкненне выглядаць прыгожа аднолькава актуальнае і для жанчын, і для мужчын?

— Абсалютна. Нават у некаторых аспектах для мужчыны гэта больш важна. Напрыклад, жанчыны мо­гуць замест укладкі сабраць валасы ў хвост і пры гэтым нармальна выглядаць (сёння папулярны стыль неахайнасці, асабліва ў маладых дзяўчат). У мужчын жа гэта не праходзіць, яны любяць дагледжаны стыль, ім важна ўсё да дробязей.

— А як вы адносіцеся да тэндэнцыі, пры якой мужчыны мяняюць спартзалы на салоны прыгажосці? Жанчыны ж шукаюць у мужчынах надзейнае, фізічна моцнае плячо, а ўсё часцей знаходзяць у іх вытанчаную асобу з укладкай і ідэальным манікюрам.

— Так, але гэта тэндэнцыя не сённяшнага дня — так было заўсёды, у кожным стагоддзі. Хоць у нас патрыярхальнае грамадства, усё роўна мода, нават жаночая, ствараецца мужчынамі. Калі зазірнуць у гісторыю, то мы ўбачым, што абцасы прыдумалі для сябе мужчыны, менавіта мужчыны пачалі насіць кароткія прыталеныя пінжакі, парыкі, гарсэты. Усё, што потым прыжылося ў жаночай модзе, спачатку з’яўлялася ў мужчынскай. Калі гаварыць пра сучаснасць, то так, сёння мужчыны стараюцца выгля­даць прыгожа, але я не сказаў бы, што ад гэтага пакутуе іх мужчынскі патэнцыял. Узяць хоць бы сённяшнюю папулярнасць пляцення каласкоў, французскіх косак. Яны прыйшлі ад мужчын Паўночнай Еўропы, але яшчэ раней гэта прыдумалі вікінгі: чым даўжэй­шыя былі гэтыя косы, тым больш прывабным быў мужчына для жанчыны пры ўсёй яго накачанай і мускулістай фігуры. Прамыя чубкі, карэ прыдумалі егіпцяне (іх жанчыны галілі галовы). Так, ёсць пэўныя адгалінаванні ад мужчынскай моды, і якраз яны потым прыжываюцца ў жаночай модзе.

— А якія яшчэ тэндэнцыі ў мо­дзе вы заўважаеце?

— Мужчыны часта ці стрыгуцца па-барберскі, ці вяртаюцца да неахайнага брытанскага выгляду. Жанчыны забралі сабе тэму андэрката і з задавальненнем выгольваюць скроні і патыліцу. Гэта добра, калі няма дакладнай мяжы. Так ідзе дыялог, і ён у любым выпадку прыносіць нешта новае. Калі гаварыць пра сённяшнія тэндэнцыі ў адзенні, то асабліва яркай стала жаночая мода (мужчыны аддаюць перавагу класіцы), жанчыны выбіраюць вінтаж, фанацеюць па 60-х — 80-х. Вяртаюцца і рысы 90-х. Асобна я вылучыў бы эклектызм. Цяпер на ім усе зацыклены: бяруць бабуліны старыя рэчы і ператвараюць іх у нешта новае, эксклюзіўнае. Чаму б не? Наш рынак перанасычаны брэндамі. Ад іх усе стаміліся, ды і нават аўтарскія брэнды штампуюць свае калекцыі, робяць іх падобнымі на ўсё на свеце, таму сённяшняе імкненне да індывідуальнасці мне вельмі падабаецца.

— А ці бывае так, што жанчына прыходзіць з пэўнай карцінкай у галаве ці ў смартфоне, а вы разумееце, што гэтая стрыжка зусім ёй не падыдзе? Вашы дзеянні? Адгаворыце ці пастрыжаце?

— Канечне, адгавару і прывяду мноства іншых варыянтаў стрыжкі, укладкі. У мяне ёсць дакладная пазіцыя (гэта яшчэ мая старая школа): я раблю толькі тое, пад чым магу падпісацца. Гэта ў дзяцінстве мог рабіць тое, што мяне просяць, цяпер жа я раблю толькі тое, на што дам гарантыю. Я хачу, каб мая стрыжка была хадзячай рэкламай. Я не вешаю банераў і не рэкламую сябе: мае кліенты — мая рэклама. Таму заўсёды імкнуся стрыгчы так, каб маім кліентам казалі: “Хто цябе так класна пастрыг?”. Дарэчы, менавіта так перад выпускам са школы я знайшоў сваё першае працоўнае месца: на вуліцы дырэктар тады самага крутога ў Мінску салона ўбачыла дзяўчыну з маёй стрыжкай і папрасіла мой кантакт.

— А калі да вас прыйдзе прыгажуня з шыкоўнымі кучарамі і захоча абрэзаць амаль “у нуль”, вы возьмецеся?

— А чаму б не? Калі выбраная стрыжка ёй падыдзе, я толькі за. Я не разумею сваіх калег і іх “Навошта вам, дзяўчо, стрыгчы такія валасы! Вам жа так прыгожа!”. А калі яна хоча змен? Дарэчы, калі чалавек хоча кардынальна памяняць сваё жыццё, якраз першае, што ён зробіць, — пастрыжэцца. Гэта псіхалагічны момант.

— Дарэчы, пра псіхалогію. Праўду кажуць, што цырульнік за паўгадзіны спраўляецца з тым, з чым не спраўляецца псіхолаг?

— Калі кліент садзіцца ў крэсла, разнявольваецца, яму заўсёды хочацца пра нешта пагава­рыць, асабліва калі яго турбуе нейкая праблема. Чамусьці пайсці і абмеркаваць яе з псіхолагам наш чалавек не прывучаны, затое пагаварыць пра гэта з цырульнікам — прасцей простага. Быў, напрыклад, выпадак, калі я 3 месяцы падчас кожнай стрыжкі ўгаворваў цяжарную маладую жанчыну захаваць сваё будучае дзіця. Цяпер яе хлопчыку ўжо 4 гады, і стрыгчыся да мяне яны прыходзяць разам. Так, часам людзям проста трэба падтрымка.

— Сяргей, а ёсць у вас нейкі сакрэт, як дагадзіць кожнаму кліенту са стрыжкай? Як не прагадаць?

— Ёсць такое паняцце — сегментацыя кліентаў. Я дзялю іх на 5 груп. Першая — трэндсэтары — любяць усё самае моднае. Для іх галоўнае, ці падобны яны, скажам, на Білі Айліш з яе салатавымі каранямі і чорнымі валасамі. Другая група — толькі за камфорт. Яны ў прынцыпе не ацэнь­ваюць, як яны выглядаюць, — галоўнае, каб ім было камфортна і каб аднімала мінімум часу на ўкладку. Як правіла, гэта людзі бізнесу. Яны не будуць насіць доўгі чубок, бо ён бу­дзе ім перашкаджаць. Ёсць і тыя, хто толькі за здароўе. Яны маюць свае прэтэнзіі да жыцця і выбіраюць усё — ад шампуня да сродкаў для ўкладкі і фарбы — з прыстаўкай “эка”. А ёсць і рамантыкі, якім неабходна натуральнасць. І я стараюся ўлічваць пажаданне кожнага сегмента кліентаў, каб кожны атрымаў тое, што яму неабходна.

Акрамя таго, важна бачыць і ўмець падкрэсліць індывідуальнасць. Нават калі браць модныя сёння ў афарбоўванні амбрэ, балаяж, эйртач, хэндтач, шатуш і інш., то для кожнай зрабіць яго адметным: адной дабавіць светлых пасмачак каля твару, другой — ніжэй іх апусціць, трэцяй дабавіць колеру, выбраць розныя адценні. Тут ужо спрацоўвае так званы контурынг — калі прапорцыі твару мяняюцца за кошт цёмных і светлых ліній на валасах. У гэтым і заключаецца сучасны падыход стыліста.

Гэта некалькі дзесяцігоддзяў назад адну і тую ж стрыжку ўсе майстры рабілі аднолькава, па схеме, быццам ля канвеера. Быць цырульнікам з ранку да вечара і без перапынку — небяспечна. Так губляецца момант творчасці. Сёння ж цырульнік імкнецца знайсці свежыя ідэі. Мне асабіста дапама­гаюць у гэтым розныя майстар-класы ад высакакласных майстроў. Гэта дае магчымасць не толькі атрымаць новыя веды, але і натхніцца. Ідэальна, калі ёсць магчы­масць пераключыцца на іншую работу з зусім іншай сферы. Для мяне гэта літаратура. Я стараюся рабіць сабе адпачынак і з’язджаць куды-небудзь, каб папрацаваць над сваёй новай кнігай.

— Дзякуй вам, Сяргей, за размову. Натхнення вам у вашай творчасці — і пісьменніцкай, і цырульніцкай.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Сяргея Календы.