Маяк і апора ў жыцці

Яшчэ ў дзяцінстве ў Валянціны Антонаўны Клакевіч была мара — стаць настаўніцай. Яна разумела, што быць настаўнікам няпроста. Колькі намаганняў і цярпення трэба, каб з маленькіх, непаслухмяных гарэз выраслі ўдумлівыя маладыя людзі, якія імкнуцца да сваёй мэты! Але менавіта гэта і прыцягвала.

Мары наканавана было здзейсніцца ў 1978 годзе, калі Валянціна Антонаўна пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў прыйшла працаваць у школу. У сярэдняй школе № 2 Ваўкавыска яна працуе з 1985 года. За час работы праявіла сябе як удумлівы, дасведчаны педагог, які працуе творча, мае высокую метадычную і тэарэтычную падрыхтоўку.

Яе прадмет адначасова і складаны, і лёгкі, як бы дзіўна не гучалі гэтыя словы, бо нямецкая мова і насычаная, і гучная. Граматыка нямецкай мовы няпростая, але для Валянціны Антонаўны вывучэнне багацця гэтай мовы, а потым і выкладанне стала не проста прафесіяй, а любімай справай, сапраўдным прызваннем. А школа для яе — не толькі месца працы, але і жыццё.

Настаўнік не толькі імкнецца даць веды вучням, але павінен цікавіцца іх унутраным светам, эмоцыямі. Ён можа быць строгім і патрабавальным. Калі вучні адчуваюць, што настаўнік цікавіцца іх справамі, хоча зразумець іх, шчыра дапамагчы, то яны павераць і захаваюць павагу да яго. Валянціна Антонаўна цвёрда ўпэўнена, што ў школе павінны працаваць людзі, неабыякавыя да дзяцей, тыя, хто можа стаць прыкладам.

Сучаснае грамадства дыктуе пошук новых падыходаў да арганізацыі вучэбнага працэсу, акцэнты ў якім робяцца на стварэнні школьнай прасторы, якая дае магчымасць для развіцця і рэалізацыі дзіцячых здольнасцей.

Мэту сваёй педагагічнай дзейнасці Валянціна Антонаўна бачыць у эфектыўнай пабудове вучэбнага працэсу на розных ступенях навучання, якая ўлічвае рознаўзроўневую падрыхтоўку вучняў, у далучэнні іх да даследчай дзейнасці па прадмеце, да ­ўдзелу ў розных конкурсах і алімпіядах, падрыхтоўцы да паступлення і навучання ў вышэйшых і іншых навучальных установах.

Адным з галоўных напрамкаў сваёй прафесійнай дзейнасці Валянціна Антонаўна лічыць самаадукацыю і творчы пошук. Неабходна развіваць самаацэнку і, як вынік — забяспечыць свой асабісты рост. Тэма яе педагагічнага праекта — “Развіццё творчых здольнасцей адораных вучняў сродкамі прадмета “Замежная мова”.

Як настаўнік Валянціна Антонаўна імкнецца, у першую чаргу, выявіць сярод вучняў адораных дзяцей, якія маюць адметныя асаблівасці: больш высокія ў параўнанні з іншымі вучнямі інтэлектуальныя здольнасці, схільнасць да вучобы, творчыя магчымасці і актыўную пазнавальную патрэб­насць. З такімі вучнямі, якія адчуваюць радасць ад разумовай працы, яна стараецца займацца на больш высокім узроўні.

Вучні, якія не дасягнулі па нейкіх прычынах поспехаў у навучанні, але ма­юць яркую пазнавальную актыўнасць, вызначаюцца арыгінальнасцю псіхалагічнага складу, выдатным разумовым рэзервам, таксама не застаюцца па-за ўвагай настаўніцы.

Кожны вучань для Валянціны Антонаўны — гэта сапраўдная асоба, унікальная, дапытлівая, якая адкрыта да новых ведаў. Так іх бачыць настаўніца, такімі вучнямі яны і з’яўляюцца. На кожным кроку дзеці адчуваюць душэўную падтрымку настаўніцы, яе клапатлівую строгасць у навучанні.

Вынік работы Валянціны Антонаўны бачны на ІІ, ІІІ і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Замежная мова”. Навучэнкі Настасся Клімовіч, Мілана Суліма — прызёры абласной алімпіяды. Міхаіл Недзялеўскі — прызёр ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У 2019/2020 навучальным го­дзе ўдзел Настассі Клімовіч у III этапе рэспубліканскай алімпіяды (8 клас за 10 клас) быў адзначаны дыпломам III ступені.

Таксама Валянціна Антонаўна з’яўляецца трэнерам раённай каманды па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў абласной і рэспубліканскай алімпіядах.

Валянціна Антонаўна пастаянна займаецца самаадукацыяй. Плённа супрацоўнічае з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Прымае ўдзел у семінарах і канферэнцыях па розных тэмах.

Вялікая работа была праведзена Валянцінай Антонаўнай па метадычным забеспячэнні вучэбнага працэсу, назапашванні метадычных, дыдактычных віртуальных матэрыялаў. Дзякуючы яе мэтанакіраванасці, стараннасці, адказнасці ў адносінах да сваёй справы, кабінет нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска атрымаў гран-пры, дыплом ІІ ступені ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшы кабінет замежнай мовы сярод устаноў адукацыі гарадскога тыпу, два дыпломы І ступені на абласным этапе агляду-конкурсу.

Сярод узнагарод Валянціны Антонаўны Клакевіч — ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, Падзяка міністра адукацыі, нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Валянціна Антонаўна прызнаецца, што ў яе жыцці ёсць два прыярытэты — гэта любімая дружная сям’я і яе работа ў школе. Як два маякі і апора ў жыцці, як дзве непарыўна сплеценыя нітачкі, яны абавязваюць весці актыўнае жыццё, знаходзіцца ў пастаянным пошуку і па-сапраўднаму любіць жыццё і быць у добрым настроі. Уменне слухаць, разумець адно аднаго, паважаць індывідуальнасць у кожным з нас, рабіць добрае для іншых — вось тыя запаветныя і простыя ісціны, якія, па меркаванні Валянціны Антонаўны, робяць свет прыгожым, светлым і чыстым. А галоўная справа ў жыцці, калі ёй аддавацца поўнасцю і з любоўю, робіць чалавека шчаслівым.

Для Валянціны Антонаўны любімая справа — гэта вучыць дзяцей. Настаўнік не павінен баяцца гаварыць дзіцяці, што ў яго на ўроку ўсё атрымліваецца, што ён малайчына, нават тады, калі поспехі ў вучня невялікія. Гэта выхоўвае ў дзіцяці ўпэўненасць у сабе і падахвочвае да ведаў.

Гэта прынцыпы Валянціны Антонаўны, гэта яе жыццёвае крэда, якое дапамагае ў рабоце. Кожны дзень яна адчыняе дзверы класа, і да яе звяртаюць свае погляды вучні — дапытлівыя, цікаўныя, якія ацэньва­юць кожны крок і кожнае слова. Яны вельмі многага чакаюць ад урока!

Таццяна СУЕТА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска.