Маё важацкае лета

- 16:42Нам пішуць

Летам я паспрабавала сябе ў ролі выхавальніка аздараўленчага лагера “Свіцязь” і за гэтыя васямнаццаць дзён зразумела: важаты — гэта не прафесія, якой вучаць, гэта прызванне і стан душы. Важатымі становяцца тыя, хто не хоча развітвацца з дзяцінствам.

Важатаму трэба адначасова быць педагогам, псіхолагам, танцорам, рэжысёрам, літаратарам, спартсменам, артыстам, фантазёрам і г.д. Спадабацца дзецям, заваяваць іх давер — першачарговая задача і залог паспяховай змены. Добры важаты заўсёды чуйна рэагуе на настрой выхаванцаў, на сітуацыю ў атрадзе і, як шахматыст, прадумвае свае дзеянні і іх наступствы.

“Спорт-экспрэс” — змена спартыўнага напрамку. Дзень за днём мы знаёміліся з гісторыяй Алімпійскіх гульняў. Кожную раніцу дзеці атрымлівалі інфармацыйныя пасланні з займальным апавяданнямі пра гісторыю Алімпійскага руху, традыцыі, асаблівасці правядзення гульняў у розных краінах, сімволіку, нацыянальныя віды спорту і дасягненні спартсменаў. Штодня праводзіліся квест-гульні, дзе кожны атрад мог праверыць атрыманыя веды. Змена былі напоўнена спартыўнымі спаборніцтвамі, гульнямі па станцыях, спартакіядамі, экскурсіямі. Праводзіліся конкурсы турыстычнай і страявой песні, “Містар і міс лагера”, конкурс атрадных куткоў, малюнкаў і іншыя забавы. Кожны дзень завяршаўся тэматычнай дыскатэкай, радавалі і вячэрнія сустрэчы ля вогнішча, дзе мы дружна спявалі, дзяліліся цікавымі гісторыямі і свежымі ўражаннямі.

Як важатай, мне прыемна было штодзень бачыць зацікаўленасць і актыўнасць дзяцей на мерапрыемствах, назіраць за ўзнікненнем сапраўднага сяброўства ці першага кахання і проста радавацца за свой атрад. Пабываўшы ў ролі выхавальніка, я зразумела, што гэта назаўсёды. Лета яшчэ не скончылася, а я з нецярпеннем чакаю наступнага, каб вярнуцца ў лагер.

Вераніка БОГУШ,
педагог сацыяльны ясляў-сада № 10 Навагрудка.