Мазгавы штурм для маладога спецыяліста

У жыцці Мікалая Паўлавіча Каламійца ўсё склалася так, як ён марыў. Чацвёрты год малады чалавек выкладае хімію і біялогію ў аграгарадку Бердаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. У яго планах — набірацца вопыту і далей развівацца ў прафесіі, якую ён выбраў яшчэ ў дзяцінстве.

Малады педагог з усмешкай адзначае, што настаўніцкі лёс быў наканаваны яму з дзіцячых гадоў. Праўда, у той час ён, малы, усім расказваў, што, калі вырасце, стане прафесарам.

— Заўсёды без праблем знаходзіў агульную мову з малодшымі за мяне дзецьмі. Мне падабалася тлумачыць і шукаць адказы на пытанні, якія цікавілі мяне ці некага з майго акружэння, — гаворыць М.П.Каламіец. — Біялогія і хімія знаходзіліся ў зоне асаб­лівых інтарэсаў. Мне было важна дэталёва разабрацца ў тым, як “устроены” мой арганізм і на што ён здольны.

У старшых класах у Мікалая Паўлавіча ўзнікла цвёрдае рашэнне стаць настаўнікам. Ён адчуваў падтрымку бацькоў і педагогаў, якія бачылі шчырае жаданне і патэнцыял юнака. Выбар маладога чалавека выпаў на спецыяльнасць “Навукова-педагагічная дзейнасць” факультэта біялогіі і экалогіі Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсі­тэта Янкі Купалы. За час вучобы, як і хацеў, ён атрымаў багаты багаж ведаў, знайшоў адказы на важныя, цікавыя пытанні і пашырыў свой кругагляд. Таму свае студэнцкія гады называе вясёлым і адначасова жыццёва важным перыядам. Ён атрымаў запаветны дыплом, з’явілася шмат сяброў, з якімі падтрымлівае адносіны па сённяшні дзень.

Як гэта часта здараецца, пераломным момантам стала педагагічная практыка. Да гэтага часу ўпэўнены ў сабе Мікалай думаў: галоўнае — мець трывалыя веды і тады вучыць дзяцей будзе дастаткова проста. Аднак пасля першых жа праведзеных урокаў гэтае меркаванне хутка і кардынальна змянілася. Абмежаваны час, няўменне максімальна эфектыўна выкарыстаць 45 мінут, розны ўзровень успрымання новай інфармацыі і паспяховасці вучняў. Адным словам, на справе аказалася, што цяжкасцей, якія неабходна пераадолець, нямала. Аднак гэта ніколькі не спужала пачынаючага настаўніка і не змяніла яго планаў на будучыню. Галоўным было тое, што працэс навучання дзяцей выклікаў вялікае задавальненне.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады чалавек вярнуўся на сваю малую радзіму, у школу, дзе вучыўся сам, але ўжо ў новай ролі. Дома, як вядома, і сцены дапамагаюць. Турбаваўся толькі за тое, што многія вучні будуць успрымаць яго не як настаўніка, а як хлопца, разам з якім раслі і бегалі на стадыён. Спачатку так і было, аднак з часам усё стала на свае месцы.

— Маім першым урокам была хімія ў адзінаццатым класе, — дзеліцца ўспамінамі М.П.Каламіец. —

Было шмат хваляванняў, і ўражанні засталіся супярэчлівыя. Але ў цэлым вучні, у тым ліку і старшакласнікі, прынялі мяне цёпла. На мой погляд, маладому настаўніку, нягледзячы на адсутнасць вопыту, не вельмі складана знайсці агульную мову з дзецьмі. У нас невялікая розніца ва ўзросце, і гэтая акалічнасць дапамагае лепш зразумець адно аднаго.

Зараз Мікалай Паўлавіч перакананы: трэба быць адкрытым, гатовым да дыялогу, весці сябе натуральна і добразычліва. Таксама стараецца ва ўсім быць паслядоўным і ні ў якім разе не вылучаць любімчыкаў. Мяркуе, што адносіны з вучнямі яму ўдалося наладзіць у многім дзякуючы таму, што з самага пачатку бачыў асобу ў кожным з іх і ставіўся да ўсіх з разуменнем і павагай. Дзеці хутка адказалі тым жа.

Настаўнік любіць тое, чым займаецца, і гэта адчуваюць і калегі, і вучні. Пры такім падыхо­дзе не прымушаюць сябе доўга чакаць і дасягненні. Вучні Мікалая Паўлавіча прымаюць удзел у конкурсах даследчых работ і ня­зменна займаюць на раённым этапе прызавыя месцы. Прычым настаўнік паступова далучаў дзяцей да гэтай дзейнасці. Спачатку прапанаваў аднаму з васьмікласнікаў пачаць збіраць лішайнікі, калі той бывае ў лесе. Хлопец не толькі сам захапіўся, але яшчэ і “падключыў” да справы двух сяброў. У выніку гэта прывяло да першай даследчай работы. А пасля ўжо ўсё пайшло як па накатанай каляіне.

— Гэта цікавы кірунак работы, які яшчэ больш аб’ядноўвае з навучэнцамі, дапамагае знахо­дзіць цікавыя тэмы, новую інфармацыю, — адзначае М.П.Каламіец. — Абавязкова будзем працягваць займацца даследчай дзейнасцю. Рабіць гэта не самастойна, а сумесна з вучнямі вельмі цікава. Калі я бачу іх імкненне больш глыбока даследаваць тую ці іншую тэму, гэта дае мне дадатковую матывацыю да работы. А матывацыя настаўніка, вядома ж, передаецца і вучням, усё ўзаемазвязана.

Дарэчы, з самага пачатку прафесійнай дзейнасці педагога засмуціла тое, што часта на ўроках не бачыў у некаторых вучнях цікавасці да яго прадметаў і вучобы ў цэлым. У выніку прыйшоў да высновы: адна з яго важных задач — па­чаць урок нестандартна, зацікавіць і “ўключыць” у актыўны адукацыйны працэс усіх дзяцей, у тым ліку і нізкаматываваных. З часам гэта атрымліваецца ўсё лепш.

Спачатку ўрокі Мікалая Паўлавіча часцей нагадвалі лекцыі з элементамі гутаркі. Пасля педагог пастараўся як мага больш задзейнічаць вучняў, прадумаць усё так, каб ім было цікава не толькі слухаць, але і самім працаваць. Стаў актыўна выкарыстоўваць метады праектаў, мазгавога штурму, праблемнае навучанне.

У сёмым класе аддае перавагу метаду мазгавога штурму. Калі тэма дазваляе, дзеліць клас на дзве групы. У кожнай з іх ёсць свая мэта — пошук вырашэння зададзенай праблемы ці задачы. Пасля ідэі груп абмяркоўваюцца, выбіраецца найбольш прадукцыйная. Гэты метад маладому настаўніку падабаецца тым, што ў рабоце задзейнічаны ўсе дзеці, нават тыя, у каго невысокі ўзровень ведаў. Аднак заўважыў: важна сачыць за тым, каб вучні не “пайшлі” ў сваіх разважаннях далёка ад вызначанай тэмы.

Зараз педагог спрабуе ўво­дзіць case-study, ці метад канкрэтных сітуацый. З яго дапамогай, падключаючы асацыяцыі, удаецца з самага пачатку падаць новы матэрыял цікава, даступна і запамінальна. Напрыклад, у сёмых класах такі тэрмін, як валентнасць, ён звязвае з усім знаёмым магазінам. Так, чатырохвалентны элемент вуглярод асацыіруецца з магазінам, у якім маецца чатыры вакансіі. Калі далучаецца двухвалентны кісларод, то ён адразу займае дзве вакансіі: працуе на складзе і дастаўляе тавары. У такім выпадку вуглярод можа “ўзяць на працу” два кіслароды, і атрымаецца СО2 (дыяксід вугляроду).

— Мне хочацца не проста стаць настаўнікам біялогіі і хіміі для сваіх вучняў, але яшчэ і тым чалавекам, да якога яны заўсёды могуць прыйсці па дапамогу, падтрымку, параду, — акрэслівае сваю мэту Мікалай Паўлавіч.

Сёлета малады педагог стаў яшчэ і класным кіраўніком. Да новай справы падышоў з усёй адказнасцю. Імкнецца як мага больш даведацца пра характары, звычкі і захапленні дзяцей свайго класа і наладзіць кантакт з бацькамі для пастаяннага, плённага супрацоўніцтва.

Таццяна ШЫМКО.