“Мазгавы цэнтр” па пытаннях сусветнага парадку дня прапанавана стварыць у БДУ

Беларуска-кітайскі аналітычны цэнтр па пытаннях сусветнага парадку дня прапануецца стварыць на базе Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Размова пра гэта ішла на сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргея Рахманава з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Беларусі Цуй Цымінам, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

Сяргей Рахманаў прапанаваў паслу разгледзець магчымасць стварэння на базе Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя сумеснага беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра. “Па найважнейшых пытаннях сусветнага парадку дня, а таксама нашага двухбаковага супрацоўніцтва нам неабходна якасная аналітыка. Новы цэнтр змог бы яе забяспечваць з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў і экспертаў — не толькі вучоных, але і тых, хто на практыцы над гэтым працуе”, — растлумачыў сенатар.

Цуй Цымін таксама адзначыў важнае значэнне якасных аналітычных матэрыялаў у рабоце дзяржаўных органаў, урадаў. Ён нагадаў, што на базе Нацыянальнай акадэміі навук сумесна з кітайскімі вучонымі беларускія калегі арганізавалі дыскусійную пляцоўку, дзе абмяркоўваюць найважнейшыя для дзвюх краін палітычныя і эканамічныя пытанні, а таксама перспектывы ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах. “Гэта такі “мазгавы цэнтр”, дзе бакі могуць абменьвацца меркаваннямі па найбольш хвалюючых іх пытаннях”, — сказаў ён.

У час сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. Падкрэслівалася стратэгічнае партнёрства дзвюх краін, найбуйнейшым сумесным праектам якіх стаў індустрыяльны парк “Вялікі Камень”. Ён служыць месцам прыцягнення буйных міжнародных кампаній. Напрыклад, 1 жніўня магчымасць пашырэння прысутнасці ў парку нямецкага бізнесу абмяркоўвалася ў Савеце Рэспублікі з парламенцкай дэлегацыяй федэральнай зямлі Саксонія.