Расія: МДУ запрасілі ў Пекін

- 15:10Апошнія запісы, Паралелі, Рознае

У 2016 годзе адкрыецца першы сумесны Расійска-Кітайскі ўніверсітэт на базе МДУ, паведамляе “Российская газета”. З кітайскага боку ВНУ-партнёрам стане Пекінскі політэхнічны інстытут. Будынак для ўніверсітэта пабудуюць у Шэньчжэне. Ён будзе ўлічваць архітэктурныя асаблівасці МДУ і традыцыі будаўніцтва ў Кітаі.

У склад аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з расійскага боку ўвайшлі такія вядомыя і ўплывовыя ў краіне людзі, як Віктар Садоўнічы, Герман Грэф, Уладзімір Еўтушэнкаў, Міхаіл Кавальчук, Ігар Сечын, Уладзімір Якунін. Узначальвае аргкамітэт старшыня Дзярждумы Сяргей Нарышкін.
Па словах рэктара МДУ Віктара Садоўнічага, навучанне ва ўніверсітэце будзе ажыццяўляцца на трох мовах — рускай, англійскай і кітайскай.
— Студэнты будуць атрымліваць два дыпломы — МДУ і Расійска-Кітайскага ўніверсітэта. Уклад МДУ — гэта інтэлектуальная ўласнасць, адукацыйныя праграмы, брэнд, — падкрэсліў рэктар. Усе выдаткі на будаўніцтва, абсталяванне будынкаў, выдаткі на кіраванне ВНУ прымае на сябе кітайскі бок.
Прарэктар МДУ Сяргей Шахрай расказаў журналістам аб выкананні “дарожнай карты” гэтага амбіцыйнага праекта. Тэрыторыя 30 га ў раёне Шэньчжэня ўжо выдзелена. Будаўніцтва пойдзе ў 2-3 этапы, першы зойме ўсяго 10 месяцаў, і з 1 верасня 2016 года студэнты Расійска-Кітайскага ўніверсітэта пачнуць займацца ва ўласным будынку.
Права вучыцца ва ўніверсітэце атрымаюць і расійскія, і кітайскія студэнты, якія будуць праходзіць практыку ў найбуйнейшых карпарацыях абедзвюх краін. Як заўважыў старшыня камітэта па адукацыі Дзярждумы Вячаслаў Ніканаў, руская мова вельмі папулярная ў Кітаі (зараз там яе вывучаюць звыш 300 тысяч чалавек), і праблем з абітурыентамі не будзе.
Першапачаткова прыярытэтнымі напрамкамі падрыхтоўкі ў сумесным універсітэце стануць руская мова і літаратура, культура і мастацтва, інфармацыйныя тэхналогіі і прыкладная матэматыка, эканоміка, міжнародны гандаль, права, фінансы. Пасля дададуцца прыкладная хімія, фізіка, ахова здароўя, касмічныя даследаванні, машынабудаванне, транспартныя сістэмы і лагістыка.
Цікавасць Кітая да МДУ зразумелая — гэта адна з наймацнейшых ВНУ ў свеце, асабліва па якасці прыродазнаўчай і матэматычнай адукацыі. А што атрымае расійскі бок? Чакаецца, што праект будзе перш за ўсё спрыяць прасоўванню рускай мовы і культуры, а таксама ўзаемадзеянню ў гуманітарнай сферы. Ёсць і больш практычныя мэты. Напрыклад, падрыхтоўка кадраў для ўдзелу ў сумесных праграмах Расіі і Кітая, падтрымка Далёкага Усходу, дзе вельмі патрэбны кваліфікаваныя кадры, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, і спецыялісты, якія ведаюць замежныя мовы.
У новым сумесным універсітэце няма пасады рэктара. Кіраваць ВНУ будзе Савет дырэктараў. Зараз абмяркоўваюцца дэталі, колькі прадстаўнікоў ад кожнай краіны ўвойдзе ў савет. “Формула можа быць такая: 3 плюс 2 ці 4 плюс 7 — абмяркоўваюцца розныя варыянты”, — расказаў журналістам Віктар Садоўнічы.
Ёсць і іншыя адрозненні ад традыцыйных расійскіх ВНУ. У Кітаі няма бясплатнай адукацыі за дзяржаўны кошт, там прынята сістэма сумеснага фінансавання навучання, а адкрыць магістратуру або аспірантуру ВНУ можа толькі пасля трох выпускаў бакалаўрыята. Для Расійска-Кітайскага ўніверсітэта, мабыць, будуць прапанаваны індывідуальныя рэцэпты.