“Me fecit Slucicae”, або Стагоддзі, знітаваныя ва ўзоры

Вучоныя Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта змаглі разгадаць сакрэты вытворчасці слуцкіх паясоў, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў лічыліся незваротна страчанымі. Па тэхналогіі, распрацаванай кандыдатам тэхнічных навук дацэнтам кафедры дызайну Галінай Казарноўскай, Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Слуцкія паясы” сатканы 2 паясы. Першы з іх у снежні мінулага года зацверджаны на навукова-экспертным савеце як копія гістарычнага аналага, другі — як узор. Аб рабоце над праектам, пошуках і праблемах, дасягненнях і адкрыццях карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала аўтар сучаснага слуцкага дзіва.

— Слуцкі пояс па праву называюць адным з найвышэйшых дасягненняў сусветнага мастацтва. У чым заключаецца яго феномен?
— З шаўковых, срэбных і залатых ніцей мастакі і рамеснікі-ткачы знакамітай радзівілаўскай мануфактуры ў другой палове XVIII — першай палове XIX стагоддзяў стваралі сапраўдныя шэдэўры з непаўторнай кампазіцыйнай гармоніяй і вытанчанай арнаментыкай. Вытворчасць вырабаў па слуцкай тэхналогіі была наладжана ў Нясвіжы, Варшаве, Кракаве, французскім Леоне, але менавіта слуцкія паясы служылі эталонам для вытворцаў і пакупнікоў. У асяроддзі шляхты і еўрапейскай арыстакратыі пояс з надпісам “Me fecit Slucicae” — “мяне зрабілі ў Слуцку” — быў сведчаннем паспяховасці і добрага густу ўладальніка, а маленькі Слуцк у той час уваходзіў у лік прызнаных сталіц еўрапейскай моды.
На жаль, потым тэхналогіі вырабу паясоў на доўгі час былі страчаны. Да нашых дзён іх захавалася вельмі мала. Што тычыцца вялікіх калекцый — у Беларусі іх няма. Вядома, у 1939 годзе ў рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы знаходзіліся 32 паясы, з іх 16 — слуцкія. На пачатку 1940 года яны былі перададзены ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССР. Праз паўтара года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Калекцыю паясоў вывезці не паспелі і схавалі ў падвале галерэі. У гады акупацыі яна бясследна знікла.
Згодна з каталогам “Слуцкія паясы” 2009 года выдання, у сямі беларускіх музеях захавалася 11 цэлых паясоў, 5 з якіх — слуцкія, астатнія выраблены па іх узоры. Назваць дакладную колькасць паясоў, якія знаходзяцца ў Польшчы, Украіне, Літве і іншых краінах, сёння наўрад ці хто адважыцца.
Значэнне слуцкіх паясоў нельга разглядаць па-за гісторыка-культурным кантэкстам. Гэты від беларускага ручнога ткацтва з цягам часу ператварыўся ў каштоўную рэліквію, сімвал самавызначэння беларусаў. Для нас слуцкі пояс — нацыянальны гонар, своеасаблівая візітоўка краіны, наш брэнд.

— Як пачыналася работа па аднаўленні вытворчасці слуцкіх паясоў?
— У адпаведнасці з пратаколам даручэнняў Кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 сакавіка 2012 года № 16/17, выканаўцам мерапрыемстваў па вывучэнні і распрацоўцы тэхналогіі вырабу аналагаў слуцкіх паясоў, а таксама па вывучэнні і падборы сыравіны і тэхналагічнага абсталявання для іх вытворчасці вызначаны Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
Прапанаваная да распрацоўкі праблема да гэтага не была вырашана ні ў Беларусі, ні ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Тэхналогіі ткацтва, якія выкарыстоўваліся пры вытворчасці паясоў, патрабавалі скрупулёзнага навуковага даследавання. (Я адразу акцэнтую ўвагу, што гаворка ішла не пра аднаўленне аўтэнтычных слуцкіх паясоў, а пра рэканструкцыю і вытворчасць копій на сучасным ткацкім абсталяванні.)
На распрацоўку ўсіх тэхзаданняў нам было дадзена 3 месяцы. Тэрмін зусім невялікі, а трэба ж было і атрымаць пояс для вывучэння, і без парушэння цэласнасці арыгінала ўнікнуць у яго структуру і вызначыць, якія функцыі закласці ў спецыяльны станок, каб потым выкарыстоўваць яго як для вырабу пояса, так і ў будучыні. (Крыху забягаючы наперад, скажу: на станку, устаноўленым на прадпрыемстве “Слуцкія паясы”, можна выконваць надзвычай цікавыя структуры, у сувязі з чым мы маем многа перспектыўных ідэй.) Трэба было асэнсаваць атрыманую інфармацыю і перакласці яе на мову алгарытмаў — усё гэта зроблена. За 3 месяцы ва ўніверсітэце былі распрацаваны тэхнічныя заданні на сыравіну, тэхналагічны працэс ткацтва, набыццё тэхналагічнага абсталявання для вытворчасці аналагаў слуцкіх паясоў.
Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у рабоце як на пачатковым этапе, так і ў працэсе рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Адраджэнне тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіццё вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012—2015 гады”: загадчыку кафедры ткацтва Таццяне Бондаравай і дацэнту гэтай жа кафедры Вікторыі Неўскіх, дацэнту кафедры прадзення натуральных і хімічных валокнаў Святлане Грышанавай, маім вучаніцам, дацэнтам кафедры дызайну Наталлі Самуцінай і асабліва Наталлі Абрамовіч, якая была маёй правай рукой падчас работы са спецыяльнай камп’ютарнай праграмай. Так атрымалася, што на працягу апошніх двух гадоў я кожны дзень (без перабольшання) працавала з поясам: сама разбіраюся, прыкідваю, якую нітачку куды адправіць, каб атрымаць чысты колер, малюю перапляценні, а яна хуценька ўводзіць іх у камп’ютар, тут жа мы ставім флэшку ў станок і глядзім, што атрымліваецца. Такіх варыянтаў толькі з пругам было выпрабавана каля 30, а ўвогуле — больш за 50.

— Вы маеце ўнікальны вопыт работы з габеленавымі тканінамі. Наколькі гэта дапамагло пры вывучэнні структуры старажытных вырабаў?
— У асноўнага і ўточнага габелена будова сапраўды складаная, але знаёмая — з гэтымі структурамі некалі я пачынала працаваць (так атрымалася, што першай у Беларусі). Мне тады пашанцавала, што база ў Віцебску была добрая: дзейнічала тэкстыльнае аб’яднанне, якое адносілася да мясцовай прамысловасці, — 99 працэнтаў прадукцыі гэтага прадпрыемства было распрацавана па маіх структурах (ні на адным буйным прадпрыемстве канцэрна тады не было такога асартыменту дэкаратыўных тканін). І, нарэшце, побач знаходзіцца Аршанскі льнокамбінат, супрацоўніцтва з якім доўжыцца многія гады. Праўда, работа з камбінатам была больш сарыентавана на касцюмныя тканіны, але і тут я старалася шукаць і выкарыстоўваць складаныя структуры — цяпер гэтую справу плённа працягвае мая аспірантка Наталля Акіндзінава. Захапленне ж складанымі структурамі прыйшло значна раней, у студэнцкія гады, — з лёгкай рукі маіх настаўнікаў прафесараў Маскоўскага тэкстыльнага інстытута Ганны Мартынавай, Фёдара Розанава, Паўла Уласава.
Што тычыцца слуцкіх паясоў, раней я з імі была знаёмая толькі па каталогах, ніколі гэтых тканін “ужывую” не бачыла. І калі ўзяла пояс у рукі, першае адчуванне было — шок. Да апошняга думала, што аб’ектам даследавання стане асноўны габелен — гэтая структура дазваляе аднавіць шматколернасць з адценнямі, — але каб габелен быў уточны, ды не з тоўстай пражы, як на сучасных дэкаратыўных дыванах, а з тонкага шоўку…
Стваральнікі слуцкіх паясоў валодалі дасканалай тэхналогіяй, якая дазваляла вырабляць тканіны надзвычай высокай складанасці. Застаецца толькі здзіўляцца таленту і майстэрству нашых продкаў: у сучаснай тэкстыльнай прамысловасці з падобнымі структурамі асабіста мне не даводзілася сустракацца раней.

— Першы пояс з сатканых на прадпрыемстве “Слуцкія паясы” быў зацверджаны экспертамі як копія гістарычнага аналага, другі — як узор. Ацэнка ў абодвух выпадках вельмі высокая, аднак адкуль такія разыходжанні?
— Створаны на прадпрыемстве “Слуцкія паясы” выраб нездарма зацверджаны як копія: маюцца некаторыя разыходжанні з той структурай, якая ў гістарычным аналагу. Цалкам пояс, як яго рабілі ўручную, ні на адным станку не адновіш! І таму, вядома ж, я адыходзіла ад старажытнай тэхналогіі, але так, каб воку гэта было незаўважна, захавалася ўся арнаментыка, раскладка па колерах. Знешне копія выглядае гэтак жа, як аналаг, але ўнутры тканіны ёсць вельмі складаныя перапляценні, якія трэба было прыдумаць і выканаць — інакш атрымаць сучасны пояс было б зусім немагчыма. Разам з тым пераважную большасць элементаў старажытнай тэхналогіі ў копіі ўдалося захаваць.
Дэталёвыя даследаванні структуры вырабу дазволілі вызначыць колькасць ткацкіх прыёмаў, якія фарміруюць колеравыя эфекты. У першым поясе іх каля васьмідзесяці, для кожнага з іх пабудаваны перапляценні, якія з’яўляюцца алгарытмамі тэхнічнага малюнка, рэалізаваныя ў рэдактары камп’ютарнай праграмы, для кіравання работай жакардавай машыны. У аснове пояса выкарыстоўвалася пража з натуральнага шоўку, ва ўтку — пража з натуральнага шоўку і залатыя ніці.
Азнаямленне ж з другім поясам дазволіла зрабіць заключэнне аб некаторай неадпаведнасці яго структуры першаму аналагу.

— Дарэчы, пра шаўковыя ніці ў паясах ёсць пытанне: чаму ў аўтэнтычных вырабах шоўк “жыве”, пераліваецца мяккім святлом, а ў копіі — блішчыць, але толькі пры пэўным асвятленні?
— У гістарычным поясе выкарыстаны шоўк, атрыманы размотваннем коканаў тутавага шаўкапрада. Ён мае спецыфічны бляск, які нельга штучна прыдаць ніводнай натуральнай ніці. Зараз, наколькі нам вядома, у свеце такая сыравіна адсутнічае. Мы працуем з шаўковай кудзеляй, а яна матавая і зіхацець пачынае толькі пры яркім вуглавым святле.
Тым не менш сучасныя вырабы маюць бляск за кошт залатых і срэбных ніцей. Яны, між іншым, таксама тояць нямала загадак. Пры павелічэнні пад электронным мікраскопам ніцей, выкарыстаных у гістарычных паясах, дакладна чытаецца плоская металічная пласціна, якая абкручвае сардэчнік. А паміж віткамі гэтай 8_казарновская слуцкие пояса13(сайт)пласціны ёсць прасветы, і ў залежнасці ад колеру ніці ў сардэчніку — гэта таксама быў натуральны шоўк — залатая ці срэбная ніць набывае свае адценні. Напрыклад, у першым поясе былі ўчасткі, дзе ў сардэчніку не белая ніць, а чорная, і тады атрымліваецца крыху зеленаватае золата. У другім поясе ўвогуле яўна выражаны дзве срэбныя ніці — адна стварае фон, другая — кветкавы арнамент. Прычым плоскія металічныя пласціны, якія абкручваюць сардэчнік, аднолькавыя, аднак у самім сардэчніку выкарыстаны адпаведна зеленаватая і белая ніці — адценні атрымліваюцца розныя.
У ніцях, якія мы выкарыстоўвалі ў нашых паясах, адлегласць паміж віткамі плоскай металічнай пласціны практычна адсутнічае — бачна толькі золата ці срэбра. Таму ў другім поясе замест адной са срэбных ніцей я прапанавала выкарыстоўваць шаўковую кудзелю, пражу такога ж адцення, як у аналагу. Згубілася ў вяках і сама тэхналогія вырабу ніцей у выглядзе плоскіх металічных пласцін. Бытуе думка, быццам спачатку слуцкія паясы ткаліся з круглых ніцей, а потым праходзілі праз вальцы — як пры вырабе літых паясоў (толькі з золата і срэбра). Я з такім меркаваннем не пагаджаюся і лічу, што спачатку працягвалася ніць, а потым ткаўся пояс, таму што на шоўку няма характэрных для такой апрацоўкі пашкоджанняў.

— Заказ на выраб шасцічаўночнага ткацкага станка для вытворчасці слуцкіх паясоў, абсталяванага найноўшым сучасным праграмным кіраваннем, атрымала фірма MAGEBA (Германія). Чаму гэтаму вытворцу была аддадзена перавага?
— MAGEBA вядомая на сусветным рынку тым, што яна па заказах вырабляе абсталяванне для выпрацоўкі даволі складаных і вельмі складаных па структуры тканін. Аднак
у асноўным гэта тканіны не побытавага прызначэння, а тэхнічнага — такія як пажарныя рукавы, транспарцёрныя стужкі, рамяні бяспекі для аўтатранспарту, трубкі вельмі невялікага дыяметра, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Складанасць была ў тым, што абсталяваннем для вытворчасці побытавых тканін фірма не займаецца, тым больш тканін, якія можна аднесці да шэдэўраў сусветнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Пасля папярэдняга абмеркавання тэхнічнага задання мы спыніліся на варыянце шасцічаўночнага станка — гэта аптымальная колькасць чаўнакоў, з якой можна рэканструяваць усе элементы пояса. Яе павелічэнне, з аднаго боку, значна ўскладніла б станок канструкцыйна, з другога — істотна павялічыўся б яго кошт.
Праграму для кіравання работай станка выканала нямецкая фірма ЕАТ. Але для таго, каб яе выкарыстоўваць, трэба было знайсці адпаведныя алгарытмы. Тэхналогію, якая ўключае сыравіну, заправачныя параметры станка, шчыльнасць па аснове і па ўтку, праграмаванне работы плацін жакардавай машыны мы распрацоўвалі самі. Як і пра-грамаванне работы чаўнакоў і, галоўнае, саму структуру — яна перакладзена на алгарытмы ў выглядзе перапляценняў. У першым поясе былі варыянты, дзе іх было досыць многа. Толькі ўявіце: 9 колеравых эфектаў у поясе, а перапляценняў каля 80! А быў жа яшчэ варыянт, дзе мы стараліся аблегчыць пояс, я мяняла перапляценні і шчыльнасці ў галаве і сярэдзіне пояса — дык там 94 перапляценні.
Спачатку мы непасрэдна на месцы азнаёміліся з магчымасцямі фірмы MAGEBA, абмеркавалі параметры работ, была дамоўленасць, што я адсылаю нямецкім партнёрам свае перапляценні і запраўку. Другая паездка ў Германію была вельмі адказнай: ужо быў зманціраваны станок, і тэарэтычна можна было паглядзець, што мы будзем мець на гэтым абсталяванні. Канечне ж, хвалявання было… Тым больш што немцы не аднавілі тую запраўку, якую я ім перадала. Першы раз прыйшлося перазапраўляць станок, таму што па прычыне тэхналагічнай неадпаведнасці ніці абрываліся — выпраўленне займае цэлы дзень. На другі дзень ламаецца адзін з чаўнакоў. На трэці — аказваецца, што фірма ЕАТ не можа зразумець структуру і рэалізаваць усё зробленае намі ў праграме. Праграма не ідзе, чаўнакі ходзяць не так, як трэба, на станку нічога не фарміруецца…
Я ў паніцы: тэрмін камандзіроўкі заканчваецца, а нічога не атрымліваецца! І ўяўляеце, усяго за некалькі гадзін да майго ад’езду з Германіі да праграміста, які працуе ў другім горадзе, прыходзіць разуменне, як выканаць адаптаваную да станка праграму. І ён гэта робіць, па інтэрнэце перасылае нам. Мы зноў запускаем станок, і па тым, як пайшоў узор, я ўбачыла — усё, перамога!
Работы прадоўжыліся ў Слуцку. Мне нават цяжка сказаць, колькі варыянтаў намі было адпрацавана, каб атрымаць у выніку тое, што зараз маем. Не ішоў пруг, з ім я вазілася тыдні тры, часам да 16 гадзін у дзень, — выканалі. Вялікая праблема была з тым, каб атрымаць чыстыя колеравыя эфекты. Прыйшлося выдумляць новыя перапляценні, ход чаўнакоў.
Увогуле для першага пояса распрацавана 2 тэхналогіі. Зацверджаная копія зроблена па другой. Яна досыць працаёмкая і патрабуе на выраб ад 60 гадзін, але па першай, больш складанай тэхналогіі — думаю, нават не менш 90 гадзін атрымаецца. Але ўпэўнена, што ў наступных паясах менавіта да гэтай тэхналогіі мы вернемся, яна заслугоўвае ўвагі, таму што пояс атрымліваецца больш лёгкі.

— Вядома, што ВДТУ мае непасрэднае дачыненне і да фірменнага знака прадпрыемства “Слуцкія паясы”, які зараз упрыгожвае фасад будынка…
— Калі абазначылася праграма па слуцкіх паясах, адным з яе раздзелаў была распрацоўка ўпакоўкі і фірменнага стылю. Я звярнулася да выкладчыка камунікатыўнага дызайну Наталлі Тарабука і папрасіла яе далучыць да праекта таленавітую моладзь: фірменнага знака для слуцкіх паясоў на той час не было, ён патрабаваўся тэрмінова.
За работу ўзяўся і выдатна яе выканаў наш студэнт Максім Лашчэўскі. Распрацаваны ім знак, зацверджаны геральдычным саветам, мае дакладную геаметрычную будову, якая выклікае адчуванне якасці, цвёрдасці, візуальнай сіметрычнасці і сістэмнасці. У аснове знака два асноўныя элементы-сімвалы: кветка канюшыны, размешчаная ў стылізаванай форме герба. Адносіны знак — фон пабудаваны на ярка выражаным колеравым і тонавым кантрасце, усе элементы візуальна падкрэсліваюць стылістыку адраджэння гістарычнага кантэксту слуцкіх паясоў. Дыпломнай рабоце Максіма “Інфармацыйная падтрымка прадукцыі РУП “Слуцкія паясы”. Гандлёвая марка” прысвоена І катэгорыя ў рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ студэнтаў.
Зараз па слуцкіх паясах я чытаю лекцыі ва ўніверсітэце, праводжу лабараторныя работы і на двух сваіх курсах — работа ў матэрыяле і па тэхналогіі — даю студэнтам заданні па распрацоўцы на камп’ютары сувенірнай прадукцыі па матывах слуцкіх паясоў. Сама тэма — гэта проста невычэрпная крыніца для творчасці! У мінулым годзе ў нас былі дываны, шалікі, сурвэткі… Сёлета я ўзяла дыпломніцу — думаю, што яна будзе працаваць на прадпрыемстве “Слуцкія паясы” (у нас ёсць адтуль заяўка на дызайнера-тэкстыльшчыка) — і вось у малюнку адзін шалік гатовы. Зараз мы робім тэхнічны малюнак, і па ўсім відаць, што работа будзе цікавая і перспектыўная.
Што тычыцца вытворчасці паясоў у Слуцку, то гэтая катэгорыя прадукцыі з’яўляецца элітнай і адпаведна адносіцца да коштавага сегмента вышэйшага за сярэдні і вышэйшага. Для такіх вырабаў распрацаваны фірменны стыль, які адпавядае ўсім патрабаванням як гістарычнай каштоўнасці, так і сучаснай кан’юнктуры на рынку арыгінальных нацыянальных сувеніраў.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і Галіны КАЗАРНОЎСКАЙ.