Медаль за працу, або У чым гонар рабочай прафесіі

- 13:31World Skills

Сутыкнуўшыся з праблемай недакамплектавання ўстаноў дашкольнай адукацыі і пачатковай школы педагагічнымі кадрамі, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама наважыўся вырашыць яе сваімі сіламі за кошт устаноў прафесійнай адукацыі. У Мінскім каледжы сферы паслуг была пачата падрыхтоўка выхавальнікаў дашкольных устаноў, а ў гэтым навучальным годзе — настаўнікаў пачатковых класаў. Як гэта адбывалася і што ўвогуле характэрна для сённяшняй прафесійнай школы сталіцы, як расце ў сталіцы рух WorldSkills і JuniorSkills, нашым чытачам расказала загадчыца сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама А.І.ЧАРНЫХ.

— Алена Іванаўна, сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі толькі што адзначыла сваё 75-годдзе. Пройдзены доўгі і цярністы шлях яе развіцця. А што характэрна для сённяшняй сталічнай прафтэхшколы?
— Сталічная прафесійна-тэхнічная адукацыя, безумоўна, вельмі змянілася за апошні час. Ёй характэрна дынамічнае развіццё, укараненне інавацый, пашырэнне спектра прафесій згодна з тымі патрабаваннямі, якія прапаноўвае рынак працы. Інавацыйныя падыходы паўплывалі і на структуру сістэмы прафесійнай адукацыі. На сённяшні дзень у нас налічваецца 12 каледжаў, 8 прафесійных ліцэяў і 2 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — гэта каледж сферы абслугоўвання і каледж электронікі. Новы, больш высокі статус атрымаў у гэтым годзе Мінскі ліцэй лёгкай прамысловасці, які стаў прафесійна-тэхнічным каледжам лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі. Ва ўстанове адкрыты ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў менавіта для лагістычнага спектра эканомікі, які сёння вельмі запатрабаваны. Адкрыццё такой спецыяльнасці, як “Комплексная лагістыка”, цалкам апраўдана, таму што гэтая галіна вельмі бурна развіваецца і патрабуе камплектавання высакакласнымі спецыялістамі. Папярэдне мы заключылі дагаворы з лагістычнымі цэнтрамі і, адпаведна, пад іх заказ будзем рыхтаваць кадры. Сёлета на гэтую спецыяльнасць мы ажыццявілі прыём навучэнцаў на базе 9 класаў і сфарміравалі з іх адну вучэбную групу, столькі ж навучэнцаў узялі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Алена Іванаўна, ці справіліся вы сёлета з прыёмам?
— У гэтым годзе кантрольныя лічбы прыёму ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі склалі 4842 чалавекі. Гэтая лічба ў асноўным стабільная з году ў год. Мы, па сутнасці, справіліся з прыёмам, хаця па-ранейшаму існуе дэмаграфічны спад і пакуль колькасць выпускнікоў школ не павялічваецца. Перашкаджае набраць навучэнцаў у поўным аб’ёме існуючая тэндэнцыя паступлення выпускнікоў школ у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Звычайна ў прафтэхустановы паступаюць тыя, хто не паступіў ва УВА.
Калі браць установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то там праблем з камплектаваннем не было. У каледжы сферы паслуг мы пачалі падрыхтоўку выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковай школы. Як вядома, некалькі гадоў запар існавала праблема недахопу кадраў у адукацыйнай галіне менавіта па гэтых прафесіях. Ёсць вакансіі пакуль і сёння, асабліва ў новых мікрараёнах. Безумоўна, мы павінны былі адрэагаваць на такую сітуацыю, найбольш аператыўна выправіць яе, бо нашы школы заставаліся без неабходных педагогаў, а дзіцячыя садкі — без выхавальнікаў. Мы вырашылі змяніць сітуацыю ў лепшы бок за кошт асабістых сіл. У каледжы сферы паслуг набралі дзве групы навучэнцаў па спецыяльнасці “Дашкольнае навучанне” пасля 9 класаў, а ў гэтым годзе — выпускнікоў 9-х класаў па спецыяльнасці “Пачатковае навучанне”. Пасля 11 класаў на завочнае навучанне набралі 15 чалавек. На завочнае навучанне ў нас было 3 чалавекі на месца. Мы нават не разлічвалі на такі інтарэс сярод моладзі да педагагічнай сферы. Гэта пацвярджае, што прэстыж настаўніцкай прафесіі сярод маладых людзей паступова ўзнімаецца. Улічваючы тое, што запатрабаванасць у кадрах па гэтых прафесіях пакуль застаецца, прыём у наступным годзе будзе павялічаны.
Каб забяспечыць паступленне абітурыентаў на гэтыя прафесіі ў поўным аб’ёме, мы цесна працавалі з упраўленнямі адукацыі ўсіх раёнаў сталіцы. Там акумулявалася інфармацыя аб існуючых вакансіях, і згодна з гэтымі данымі мы маглі сфарміраваць аб’ём падрыхтоўкі. У школах вялася актыўная прафарыентацыйная работа сярод навучэнцаў. У выніку паступалі ў каледж не выпадковыя падлеткі, а матываваныя, якія ўсвядомлена выбралі педагагічную дзейнасць.

— Прафесія рабочага сёння набывае новыя рысы адпаведна міжнародным тэндэнцыям, мяняецца погляд на рабочую прафесію і з боку моладзі, але любоў да рабочай прафесіі пакуль у зародку ў маладзёжным асяроддзі…
— Відавочна, што трэба шукаць больш эфектыўныя рычагі ўздзеяння на свядомасць нашых падлеткаў, каб іх выбар усё ж быў скіраваны на рабочую прафесію. Сёння трэба фарміраваць светапогляд у маладых людзей, што паспяховасць жыццёвага шляху вызначаецца не толькі тым, што ты атрымаў вышэйшую адукацыю. Атрыманы дыплом яшчэ не дае гарантыю ўдала ўладкавацца ў жыцці, атрымаць высокую пасаду і вялікі заробак. Самы аптымальны варыянт — пачынаць свой жыццёвы шлях з набыцця рабочай прафесіі, з умення нешта рабіць сваімі рукамі, а потым удасканальваць свае веды на іншых узроўнях адукацыі, больш высокіх, і гэтым паступовым шляхам дайсці да атрымання вышэйшай адукацыі, але ж не адразу, а прыступка за прыступкай, раз за разам назапашваць прафесійны патэнцыял.
Такі светапогляд трэба фарміраваць у дзяцей з маленства, пачынаць прафарыентацыю не з выпускных класаў у школе, а як мага раней. І, безумоўна, знаходзіць усё новыя і новыя варыянты да павышэння інтарэсу нашых дзяцей да рабочай прафесіі. Магчыма, вельмі дарэчы выкарыстаць і сусветны вопыт, у прыватнасці, міжнародны рух JuniorSkills, які прыйшоў і ў нашу краіну. Для яго паспяховага развіцця мы падрыхтаваны.
Я маю на ўвазе дзейнасць на базе прафтэхустаноў аддзяленняў дапрафесійнай падрыхтоўкі або тых самых вучэбна-вытворчых камбінатаў, якія мы захавалі і якія сёння прадукцыйна працуюць, у тым ліку і ў прафарыентацыйнай рабоце. У 2013 годзе адбылася перадача вучэбна-вытворчых камбінатаў у сістэму прафесійнай адукацыі. Такія камбінаты створаны ў прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва, у каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, каледжы лёгкай прамысловасці і транспартнай лагістыкі, ліцэі № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага будаўніцтва. Дзеці, якія праходзяць курс прафесійнай падрыхтоўкі ў гэтых камбінатах, нярэдка выбіраюць рабочую прафесію. Гэта значыць, што педагогі змаглі паўплываць на іх прафесійны выбар і зацікавіць рабочай прафесіяй. Цяпер у аддзяленнях дапрафесійнай падрыхтоўкі вучацца каля 4 тысяч школьнікаў па 24 прафесіях. Пералік прафесій, па якіх вучаць школьнікаў у ВВК, пастаянна карэкціруецца, уводзяцца новыя, больш сучасныя, з улікам патрабаванняў, якія прад’яўляе рынак працы. Навучанне праводзіцца адзін раз у тыдзень. Пасля заканчэння навучання школьнікам прысвойваецца мінімальны разрад. Як правіла, у школьнікаў у час навучання ў такіх аддзяленнях павышаецца інтарэс да працоўнай дзейнасці з ранняга ўзросту, яны актыўней удзельнічаюць у алімпіядах па працоўным навучанні. Такім чынам, гэтыя аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі дазваляюць пасеяць у душы нашых падлеткаў зерне любові да працы, якое мы будзем прарошчваць у іх далейшым жыцці.

— Вельмі важны ў гэтым удзел устаноў прафесійнай адукацыі. Як заваёўваюць яны сваю папулярнасць?
— Сёння дастаткова імкліва мяняецца матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў. Яна больш сучасная, высокатэхналагічная, што дазваляе праводзіць практычнае навучанне на адным узроўні з рэальнай вытворчасцю. Увогуле, змест навучання фарміруецца разам з заказчыкамі кадраў, што ўрэшце дазваляе рыхтаваць менавіта тых рабочых і спецыялістаў, якія цалкам адаптаваны да сучаснай вытворчасці.
З улікам патрэб эканомікі, канкрэтных заказчыкаў кадраў пералік прафесій, па якіх рыхтуюць установы прафесійнай адукацыі, пастаянна абнаўляецца, удасканальваецца. Калі яны не запатрабаваны, то мы можам іх выключыць увогуле, увесці новыя, на якія ёсць попыт. Для гэтага выходзім на рынак працы, непасрэдна на раённыя службы занятасці, на самі прадпрыемствы і арганізацыі. Кожная навучальная ўстанова заключае з імі адпаведныя дагаворы, каб пасля заканчэння вучобы выпускнікі ўстаноў атрымалі канкрэтнае рабочае месца. Найбольш запатрабаванымі ў гэтым годзе сталі такія прафесіі, як кухар, цырульнік, маляр-тынкоўшчык-абліцоўшчык-плітачнік, укладчык падлогавых пакрыццяў, слесар па рамонце аўтамабіляў, вадзіцель аўтамабіляў для міжнародных перавозак, машыніст аўтамабільнага крана.
У рамках прафарыентацыйнай работы штогод нашы ўстановы прафесійнай адукацыі ўдзельнічаюць ва ўжо вядомай міжнароднай спецыялізаванай выставе “Адукацыя і кар’ера”. Кожная з іх прадстаўляе на ёй стэнд з поўнай інфармацыяй аб сваёй дзейнасці. Таксама выкарыстоўваецца друкаваная прадукцыя, выступленні агітбрыгад з ліку навучэнцаў і педагогаў гэтых устаноў, праводзяцца майстар-класы. Школы таксама ўдзельнічаюць у выставе. Для школьнікаў праводзяцца экскурсіі па выставе, сустрэчы з калектывамі навучальных устаноў, з самімі навучэнцамі.
Гэтая выстава стала правадніком для развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва. Так, у рамках правядзення ХII выставы “Адукацыя і кар’ера” прайшоў міжнародны круглы стол “Прафесійная адукацыя моладзі: вопыт, інавацыі, праблемы і перспектывы”. У выніку работы было падпісана 6 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж маскоўскімі і мінскімі ўстановамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У прыватнасці, вучэбна-метадычны цэнтр па прафесійнай адукацыі заключыў дагавор з дэпартаментам адукацыі Масквы, Мінскі ПТК швейнай вытворчасці супрацоўнічае з Маскоўскім тэхналагічным каледжам № 24, Мінскі ПТК кулінарыі — з каледжам сферы паслуг № 32 Масквы, Мінскі прафесійны ліцэй №12 — з Маскоўскім будаўнічым тэхнікумам № 30, Мінскі ПТК лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі — з Маскоўскім тэхналагічным каледжам № 21. Мы праводзім сумесныя вэб-семінары, круглыя сталы, абмен дэлегацыямі. Нашы маскоўскія калегі прыязджалі ў Мінск для святкавання 75-годдзя прафтэхадукацыі нашай краіны. Адназначна, гэтае супрацоўніцтва — перспектыўны кірунак у развіцці сталічнай прафесійнай адукацыі, яно прыносіць нам новыя ідэі, свежыя думкі, дае багаты вопыт, таму мы вельмі даражым ім.
Ёсць яшчэ адзін вопыт. На базе Мінскага ПТК дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А. Кедышкі адкрыўся вучэбны салон-магазін ПрафМайстар” для рэалізацыі прадукцыі, вырабленай у вучэбных майстэрнях падчас вытворчага навучання і вытворчай практыкі. У магазіне функцыянуюць тры секцыі: будаўніцтва і машынабудаванне; лёгкая прамысловасць, швейная вытворчасць і сфера паслуг;дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

— Сапраўдным дасягненнем сталічнай прафесійнай адукацыі можна лічыць адкрыццё рэсурсных цэнтраў, дзейнасць якіх у значнай меры паўплывала на выдатнае выступленне беларускай каманды ў міжнародных спаборніцтвах WorldSkills.
— Гэта так. Сталічныя рэсурсныя цэнтры з’яўляюцца пляцоўкай для падрыхтоўкі канкурсантаў для рэгіянальных і міжнародных спаборніцтваў на ўзроўні сусветных аналагаў. Там праходзіла трэніроўка нашых канкурсантаў да І Нацыянальнага чэмпіянту WorldSkills Belarus, а потым да міжнародных, якія адбыліся ў Расійскай Федэрацыі і Бразіліі. І, як вядома, удзельнікі беларускай каманды з Мінска дастойна выступілі на гэтых спаборніцтвах, аб чым сведчыць медаль WorldSkills, заваяваная навучэнкай Мінскага ПТК швейнай вытворчасці Вольгай Закрэўскай.
Цяпер у Мінску дзейнічаюць чатыры рэсурсныя цэнтры. Гэта цэнтр, створаны на базе Мінскага ПТК швейнай вытворчасці па спецыяльнасці “Швейная тэхналогія і вытворчасць швейных вырабаў”, на базе Мінскага прафесійнага ліцэя № 12 будаўнікоў па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў у галіне халадзільнага і кліматычнага абсталявання на базе Мінскага механіка-тэхналагічнага ПТК і па спецыяльнасцях “Мехатроніка”, “Мікраэлектроніка”, “Тэхналогія вытворчасці вырабаў электроннай і мікраэлектроннай тэхнікі”, а таксама падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у галіне робататэхнікі і мікраэлектронікі на базе Мінскага каледжа электронікі. У гэтых цэнтрах ажыццяўляецца інтэграцыя матэрыяльна-тэхнічных, інфармацыйных і інтэлектуальных рэсурсаў адукацыі, ажыццяўляецца вучэбна-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу — адным словам, рэсурсныя цэнтры — гэта цэнтры інавацый. Яны забяспечаны найноўшым абсталяваннем, новымі тэхналогіямі, метадычнымі напрацоўкамі, тут працуюць высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, педагогі-наватары.
Аснасціць цэнтры па самым апошнім слове тэхнікі дапамагаюць спонсары, вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі. Напрыклад, у механіка-тэхналагічным каледжы рэсурсны цэнтр аснашчаны за кошт базавага прадпрыемства “Хладон”, які выдаткаваў на абсталяванне цэнтра вялікую суму грошай. Дапамагае аснашчаць рэсурсны цэнтр у каледжы электронікі прадпрыемства “Інтэграл” і інш. Дадаткова аказваецца спонсарская дапамога з боку замежных інвестараў. Яны дастаткова трывала ўмацаваліся на нашым рынку і маюць патрэбу ў добра падрыхтаваных кадрах, таму гатовы ўкладваць сродкі ў іх падрыхтоўку, набываць неабходныя матэрыялы і абсталяванне, каб навучанне будучых рабочых цалкам адпавядала іх запытам.

— Як рыхтуецеся да арганізацыі і правядзення наступных WorldSkills і JuniorSkills?
— У мінулым годзе мы праводзілі гарадскі WorldSkills па шэрагу кампетэнцый на базе навучальных устаноў таго ці іншага профілю. Пераможцы рэгіянальнага спаборніцтва прынялі ўдзел у І Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus па 9 кампетэнцыях. Гэта 4 кампетэнцыі будаўнічага профілю, рэстаранны сэрвіс, кандытарскае, кулінарнае, цырульніцкае мастацтва і дызайн адзення. Па гэтых жа кампетэнцыях будзем выступаць і ў наступным годзе. Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі пачынае серыю рэспубліканскіх інструктыўна-метадычных нарад па кожнай з кампетэнцый, па якіх плануецца ўдзел нашых канкурсантаў на будучых міжнародных спаборніцтвах, і згодна з прынятымі рашэннямі будзем пачынаць работу ў рамках WorldSkills на рэгіянальным узроўні і па ўключэнні ў яго юніёрскага спаборніцтва. У нас створана гарадское вучэбна-метадычнае аб’яднанне, скіраванае на падрыхтоўку і арганізацыю WorldSkills на рэгіянальным этапе, на яго метадычнае забеспячэнне, на распрацоўку заданняў. У аб’яднанне запрошаны лепшыя педагогі, кіраўнікі ўстаноў, метадысты, вытворцы, веды і вопыт якіх, безумоўна, паўплываюць на якасную падрыхтоўку сталічнай каманды да ўдзелу спачатку ў гарадскіх, а потым і рэспубліканскіх спаборніцтвах WorldSkills, а магчыма, і міжнародных. Балазе, вопыт у заваёўванні медалёў у нас ужо ёсць.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.