Медаль за служэнне адукацыі

- 10:00Навіны рэгіёнаў

У ліку тых, хто напярэдадні Новага года атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За працоўныя заслугі”, прафсаюзны лідар Валянціна Максіменка з Рагачоўскага раёна.

Валянціна Аркадзьеўна прысвяціла сі­стэме адукацыі Рагачоўшчыны 41 год. Яна пачынала працоўную дзейнасць старшай піянерважатай у вясковай школе на Віцебшчыне, скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава. Настаўнічала таксама ў Віцебскай вобласці, а ў 1980 годзе пераехала на Рагачоўшчыну, дзе стала метадыстам, а потым і кіраўніком раённага вучэбна-метадычнага кабінета. З 2004 па 2019 год Валянціна Максіменка ўзначальвала Рагачоўскую раённую арга­нізацыю Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі.

Яе калегі расказваюць, што Рагачоўскі райкам прафсаюза заўсёды быў лідарам у рабоце па абароне інтарэсаў работнікаў сістэмы адукацыі. Напрыклад, у абласным конкурсе на лепшую работу райкамаў прафсаюза па стварэнні ўмоў для творчай працы, умацавання здароўя, адпачынку тры гады запар (2015—2017) Рагачоўскі райкам быў пераможцам, а ў 2018 годзе — пераможцам у намінацыі “За эфектыўную работу па арганізацыі грамадскага кантролю за аховай працы”.

Усе, з кім доўгія гады працавала Валянціна Аркадзьеўна, гавораць, што яна — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, здольны ўплываць на тых, хто побач, і весці іх за сабой. Адзін прыклад: пры актыўным удзеле раённага камітэта прафсаюза для павышэння заработнай платы работнікам галіны, якія працуюць на ўмовах кантрактнай формы найму, былі ўстаноўлены павышаючыя каэфіцыенты па кантрактах у памеры 30—50%. У выніку сярэдняя зарплата ў сферы адукацыі Рагачоўшчыны — самая высокая ў параўнанні з іншымі раёнамі вобласці.

Штогод пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі раёна ўзнагароджваюцца за актыўны ўдзел у абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу на лепшую арганізацыю прафсаюзамі грамадскага кантролю па ахове працы. Крэатыўна і цікава тут вядзецца культурна-масавая, фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць, работа з маладымі спецыялі­стамі і ветэранамі працы. Творчыя калектывы раёна ўдзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах і фестывалях галіновага прафсаюза і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.