Нездарма гавораць, што медалі за працу і за бой выліты з аднаго металу. Палкоўнік у адстаўцы Пётр Іванавіч Пермякоў неаднаразова быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Цікава, што Пётр Пермякоў нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Пермякова Пермскай вобласці, дзе яго і застала вайна. На той час яму споўнілася 14 гадоў. Яшчэ не атрымаўшы на рукі пасведчанне аб заканчэнні сямі класаў, ён уладкаваўся на работу ў саўгас у райцэнтры Бярэзнікі, што на рацэ Каме. Усё лета разам з брыгадай хадзіў працаваць на бульбяныя палеткі. А на зіму яго накіравалі дапамагаць слесару, які рамантаваў шалі, жалезны посуд у сталоўцы. Аднак доўга папрацаваць Пятру Іванавічу ў ёй не давялося. Са слесарам здарылася бяда, і хлопца перавялі ў сталярную майстэрню, дзе ён самастойна асвоіў сталярную справу. Толькі за адну зіму хлопец змайстраваў каля 100 табурэтак.
Пазней Пермякову пашанцавала аказацца на магніевым заводзе, які знаходзіўся недалёка ад роднай вёскі. Пасля трохмесячных курсаў рахункаводаў ён змог уладкавацца туды ў бухгалтэрыю, дзе і працаваў да арміі. Як толькі Пятру Іванавічу споўнілася 17 гадоў, ён сам пайшоў у ваенкамат. “У нашай мясцовасці на той час амаль усе школы былі пераўтвораны ў шпіталі, куды пад вясну звозілі параненых, — расказвае Пётр Пермякоў. — Я глядзеў і думаў, што калі яны не могуць ваяваць, то тады я, здаровы і малады, павінен узяцца за зброю. У ваенкамаце мяне накіравалі прайсці медкамісію для лётчыкаў. Дзень Перамогі, 9 Мая, сустракаў ужо курсантам Чэлябінскага ваенна-авіяцыйнага вучылішча штурманаў і стралкоў-радыстаў”.
Пасля заканчэння вучылішча ў 1945 годзе Пётр Пермякоў пачаў служыць у Беларусі, у маленькім горадзе Стары Быхаў. Памятае, як афіцэры і салдаты жылі тады ў адной казарме, бо ў Старым Быхаве практычна немагчыма было знайсці ўцалелага будынка. Горад быў зруйнаваны фашыстамі. Праслужыў Пётр Іванавіч усяго два месяцы, а потым медыцынская камісія спісала яго з лётнай службы, выявіўшы парушэнні зроку.
Пятра Пермякова перавялі ў роту сувязі. Дапамагло тое, што ў Чэлябінскім вучылішчы ён спасціг навуку радыстаў, таму ўжо ў Оршы ён пачаў рыхтаваць радыстаў лётнага і наземнага складу войскаў, а таксама забяспечваць палёты самалётаў радыёсувяззю. На аэрадроме Болбасава пад Оршай Пётр Іванавіч служыў начальнікам вучэбнага палігона. Аэрадром быў засакрэчаны, бо менавіта тут стаялі новенькія ТУ-16, тэхнічныя характарыстыкі якіх не выдаваліся.
Пасля Болбасава Пётр Пермякоў каля 10 гадоў праслужыў у войсках авіяцыі ў Чыце, дзе быў зампалітам асобнага дывізіёна сувязі. Пазней стаў намеснікам начальніка аддзела сувязі паветранай арміі Чыцінскай ваеннай акругі.
Яшчэ падчас службы ў Оршы Пётр Іванавіч скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Таму пасля выхаду ў адстаўку змог заняць пасаду дырэктара курсаў па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці, а пазней стаў загадчыкам кабінета палітэканоміі адной з кафедраў Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
З 1994 па 2001 год Пётр Іванавіч з’яўляўся вартаўніком хімічных складоў і гаража службы бяспекі БДУ. Сёння яму 88 гадоў, і ён дагэтуль цікавы субяседнік і можа расказаць нямала аб сваім ваенным мінулым.
Ганна ЛАГУН.