Медальны ITYM-2019

- 11:20Якасць адукацыі

З 1 па 8 ліпеня 2019 года ў іспанскай Барселоне прайшоў ХІ Міжнародны турнір юных матэматыкаў ITYM-2019. Выступленне каманд, якія прадстаўлялі нашу краіну, стала медальным.

Пасля папярэдняга адбору на турнір былі запрошаны 15 каманд з 10 краін: Беларусі (2 каманды), Балгарыі, Германіі (2 каманды), Грузіі, Польшчы, Расіі (2 каманды), Румыніі (2 каманды), Тайланда, Украіны, Францыі (2 каманды). Акрамя таго, прысутнічалі назіральнікі з Іспаніі.

Асноўная беларуская каманда атрымала залатыя медалі, падзяліўшы 1-е месца з французамі. Другая каманда з Беларусі (яна была адабрана па выніках удзелу ў зборах па падрыхтоўцы да турніру) заняла 5-е месца і заваявала сярэбраныя медалі. Віншуем!

У складзе “залатой” каманды выступалі Дзмітрый Гаравы з гімназіі № 75 Мінска імя П.В.Масленікава, Кацярына Дуль з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, Юлія Жалтоўская з Ліцэя БДУ, выпускніца Ліцэя БДУ Марыя Захарнева, выпускнік гімназіі № 29 Мінска Уладзімір Кузьміцкі і Аляксандр Пячонкін, выпускнік гімназіі № 71 Гомеля.

Сярэбраныя медалі атрымалі Мікіта Баранаў з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, выпускнік гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Данііл Гомза, Андрэй Ганчарэнка з гімназіі № 71 Гомеля, Марына Горбач з гімназіі № 4 Мінска, Мірон Ладыжанка з Ліцэя БДУ і Антон Суравежкін, выпускнік гімназіі № 29 Мінска.

Турнір юных матэматыкаў — гэта каманднае спаборніцтва навучэнцаў ва ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы, правільна і пераканаўча падаваць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Спаборніцтва складаецца з некалькіх паслядоўных матэматычных баёў, у якіх каманды па чарзе прадстаўляюць свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў для іншых удзельнікаў. Рабочая мова турніру — англійская. Галоўныя мэты спаборніцтва — павышэнне цікавасці да матэматыкі, развіццё навуковага мыслення, камунікатыўных навыкаў і ўмення працаваць у камандзе.

Усе ўдзельнікі, арганізатары і члены журы звярнулі ўвагу на выдатнае правядзенне турніру, цікавую барацьбу, добрую падрыхтоўку перш за ўсё беларускіх каманд. Кіраўнік першай беларускай каманды Антон Варанько адзначыў, што, каб паспяхова выступаць на міжнародным турніры, трэба ведаць “дарослую” матэматыку, бо задачы гэтага спаборніцтва складаюцца на тэмах, якія ў школе не вывучаюцца. У прыватнасці, гаворка ідзе пра графы, тэорыю груп. “Без ведаў абстрактнай алгебры, матэматычнага аналізу, паслядоўнасці не атрымаецца рашыць турнірныя задачы. Удзельнікам міжнароднага турніру прапануецца 10 задач. Нашы каманды прыехалі з 7 задачамі, якія гатовы былі абараняць. Кожная каманда прадстаўляла па 3 задачы, так што ў нас быў запас для манеўра”, — заўважыў кіраўнік каманды.

Каманды Рэспублікі Беларусь ва ўсіх міжнародных турнірах юных матэматыкаў займалі высокія месцы і атрымлівалі медалі, усяго яны заваявалі 15 медалёў: 7 залатых, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя, што з’яўляецца лепшым вынікам сярод усіх краін — удзельніц гэтых турніраў.

Варта адзначыць, што асноўнымі ініцыятарамі і арганізатарамі ITYM з’яўляюцца матэматыкі 2 універсітэтаў: універсітэта Парыж-Сюд (Францыя) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі). Увогуле, агульныя правілы правядзення міжнароднага турніру заснаваны на правілах беларускага турніру юных матэматыкаў. Рэспубліканскі турнір праходзіць ужо шмат гадоў, мае даўнія традыцыі і вялікі вопыт (у снежні 2018 года адбыўся ХХ Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў). У ім часта прымаюць удзел замежныя каманды: з Расіі, Балгарыі, Казахстана, Украіны (у розныя гады), а таксама члены журы, у тым ліку з Францыі і Расіі.

Сёлета навуковае кіраўніцтва падчас збораў па падрыхтоўцы каманд нашай краіны да турніру і непасрэдна ў час яго правядзення ажыццяўлялі ў асноўным супрацоўнікі і студэнты ФПМІ БДУ: дацэнты П.А.Мандрык, Б.В.Задворны, М.М.Васькоўскі, асістэнты Я.Б.Задворны, А.Д.Хмыз, студэнты Антон Варанько, Мікалай Прохараў (усе з ФПМІ), Ліяна Хазалія (механіка-матэматычны факультэт БДУ), а таксама старшы выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Мурашка.

У склад міжнароднага аргкамітэта і журы турніру ад Рэспублікі Беларусь уваходзілі дацэнты Б.В.Задворны (віцэ-прэзідэнт Міжнароднага арганізацыйнага камітэта), М.М.Васькоўскі і П.А.Мандрык (усе з ФПМІ).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.