Медыяадукацыя, або Як вучыць па-новаму

- 16:08Нам пішуць

Менавіта пра гэта ішла размова ў час правядзення раённага семінара для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце «Узаемадзеянне суб’ектаў адукацыі — як умова развіцця інавацыйнай адукацыйнай прасторы» ў сярэдняй школе аг. Пагранічны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, які праходзіў 23 лістапада 2016 года.

Дырэктар школы Іна Лявонцьеўна Кергет расказала аб кіраванні рэалізацыяй інавацыйнага праекта ва ўстанове адукацыі, акцэнтавала ўвагу на праблемах і асаблівасцях дзейнасці на практычным этапе.

У ходзе майстар-класа, які быў праведзены намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Гражынай Станіславаўнай Некала, удзельнікі семінара пазнаёміліся з такімі паняццямі як «медыяадукацыя», «медыякампетэнтнасць», «медыякультура»; змаглі пераканацца ў тым, што медыяадукацыя — гэта жыццёвая неабходнасць, вызначыць шляхі ўкаранення медыяадукацыі ў адукацыйны працэс.

Далей намеснікам дырэктараў быў прэзентаваны вопыт работы па тэме інавацыі. Стэндавы даклад, прадстаўлены Людмілай Уладзіміраўнай Конік, расказаў, як у працэсе працы з медыйнымі тэкстамі адбываецца фарміраванне медыякультуры вучняў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўнікі-інаватары Вольга Мікалаеўна Конік і Тэрэса Антонаўна Кароль прадэманстравалі як, выкарыстоўваючы розныя медыякрыніцы, зрабіць урокі рускай мовы і літаратуры ярчэй і цікавей. На фрагменце ўрока па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”, праведзеным Людмілай Аляксееўнай Турок, прысутныя ўбачылі, што сістэмнае выкарыстанне медыярэсурсаў станоўча адбіваецца на развіцці крытычнага мыслення, ўменні параўноўваць і аналізаваць.

Правядзенне пазакласнай работы павышае цікавасць вучняў да вучэбнага прадмета, лічыць настаўнік геаграфіі Валянціна Валянцінаўна Сахнова і даказвае гэта прысутным падчас правядзення інтэрактыўнай гульні «Галопам па Еўропе».

Гражына НЕКАЛА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы
аг. Пагранічны Бераставіцкага раёна.