Медыямасток у прафесію

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі завяршыўся Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў “Ты ў эфіры!”.  Адбор фіналістаў доўжыўся ўсю восень і праходзіў сярод тых дзяцей, якія асвойваюць журналістыку ў школах і ўстановах дадатковай адукацыі краіны. У выніку ў фінальны эфір трапілі 30 чалавек. Сваіх уладальнікаў знайшлі ўзнагароды ў 4 намінацыях: “Друкаваны матэрыял”, “Сацыяльная сетка”, “Фотарэпартаж” і “Відэаматэрыял”.

Надзея Васільчанка, дырэктар  НЦМТДіМ, вітаючы пераможцаў, падкрэсліла важнасць выбранай імі сферы. Яна адзначыла, што можна шмат чаго цікавага рабіць, напрыклад, у межах дзейнасці маладзёжных парламентаў, але гэта будзе малаэфектыўна, калі пра гэта ніхто не ведае. Вось чаму так важна жаданне юных журналістаў падмеціць цікавыя падзеі і ўменне расказаць пра іх у сваіх матэрыялах, фотаздымках, відэароліках.  Асабліва прыемна, адзначыла Надзея Васільеўна, назіраць, як з кожным годам усё “маладзеюць” удзельнікі, бо дзеці з маленства вучацца выка­зваць сваю пазіцыю, свой погляд, гэта дарагога каштуе. 

Марына Батвіноўская, настаўніца рускай і беларускай мовы Гудзевіцкай сярэдняй школы: “Я сама марыла некалі стаць журналістам, усё дзяцінства пісала матэрыялы для дзіцячых газет, як лепшы юнкар была ўзнагароджана паездкай у “Зубраня”, але кафедра журналістыкі была толькі ў Мінску, а кідаць свае Гудзевічы і ехаць вучыцца ў сталіцу я пабаялася, таму цяпер маю мару ажыццяўляюць мае навучэнкі”.

Сёлета самаму юнаму журналісту — Мікіту Пратасевічу з гімназіі Мсціслава — усяго толькі 9 гадоў. Ён з камандай аднадумцаў-гімназістаў перамог у намінацыі “Сацыяльная сетка”. 2-е месца дасталася Канстанціну Пратапопаву з Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка. 3-е месца па­дзялілі паміж сабой Дзіяна Сініцкая з сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай (Полацк, Віцебская воб­ласць) і Лізавета Цвілік з Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча (Смалявіцкі раён Мінская вобласць).

У намінацыі “Відэаматэрыял” пераможную тройку ўзначаліў Савелій Прохараў з сярэдняй школы № 3 Кобрына (Брэсцкая вобласць). На другой прыступцы размясціўся творчы калектыў студыі журналістыкі з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. 3-е месца журы прысудзіла навучэнцам Чачэрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці.

Школьнае тэлебачанне пліскай школы хоць і трансліруецца ў маштабах адной школы, прафесіяналізм яго “супрацоўнікаў” не ўступае прафесійным калегам сярод дарослых. Інтэрв’ю, школьныя эксперыменты, навіны, даследаванні сталі не толькі спосабам упрыгожыць школьнае жыццё, але і першым крокам у прафесію. Сёння ўжо некалькі выпускнікоў гэтай школы працягваюць сваю кар’еру на дзяржаўных тэлеканалах.

У намінацыі “Фотарэпартаж” 1-е месца дасталася Наталлі Раманавай з Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці (Столінскі раён). Дыплом ІІ ступені павёз дадому Ігар Гур’еў з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска. 3-е месца — у Ганны Антановіч з Ганцавіцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага (Брэсцкая во­бласць).

У намінацыі “Друкаваны матэрыял” перамогу атрымала Лізавета Тумчонак з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
2-е месца заняла Карына Цыдзік з Гу­дзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. 3-е месца падзялілі паміж сабой Аляксей Навумаў з сярэдняй школы № 5 Рагачова (Гомельская воб­ласць) і Дзмітрый Шуйскі з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дарэчы, за 7 гадоў існавання ў Полацкім РЦДіМ студыі журналістыкі “Медыя-Мікс” (кіраўнік Наталля Сляпцова) ужо некалькі яе навучэнцаў  прымалі віншаванні з перамогай у фінале і 15 чалавек ужо атрымалі ці атрымліваюць цяпер прафесійную адукацыю журналіста.

Аляксандр Кузьміч з Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці ўсяго першы год вучыць сваіх навучэнцаў глядзець на свет праз аб’ектыў і паказваць хараство навакольнага свету тым, хто яго не заўважае. Першую гучную перамогу яго вучаніцы Наталлі Раманавай прынеслі фота родных гарадскіх краявідаў.   

Але не столькі ўзнагароды і прызы вабілі юных канкурсантаў, колькі магчы­масць дакрануцца да прафесіі сваёй мары падчас насычанай адукацыйнай праграмы, якую для іх падрыхтавалі арганізатары. Так, падчас бліцстажыровак ад членаў журы школьнікі змаглі сустрэцца са спецыялістамі ў сферы, адпаведнай іх намінацыі. Прызёры намінацый “Відэаматэрыял” і “Сацыяльная сетка” адправіліся на тэлеканал АНТ, лепшыя карэспандэнты пазнаёміліся з работай рэдакцыі “Пераходны ўзрост”, а фатографы ўдасканальвалі сваё майстэрства падчас май­стар-класа ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Кацярыны КАВАЛЕНКА.