Медыятэхналогіі на службе выкладання мовы

- 12:57Навіны рэгіёнаў

Падведзены вынікі першага тура Міжнароднага конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”. Конкурс стаў пляцоўкай для дэманстрацыі традыцый і наватарства ў выкладанні рускай мовы за мяжой, абмену вопытам выкладання рускай мовы ў школе, наладжвання прафесійных партнёрскіх адносін паміж калегамі. Удзел у ім бяруць выкладчыкі з краін СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі і Афрыкі.

Паспяхова праявілі сябе на конкурсе педагогі Міншчыны. Званне лаўрэата конкурсу прысуджана Васілю Уладзіміравічу Маліноўскаму, настаўніку Лебедзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, Інесе Львоўне Верамей, настаўніцы сярэдняй школы № 9 Маладзечна, Таццяне Аляксандраўне Канавалёнак, настаўніцы сярэдняй школы № 1 імя В.Н.Марцінкевіча Крупак.
Першае месца адразу ў дзвюх намінацыях конкурсу заняла Алена Іванаўна Волкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Салігорска. Яе інтэграваны ўрок “Выяўленча-выразныя магчымасці рускай фразеалогіі (фразеалагізмы ў рамане Ф.М.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”)” прызнаны лепшым у намінацыі “Сцэнарый інтэграванага ўрока рускай мовы і літаратуры”, а ў намінацыі “Мэдыятэхналогіі на службе рускай мовы і культуры Расіі” лепшым стаў праект Алены Іванаўны “Дастаеўскі. Біяграфія з геаграфіяй”. Гэты мультымедыйны праект раскрывае актуальную ў літаратуразнаўстве тэму — вывучэнне біяграфіі пісьменніка, этапаў фарміравання яго светапогляду. У прыватнасці, даследуецца жыццёвы шлях Ф.М.Дастаеўскага, які ўвасоблены ў праекце ў выглядзе маршруту на карце Расіі і Еўропы. Работа ўяўляе сабой анлайн-прэзентацыю, выкананую з дапамогай сродкаў рэсурсу Prezi. Асаблівасцю гэтага рэсурсу з’яўляецца афармленне з выкарыстаннем флэш-анімацыі, якое дае магчымасць свабодна перамяшчацца па прэзентацыйным полі, факусіруючы ўвагу гледача на найбольш значных аб’ектах. Дарэчы, раней гэты праект стаў лепшым у конкурсе мультымедыйных тэхналогій на ІІ Міжнародных Дастаеўскаўкіх чытаннях.
Віншуем педагогаў і чакаем новых перамог!

Дар’я РЭВА.