Медыятэка “Жураўлік анлайн”

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Перамога ў абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і ў Міжнародным конкурсе “ІКТ-кампетэнтнасць педагога ў сучаснай адукацыі” — гэта вынікі толькі за апошні час. Для супрацоўнікаў спецыяльнага ясляў-сада Слоніма выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі стала і нормай, і патрэбай. Аб гэтай дзейнасці мы гутарым з загадчыкам установы В.А.ГЕРАСІМЧЫК і намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Л.У.ЯГАЎДЗІК.

— Вольга Аляксандраўна, у вашай установе адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Ці мае яно свае асаблівасці ў спецыяльнай дашкольнай установе?

— Укараненне сучасных сродкаў навучання ў спецыяльную адукацыю на ўзроўні дашкольнай — лагічны і неабходны працэс. Перад педагогамі і спецыялістамі нашай установы паўстала мэта — стварэнне і развіццё адкрытай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, у прыватнасці пры дапамозе блогаў.

Стартам актыўнай дзейнасці па выкарыстанні блогаў і супольнасцей у адукацыйнай і карэкцыйнай рабоце стала павышэнне кваліфікацыі, якое прайшлі нашы педагогі на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Ва ўстанове выкарыстоўваецца такая форма работы з педагогамі, як “Навучальны модуль”, дзе “роўны навучае роўнага”, пры дапамозе якой педагагічныя работнікі навучыліся ствараць блогі і супольнасці, складаць мультымедыйныя прэзентацыі.

Блогі педагагічных работнікаў нашай установы былі створаны год назад. Педагогі вядуць іх, напаўняючы карыснай інфармацыяй для дзяцей і іх бацькоў, а таксама для калег. Сёння блогі папулярныя сярод законных прадстаўнікоў выхаванцаў, педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі і спецыяльнай на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

— Ларыса Уладзіміраўна, якую інфармацыю змяшчаюць такія блогі?

— Усе блогі з’яўляюцца тэматычнымі. Кожнаму напрамку карэкцыйна-развіццёвай работы з выхаванцамі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, адпавядае асобная старонка.

На старонках блогаў размешчаны гульнявыя матэрыялы па вывучаемых лексічных тэмах, якія забяспечваюць больш эфектыўнае замацаванне раней засвоеных уяўленняў і ўменняў, накіраваных на вырашэнне карэкцыйных задач з апорай на нагляднасць і вядучую для дзяцей дашкольнага ўзросту дзейнасць — гульню. Размешчаны кансультацыі рознай тэматыкі для бацькоў і педагогаў, наладжаны плённыя анлайн-зносіны з бацькамі і педагогамі. Блогі настаўнікаў-дэфектолагаў дазваляюць стварыць камфортныя ўмовы для павышэння матывацыі дзяцей да заняткаў, павысіць зацікаўленасць бацькоў, спрыяюць іх актыўнаму ўключэнню ў карэкцыйны і адукацыйны працэс.

Усе блогі з’яўляюцца агульнадаступнымі. Яны спрыяюць стварэнню персанальных сайтаў (блогаў) спецыялістаў, устаноў дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, што пашырыць поле сеткавага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Выкарыстанне ў сваёй практыцы ўсіх магчымасцей праграм ці іншых электронных выгод залежыць ад фантазіі і працавітасці педагога. Кожнаму педагогу пад сілу стварыць персанальны блог, падтрымліваць яго, напаўняць карыснай інфармацыяй. Для гэтага трэба знайсці час і цярпенне.

— Вольга Аляксандраўна, і як бачна, вашы педагогі знаходзяць на гэта час і не проста ўкараняюць у штодзённасць інфармацыйныя тэхналогіі, а ствараюць праекты, якія атрымліваюць узнагароды на конкурсах.

— Настаўнікі-дэфектолагі нашай установы прадставілі свае распрацоўкі на Міжнародным конкурсе “ІКТ-кампетэнтнасць педагога ў сучаснай адукацыі”, які быў арганізаваны расійскім сеткавым выданнем для педагогаў і навучэнцаў “Фонд ХХІ стагоддзя”. У намінацыі “Лепшы інтэрнэт-рэсурс” Вольга Джумаліева, Святлана Лагуцік і Таццяна Фурсава адзначаны дыпломамі І ступені, Марына Брайчук, Наталля Крот, Алена Нагула, Святлана Сахонь — дыпломамі ІІ ступені.

Блог настаўніка-дэфектолага Святланы Сахонь “Вясёлкавы погляд”, а таксама блог “Віртуальная медыятэка “Жураўлік анлайн”, аўтарамі якога з’яўляюцца загадчык спецыяльнай дашкольнай установы Вольга Герасімчык, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ларыса Ягаўдзік, настаўнік-дэфектолаг Святлана Лагуцік, былі прадстаўлены на раённы і абласны этапы конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”. На раённым этапе мы заваявалі дыпломы І і ІІ ступені, на абласным этапе ў гэтым годзе сталі ўладальнікамі дыплома І ступені.

— Ларыса Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, пра гэты праект.

— “Віртуальная медыятэка “Жураўлік анлайн” — гэта праект, які змяшчае інавацыйны педагагічны вопыт і дае свабодны доступ педагогам, бацькам і іншым карыстальнікам віртуальнай медыятэкі да любой інфармацыі.

Наш праект аб’ядноўвае педагогаў розных прафесійных інтарэсаў, узростаў. Гэта пляцоўка для арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння спецыяльнага ясляў-сада Слоніма з іншымі ўстановамі адукацыі раёана, вобласці.

Мы арганізавалі праектную каманду педагогаў і настаўнікаў-дэфектолагаў для стварэння і прасоўвання прадуктаў інавацыйнай дзейнасці на рынак адукацыйных паслуг, умацавання ўласнага рэсурсу інавацыйнай адукацыі. Нашымі спецыялістамі і педагогамі назапашаны вопыт выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным і карэкцыйным працэсе. Гэты вопыт прадстаўлены ў “Віртуальнай медыятэцы “Жураўлік анлайн”. Пры стварэнні блога былі вызначаны наступныя задачы: выявіць інфармацыйныя патрэбы педагогаў, спецыялістаў і бацькоў выхаванцаў; сабраць, апрацаваць, сістэматызаваць уласны банк педагагічнай інфармацыі; даць карыстальнікам магчымасць прагляду, вывучэння, абмеркавання педагагічнага вопыту.

Асаблівасць праекта ў тым, што рэсурс змяшчае ўвесь назапашаны вопыт работы педагогаў (мультымедыйныя прэзентацыі, флэш-гульні, лагарытмічныя практыкаванні, пальчыкавыя гульні, тэхналагічныя карты да заняткаў). Усе раздзелы віртуальнай медыятэкі распрацаваны і падабраны па лексічных тэмах адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Рэсурсы “Віртуальнай медыятэкі “Жураўлік анлайн” даюць магчымасць якасна арганізаваць адукацыйную і карэкцыйную работу. Тут прадстаўлены спасылкі на сайт спецыяльнага ясляў-сада Слоніма, на 23 блогі спецыялістаў, на 15 супольнасцей установы.

Карыстальнікі медыятэкі могуць азнаёміцца з навукова-метадычнымі выданнямі “Спецыяльная адукацыя”, “Пралеска”, “Настаўніцкая газета”, праглядзець сайты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, нацыянальны адукацыйны партал, сайты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, старонку ўпраўлення спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі.

Праектнай камандай настаўнікаў-дэфектолагаў распрацаваны наборы мультымедыйных рэсурсаў для рэалізацыі задач па адукацыйнай галіне “Развіццё мовы і культура маўленчых зносін”, тэхналагічныя карты па лексічных тэмах “Агародніна”, “Грыбы”, “Адзенне”, “Наша цела”, “Прадметы гігіены” і іншыя. Прадстаўлены флэш-гульні па лексічных тэмах, распрацаваныя настаўнікам-дэфектолагам С.М.Сахонь, фотаматэрыялы па лексічных тэмах настаўнікаў-дэфектолагаў С.М.Сахонь і Я.А.Гвазданава.

— Вольга Аляксандраўна, як інфармацыйныя адукацыйныя рэсурсы дапамагаюць у рабоце з бацькамі вашых выхаванцаў?

— Дзякуючы размяшчэнню карыснай інфармацыі па запытах бацькоў і добра падабранага гульнявога матэрыялу для выхаванцаў, адзначаецца высокая наведвальнасць нашых рэсурсаў бацькамі. Павысілася іх зацікаўленасць адукацыйным працэсам і выніковасць работы з дзецьмі і па-за межамі спецыяльнай дашкольнай установы. Хачу адзначыць, што і перамогі ў конкурсах не былі б магчымымі без зваротнай сувязі з бацькамі выхаванцаў, для якіх і былі створаны нашы блогі.

Дзякуючы такой творчай дзейнасці, нашы педагогі набываюць аднадумцаў у розных краінах, павышаюць свой педагагічны ўзровень.

Колькасць наведванняў нашага сайта дае нам штуршок да бурнай дзейнасці. У дзень колькасць наведвальнікаў дасягае максімуму — да 20 000, у месяц — да 250 000.

— Ларыса Уладзіміраўна, на базе вашай установы адукацыі дзейнічаюць абласны рэсурсны цэнтр па тэме “Кіраванне якасцю дашкольнай адукацыі”, ажыццяўляецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Як творчая дзейнасць па стварэнні ІТ-рэсурсаў уплывае на іх работу?

— Самая галоўная мэта — метадычнае суправаджэнне дзейнасці кіраўнікоў і спецыялістаў, якія працуюць у Слонімскім раёне ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Створаны рэсурс дапамагае педагогам раёна дыстанцыйна атрымліваць педагагічны вопыт нашай установы і карыстацца ім, што дазваляе не губляць каштоўны час на паходы, а абменьвацца поглядамі, думкамі па той ці іншай тэме ў рэжыме анлайн.

Планы ў нас вялікія: выйсці на сеткавае ўзаемадзеянне з педагогамі дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі вобласці, а далей — рэспублікі.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.