Мегамарафон: чатыры гады сацыяльна значных спраў

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Чатыры гады працягваўся ў Гродзенскай вобласці мегапраект “патрыятычны марафон сацыяльна значных спраў “Паклонімся вялікім тым гадам”, прысвечаны 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. За гэты час рэалізавана 27 праектаў.

— Чатыры гады працягвалася вайна, чатыры гады доўжыўся і наш мегамарафон, — расказвае начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алена Пятроўна Акімава. — Пачынаючы яго, мы ставілі мэтай выхаванне праз удзел у сацыяльна значных справах у моладзі пачуцця адказнасці за свае справы і за справы краіны, павагі да ветэранаў, захаванне вечнай памяці аб гераічных справах народа-пераможцы, каб маладыя людзі адчувалі сваю адказнасць і дачыненне да мінулага, сучаснасці і будучыні краіны.
У мегамарафоне прымалі ўдзел установы дадатковай адукацыі з усёй вобласці. Яго не проста падтрымалі, як кажуць, на месцах, але і развівалі, прапаноўвалі і рэалізоўвалі цікавыя і карысныя справы. Так, Гродзенскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі рэалізаваў 7 абласных праектаў. За час рэалізацыі мегамарафону ў мерапрыемствах палаца прынялі ўдзел 874 тысячы дзяцей і падлеткаў.
3625 гектараў лесу пасадзілі і амаль 2 тысячы гектараў убралі навучэнцы ў рамках праекта “Лясы будучыні” — гэта адзін з пяці праектаў абласнога эколага-біялагічнага цэнтра. Перапланіроўка і пераафармленне тэрыторый устаноў адукацыі з выкарыстаннем сучасных прыёмаў ландшафтнага дызайну, сады водараў, альпінарыі, зімовыя сады — вынікі рэалізацыі праекта “Квітней, мой край!”.
— У рэалізацыю праекта “Захаваем прыроду вобласці” актыўна ўключыліся навучэнцы Ваўкавыскага, Воранаўскага і Дзятлаўскага раёна. Яны праводзілі маніторынгі экалагічнага дабрабыту месцаў пражывання, экалагічную асвету, распаўсюджвалі прыродаахоўныя ідэі, добраўпарадкоўвалі тэрыторыі, — працягвае Алена Пятроўна. — Акцыя “Крыніцы — бясцэнны дар” дазволіла добраўпарадкаваць 94 крыніцы. Былі зроблены пробы вады. Навучэнцы стваралі праекты добраўпарадкавання, прыбіралі тэрыторыю каля крыніц.
Пры рэалізацыі адукацыйнага праекта “Мультымедыйныя тэхналогіі ў ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў” былі створаны віртуальныя музеі, выставы, электронныя вучэбна-наглядныя дапаможнікі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, спецыяльныя сайты. Да ўдзелу ў праекце было прадстаўлена 300 работ.
— У рамках абласнога адукацыйнага праекта “Зброя Перамогі” арганізавалі выставу стэндавых мадэлей ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны, — расказвае дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў Іван Дашкевіч. — Лепшыя работы прадставілі навучэнцы Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Слонімскага раёна і Гродна. 370 работ былі прадстаўлены на конкурс відэатворчасці “Гэтых дзён не змоўкне слава”.
9 мая гэтага года навучэнцы цэнтра тэхнічнай творчасці сумесна з ДТСААФ і абласным цэнтрам турызму і краязнаўства правялі аўтамотапрабег па месцах баявой славы. А ўсяго за час правядзення мегамарафону для навучэнцаў было арганізавана звыш 500 экскурсій у ваенна-гістарычныя музеі ўстаноў адукацыі Гродзеншчыны, у музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць”, “Лінія Сталіна”. Матэрыялы, якія сабралі навучэнцы і педагогі, папоўнілі фонды музеяў і музейных пакояў устаноў адукацыі. У рамках праекта “Гавораць ветэраны” запісаны на аўдыя- і відэаносьбіты 130 успамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Андрэй Лунін паведаміў, што ў верасні 2011 года быў дадзены старт абласному экскурсійна-турыстычнаму праекту “Зямля ўмее размаўляць”. Па яго выніках распрацаваны экскурсіі і турыстычныя маршруты па кірунках: “Прыродная спадчына”, “Дотык да мінулага”, “Культурная спадчына”, “Старонкі ваеннай гісторыі”, “Час. Падзеі. Людзі”.
Патрыятычная акцыя “Дарогамі трох войнаў” праводзілася ў некалькі этапаў, кожны з якіх актывізаваў пошукава-даследчую дзейнасць па некалькіх кірунках: 200-годдзе Айчыннай вайны 1812 года, 100-годдзе Першай сусветнай вайны і 70-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемствы акцый уключалі вочна-завочныя віктарыны і канферэнцыі.
На падвядзенне вынікаў мегамарафону сабралася каля 200 навучэнцаў устаноў дадатковай адукацы з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. На турбазе “Мелавыя горы” былі арганізаваны выставы фотакалажаў, фотаздымкаў і малюнкаў, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі. Навучэнцы маглі азнаёміцца з мадэлямі баявой тэхнікі часоў вайны і экспазіцыяй музея гімназіі № 5 Гродна, які стаў пераможцам абласнога конкурсу музеяў баявой славы. Таксама тут быў праведзены фінал абласнога агляду-конкурсу школьных лясніцтваў. У рамках турысцка-краязнаўчага праекта “Усё помніцца, нішто не забыта” ад “Мелавых гор” стартаваў велапрабег. Яго ўдзельнікі ўсклалі гірлянды да месцаў баявых дзеянняў.
Па выніках удзелу ў мегамарафоне “Паклонімся вялікім тым гадам” упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адзначаны аддзелы адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, Мастоўскага і Гродзенскага раёна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.