Механізм поспеху Алены Бобр

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Вядомае выслоўе “Што аддаеш, тое і атрымліваеш”, здаецца, як нельга лепш адлюстроўваецца ў працы настаўніка. Нясеш добрыя веды — атрымліваеш выдатных разумных вучняў, агортваеш дзяцей пяшчотай і любоўю — яны плацяць табе тым жа. А галоўнае, гэта не імгненнае кароткатэрміновае пачуццё, гэта тое, што застаецца ў памяці і сэрцы на ўсё жыццё.

Для гэтага, упэўнена настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра Алена Бобр, трэба нямнога: любіць сваю прафесію і тых, дзеля каго ты працуеш. “Дзе я — там мае вучні” — такім дэвізам кіруецца ў сваёй рабоце настаўніца. Яна здзіўляе сваім аптымізмам, актыўнасцю і творчым падыходам да ўсяго, ці гэта школьнае мерапрыемства, бацькоўскі сход, ці ўрок нямецкай мовы. Творчы запал Алены Васільеўны асабліва ярка праяўляецца ў класным кіраўніцтве. Для некаторых гэта цяжар, а для яе — спосаб жыцця. Тое, што гэта не пустыя словы, настаўніца пацвердзіла на раённым этапе абласнога конкурсу “Лепшы класны кіраўнік (куратар групы)”, у якім была прызнана лепшым класным кіраўніком Мазырскага раёна. Цяпер будзе прадстаўляць свой рэгіён у фінале.

Сёння мы паспрабуем даведацца ў Алены Бобр, з чаго складаецца паспяховая дзейнасць класнага кіраўніка.

— Алена Васільеўна, відавочна, што роля класнага кіраўніка для вас не толькі не дадатковая нагрузка, а, наадварот, нейкая аддушына ў працы. Магчыма, у вас ёсць свой сакрэт?

— Калі 14 гадоў назад я прыйшла ў школу дыпламаваным настаўнікам, то адразу смела і ўпэўнена пачала дзейнасць у якасці класнага кіраўніка. Не магу сказаць, што нешта не атрымлівалася. Вядома, што адна з актуальных задач педагогаў — фарміраванне асобы будучага актыўнага грамадзяніна, здольнага распрацоўваць стратэгію паводзін, ажыццяўляць маральны выбар і несці за яго адказнасць. Галоўная роля тут якраз і належыць класнаму кіраўніку. Здавалася б, закласці гэтыя каштоўнасці і выхаваць чалавека — задача простая. Але праз некаторы час я зразумела, што выхоўваць і развіваць дзіця трэба сістэмна, праз пэўныя правілы, якіх неабходна прытрымлівацца для дасягнення поспеху. І я для сябе гэтыя правілы прапісала. Іх усяго чатыры, аднак яны ўсебакова ахопліваюць выхаваўчую дзейнасць. І гэта не толькі маё асабістае бачанне, гэта кірунак усяго нашага педагагічнага калектыву.

— У чым заключаюцца гэтыя правілы? Што стаіць на першым месцы?

— Дзіця пераступае парог школы. Што самае галоўнае ў гэты момант? Канечне, тое, як яно сябе тут адчувае, якія новыя эмоцыі ў яго з’яўляюцца, ці прачнецца яно заўтра з жаданнем зноў апынуцца ў сценах установы, сустрэцца з аднакласнікамі і настаўнікамі. І зусім не важна, колькі вучню гадоў — 6 ці 16. Таму першае правіла гучыць так: школа — гэта асаблівы свет з уласнай атмасферай, у якой выхоўваюць нават сцены. Пад асаблівай атмасферай маецца на ўвазе тое, што настройвае на пазітыў і актыўную жыццёвую пазіцыю. У гэтым дапамагае эстэтычнае афармленне, а таксама пазітыўныя ўстаноўкі, якія штодзень трапляюць вучням на вочы ў школьных калідорах і пакоях: “Ад поспеху ў школе — да поспеху ў жыцці!”, “Усё атрымаецца! Вер!”, “Мы разам ідзём да поспеху, і ніякіх перашкод няма!” і інш. Паверце, такія пазітыўныя лозунгі фарміруюць адпаведнае стаўленне да жыцця, мэтанакіраванасць і ўпэўненасць, аптымізм, эмацыянальна станоўчую атмасферу ў калектыве і ўзаемаадносінах адно з адным, з настаўнікамі і бацькамі. І гэта з’яўляецца добрым стымулам для творчасці і паспяховай вучобы. Зразумела, усё гэта павінна падмацоўвацца адносінамі педагогаў да вучняў, іх гатоўнасцю зразумець, падтрымаць і дапамагчы кожнаму дзіцяці.

— Згодна з тым, што любоў дзіцяці да школы — найважнейшы рухавік, здольны рэгуляваць яго паспяховасць у вучобе і быць дзейсным інструментам у выхаваўчым аспекце. З любові да школы вырастае любоў да Радзімы.

— Гэта якраз і ёсць наша другое правіла. Любоў да Радзімы — адна з найважнейшых якасцей чалавека, таму мы імкнёмся развіваць пачуцці грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей праз захаванне пераемнасці пакаленняў, вывучэнне дзяржаўнай сімволікі. У мінулым годзе ў школе пачаў работу міні-музей дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, дзе самі навучэнцы праводзяць экскурсіі для сваіх таварышаў, бацькоў, гасцей. Я і мае калегі, класныя кіраўнікі, арганізоўваем у музеі класныя і інфармацыйныя гадзіны, іншыя выхаваўчыя мерапрыемствы.

У 2016 годзе вучні майго класа далучыліся да ўдзелу ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”, які нясе наймагутнейшы развіццёвы патэнцыял, прывучаючы навучэнцаў да работы ў камандзе, асабістай адказнасці, самакантролю, развівае камунікатыўныя навыкі. Я цвёрда пераканана: патрыятызм нельга навязваць, яго неабходна выхоўваць праз гутаркі, удзел у мерапрыемствах, экскурсіі.

— Калі правільна падыходзіць да патрыятычнага выхавання, тады, напэўна, у меншай ступені прыйдзецца вырашаць пытанні правапарушэнняў?

— Я лічу, чым больш дзіця занята, тым больш паспяхова складваецца яго будучыня. Навучанне важнае, але неабходна памятаць і пра творчы патэнцыял вучняў, раскрыццё іх задаткаў і здольнасцей не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Тады мы можам звесці да мінімуму яго недахопы. Усе дзеці таленавітыя — гэта трэцяе правіла, якога я прытрымліваюся, таму развіццё творчых здольнасцей займае асаблівае месца ў маёй дзейнасці. У школе — 56 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх заняты ўсе без выключэння вучні майго класа. Акрамя таго, у нашай школе створана дзіцячае аб’яднанне “Рэспубліка хлопчыкаў і дзяўчынак”, куды ўваходзяць усе навучэнцы школы. Дзеці майго класа таксама з’яўляюцца актыўнымі членамі савета дружыны і БРПА, працуюць у атрадах “Міласэрнасць” і “Клопат”, аказваючы дапамогу і падтрымку састарэлым, прымаюць актыўны ўдзел у рабоце школьнага прэс-цэнтра, атрада юных ратавальнікаў-пажарных, юных інспектараў руху, юных сяброў міліцыі. Пры гэтым нікога не трэба прымушаць, угаворваць. Дастаткова перадаць ім сваю актыўнасць, растлумачыць, што такое жыццёвая пазіцыя.

— Якім жа будзе чацвёртае правіла паспяховай дзейнасці класнага кіраўніка?

— Узаемадзеянне з бацькамі. Можа падацца дзіўным, маўляў, класны кіраўнік заўсёды мае кантакт з бацькамі. Але ж я маю на ўвазе не толькі размовы на бацькоўскіх сходах, паметкі ў дзённіках і перапіску ў дадатках ці сацыяльных сетках. Так, як і ў многіх маіх калег, для больш цесных і аператыўных зносін з бацькамі ў мяне створаны групы і старонкі ў сацыяльных сетках, дзе можна імгненна перадаць важную інфармацыю, тэрміновыя аб’явы, задаць пытанні і параіцца. Быць пастаянна ў курсе вучэбнай дзейнасці свайго дзіцяці дае бацькам магчымасць электронны дзённік. Таксама я вяду блог класнага кіраўніка на рэсурсе Google — мой інтэрнэт-дзённік, у якім я абменьваюся думкамі, абмяркоўваю актуальныя артыкулы, праводжу анкетаванне і апытанні, арганізоўваю сумесныя з дзецьмі і бацькамі дыскусіі па важных пытаннях выхавання. Інтэрнэт-зносіны для класнага кіраўніка — гэта яшчэ і магчымасць прафілактыкі негатыўных кантактаў сярод навучэнцаў, і распаўсюджванне педагагічных ведаў для бацькоў.

Бясспрэчна, такія кантакты — справа патрэбная, але гэтага недастаткова. Найважнейшая задача ў адносінах паміж класным кіраўніком і бацькамі — аб’яднацца ў выхаванні дзіцяці. Першы мой крок у гэтым кірунку — сфарміраваць давер да мяне як класнага кіраўніка, стаць лідарам не толькі для навучэнцаў, але і для бацькоў. І тут маім дэвізам сталі словы “Дзе мае вучні — там я! Дзе мае бацькі — там я!”.

Зносіны з бацькамі вельмі важныя для мяне. Па-першае, так я імкнуся праз веды павышаць іх адказнасць, стараюся арганізоўваць сустрэчы са спецыялістамі розных галін, бо чым больш бацькі ведаюць, тым больш стабільным будзе працэс выхавання. Па-другое, давер паміж намі дае магчымасць аб’ядноўвацца ў арганізацыі і правядзенні розных класных і школьных мерапрыемстваў, я не застаюся сам-насам з праблемай, у мяне заўсёды ёсць падтрымка дзяцей і іх бацькоў. І, нарэшце, разам нам зручней займацца прафарыентацыйным выхаваннем. Ранняя прафарыентацыя дапамагае навучэнцам і іх бацькам пазнаёміцца з разнастайнасцю існуючых прафесій і спецыяльнасцей, каб у далейшым зрабіць правільны выбар. Менавіта такая сумесная праца дапамагае майму 7 “В” класу ўжо другі год запар быць абсалютным пераможцам у агульнашкольным спаборніцтве “Лепшы клас года”. Мы адзіная каманда: класны кіраўнік, вучні, бацькі. Мы адзіны механізм, які заўсёды ў руху, і мы — механізм поспеху.

— Алена Васільеўна, калі сцісла апісаць ваша педагагічнае крэда, як яно будзе гучаць?

— Умець слухаць і чуць дзіця, адчуваць разам з ім, весці яго за сабой, быць побач і ледзь наперадзе, ніколі не спыняцца на дасягнутым — вось што я лічу галоўным у сваёй дзейнасці. Як бы пафасна гэта ні гучала, я скажу, што мая школа, мой клас, мае вучні — гэта мая любоў, маё хобі і захапленне, гэта маё жыццё! Спадзяюся, што наперадзе ў нас яшчэ шмат дасягненняў, якія будуць запісаны ў гісторыю школы і жыцця кожнага з маіх навучэнцаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.