Мелодыі мірнага жыцця

Вось і зноў гэтак жа чароўна спяваюць у садзе птушкі. Сэрца пачынае біцца яшчэ мацней. І ўзнікаюць думкі, а што калі яна не прыйдзе… Так пачыналася гісторыя кахання майго прадзеда Міхаіла Сцяпанавіча Ганчара. Яго бацькі лічыліся заможнымі людзьмі, а іх сын пакахаў дзяўчыну Надзею з беднай сям’і і захацеў з ёй ажаніцца. Вырашылі таемна абвянчацца. У маладой сям’і да вайны нарадзілася пяцёра дзяцей: чатыры дзяўчынкі і адзін хлопчык. У 1942 годзе Міхаіла забралі на фронт.

Cям’я і родная скрыпка (мой прадзядуля быў вядомым у вёсцы музыкантам) на цэлыя два гады засталіся без гаспадара. За той час, пакуль ваяваў, у сям’ю ад яго не прыйшло ніводнага ліста, ніводнай весткі. Але Надзея ўвесь час верыла, што муж жывы. Верыла, нягледзячы ні на што. І нездарма. У 1944 годзе вясновай раніцай да абгарэлага плота падышоў салдат з медалём на грудзях “За баявыя заслугі” і не ўбачыў тую хату, якую будаваў да вайны. Пачуцці радасці імгненна змяніліся болем. Але раптам ён пачуў дзіцячыя галасы і голас каханай Надзеі. Адчыніліся дзверы хлява, і з яго выйшла ўся сям’я. На імгненне ўсе замерлі ад нечаканасці. Яшчэ хвіліна — і дзеці з усіх ног памчаліся да бацькі.

“А я верыла, да болю ў душы верыла, што ты прыйдзеш, мой Міхасік!” — з гэтымі словамі падбегла Надзея і абняла свайго мужа. Усіх ахапіла пачуццё радасці і хвалявання. Радасці, бо Міхаіл вярнуўся з фронту, ды яшчэ героем. І хвалявання, бо шмат было пытанняў: “Чаму родная хата згарэла? Чаму не было лістоў з фронту?”

Не любіў Міхаіл расказваць пра вайну сваім дзецям і жонцы, бо яна прынесла яму шмат болю, пакут і зла. Не любіў і выхваляцца пра баявыя заслугі. Але часам салдата агортваў смутак, і хацелася па­дзяліцца з сям’ёй ваеннымі перажываннямі. Дзеці ў гэты момант зачаравана глядзелі на бацьку і ўважліва слухалі кароткія гісторыі пра фронт. Яны даведаліся, што бацька служыў у пяхоце, ваяваў у Беларусі. Асабліва іх уразіла адвага бацькі падчас баёў і ў той час, калі салдаты галадалі ў акопах. Лісты дадому сваім родным, вядома, ён пісаў часта, але часам не было магчымасці іх адправіць, а часцей за ўсё франтавыя канверты не даходзілі да адрасата.

Акрамя аповедаў бацькі, дзеткам вельмі падабаўся яго медаль. Кожны хацеў яго памацаць, панасіць на сваіх грудзях. Асабліва сынок Іван ганарыўся татам і яго баявой узнагародай. Суседскім хлопчыкам ён часта паказваў медалі бацькі, а тыя нават яму зайздросцілі, бо ў многіх дзяцей таты не вярнуліся з фронту.

У той час, калі Міхаіл быў на вайне, сям’і трэба было неяк выжываць, таму ўсе працавалі: даглядалі свойскую жывёлу, апрацоўвалі зямлю. Надзея пасяліла ў хаце параненых салдат. Кожны дзень яна дапамагала байцам, пакуль у вёску не прыйшлі фашысты. На конях прыйшлося ўсіх вывозіць у лес: і параненых, і дзяцей. Вораг нядоўга затрымаўся ў вёсцы, але многія хаты былі спалены, у тым ліку і іх. Вярнуўшыся дадому, сям’я прыняла рашэнне жыць у хляве.

Міхаіл не баяўся цяжкасцей на вайне, не спалохаўся і цяпер, калі трэба было наладжваць новае жыццё на месцы попелу. І вырашыў пабудаваць хату, зрабіць новую мэблю і… новую скрыпку. Хутка вырас дом, бо будавалі яго ўсёй сям’ёй. Дзеці мясілі гліну нагамі, а затым баць­ка ляпіў з яе цэглу для печы. Праз год сям’я ўжо жыла ў новай хаце.

І загучала зноў у вёсцы Гута, што ў Дзятлаўскім раёне, скрыпка Міхаіла. Ні адно вяселле не праходзіла без яе. Здаецца, яшчэ больш ярка і радасна пачаў іграць інструмент у руках музыканта. Але вайна ўсё ж пакінула глыбокі след. Гэта і цялесныя раны, і душэўныя траўмы, якія з часам не гаіліся, а толькі часцей нагадвалі пра сябе. Колькі б Міхаіл ні хаваў свае баявыя раны — здароўе яго значна пагаршалася. У 42 гады ён памёр, пакінуўшы пасля сябе памяць, якая жыве і зараз.

Я ніколі не бачыла свайго прадзеда, але вельмі ганаруся ім. Дзякуй, прадзядуля, за твой уклад у Перамогу, за мірнае неба, за наша шчаслівае жыццё!

Святлана ЛЫСЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна.

Памяці майго бацькі,
гвардыі старшага сяржанта,
паветранага стралка-радыста
Рыгора Паўлавіча Зольнікава

Я ў тую даль з маленства помню шлях,
Уся сям’я збіралася у хаце.
Звон медалёў на бацькавых грудзях,
Святочная сукенка ў нашай маці.
Не, бацька не расказваў пра вайну,
Калі ж казаў, то нешта ўсё жартоўна.
Бярог ён фотакартачку адну,
На ёй усіх мы ведалі грунтоўна.
З кім разам сеў на лётнае крыло
І з кім ляталі вызваляць Радзіму.
У апавяданнях гэтых не было
Ні выхвалення, ні жадання славы.
Ён самалёт свой птушкай называў,
Кранаў рукой нябачаныя крылы,
А потым з намі весела спяваў
Пра слаўную стальную эскадрыллю.
І сёння сумаваць не стану я,
Лепш кветкі прынясу да абеліска,
Перад табою, родная зямля,
У паклоне нахілюся нізка-нізка.

Наталля СІВАК,
ветэран педагагічнай працы.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.