Мелодыі Сулы

Канікулы… Як кожны любіць гэту пару, заўсёды чакае: з’яўляецца вольны час, жыццё становіцца больш размераным і павольным, выпадае магчымасць здзейсніць цікавыя падарожжы, запланаваныя раней. Канікулы — адпачынак не толькі для вучняў, але і прыемны час для настаўнікаў. Калектыў педагогаў нашай установы адукацыі наведаў “Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула”, што за 49 км ад нашай сталіцы.

Фота да матэрыяла: Мелодыі Сулы.Паспрыяла нават сама восень: дзянёк выдаўся сонечны і вельмі яскравы. У гэтым месцы пражываў род Ленскіх (чатыры пакаленні), які некалі за вялікія грошы выкупіў сядзібу ў Радзівілаў. Яна была цэнтрам свецкага жыцця, і сюды з’яджаліся лепшыя людзі свайго часу. Менавіта тут адчуваецца подых гісторыі, пазнаецца глыбіня культурнага мінулага. Першыя крокі, зробленыя па тэрыторыі гэтага парка-музея, даюць магчымасць наладзіць страчаную сувязь з мінулым. Ведаеце, з’явіўся нейкі зусім іншы настрой. Мы проста былі зачараваны прыгажосцю, незвычайнай архітэктурай.

Тры гадзіны экскурсіі прайшлі незаўважна. Мы змаглі пазнаёміцца з паселішчам старажытнага чалавека, пляцоўкай славянскіх культавых абрадаў, праплылі на чоўне варагаў — дракары, наведаліся ў гатычны квартал, былі зачараваны залай шляхецкай славы, зайшлі ў браварню, павандравалі па беларускім мястэчку XIX стагоддзя. Заключным акордам стала наведванне сядзібы Ленскіх. Усё гэта дзякуючы заснавальніку парка-музея Андрэю Запольскаму, ветліваму экскурсаводу Алене, якая з захапленнем пазнаёміла нас з аб’ектамі сядзібы, а таксама ўсім супрацоўнікам музея.

Цікава, весела і незабыўна правялі мы свой адпачынак. Хочацца выказаць словы падзякі ўсім, хто займаецца такой патрэбнай справай — рабіць чалавека шчаслівым. Сябры, падарожнічайце: наша краіна самая прыгожая!

Таццяна ЛАГУН,
педагог-арганізатар Крупіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *