Мелодыя працягласцю ў стагоддзе

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Сакалоўскага адзначыў 100-­годдзе. На ўрачыстым вечары прагучалі лепшыя музычныя нумары, творчымі падарункамі здзівілі выпускнікі розных гадоў.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей павіншаваў каледж мастацтваў з юбілеем, выказаў словы падзякі за вялікі ўклад у культуру не толькі Гомельшчыны, але і Беларусі. Кіраўнік вобласці перадаў установе адукацыі сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-­тэхнічнай базы на суму 250 тысяч рублёў. Яшчэ адным падарункам стаў сертыфікат на 20 тысяч руб­лёў ад Гомельскага гарвыканкама. 

Гісторыя каледжа мастацтваў неаддзельная ад гісторыі ўсёй музычнай культуры Беларусі. Заснаваны як тэхнікум у 1921 годзе на базе 1­й Дзяржаўнай музычнай школы. У гады Вялікай Айчыннай вайны навучальная ўстанова была эвакуіравана ва Уфу, першы пасляваенны выпуск склаў чатыры чалавекі. У 1958 годзе вучылішчу прысвоена імя Нестара Сакалоўскага. У 1994 годзе вучылішча стала кале­джам мастацтваў.

За ўсе гэтыя гады тут падрыхтавана звыш пяці тысяч спецыялістаў. Сярод вядомых выпускнікоў — народная артыстка РСФСР Вераніка Барысенка, народныя артысты БССР Рыта Мло­дзек, Міхаіл Дрынеўскі. Цяпер у каледжы мастацтваў працуюць 140 выкладчыкаў і вучацца 429 навучэнцаў па 15 спецыяльнасцях. Каледж дае прафесійную дарогу ў жыццё настаўнікам дзіцячых школ мастацтваў, артыстам і кіраўнікам самадзейных аркестраў і хароў, харэографам, арганізатарам культурнай дзейнасці, рэжысёрам свят і абрадаў. Дзевяць з 12 творчых калектываў маюць званне “Народны аматарскі калектыў”, два — “Заслужаны аматарскі калектыў”. Гэта камерны аркестр і хор народнай песні “Радзейка”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.