Мемарандум аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве

- 11:43Вышэйшая школа

13 кастрычніка Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Нанкінскі ўніверсітэт інфармацыйных навук і тэхналогій (Нанкін, Кітайская Народная Рэспубліка) у анлайн-рэжыме падпісалі мемарандум аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве.

Ад БДПУ імя Максіма Танка дакумент падпісала першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева, з кітайскага боку — прарэктар Нанкінскага ўніверсітэта інфармацыйных навук і тэхналогій Цзян Чжыхун.

Як паведамілі ў прэс-службе педагагічнага ўніверсітэта, мэтай падпісання мемарандума з’яўляецца ўстанаўленне партнёрскіх адносін паміж БДПУ і Нанкінскім універсітэтам інфармацыйных навук і тэхналогій для рэалізацыі доўгатэрміновага, эфектыўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, накіраванага на развіццё адукацыйнага і навуковага патэнцыялу.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Нанкінскі ўніверсітэт інфармацыйных навук і тэхналогій вызначылі сферы супрацоўніцтва для рэалізацыі мемарандума. Гэта ўзаемадзеянне ў прасоўванні за мяжой праграм адукацыі розных фарматаў для студэнтаў, прафесарска-выкладчыцкага складу і навукова-даследчага персаналу, а таксама развіццё і прасоўванне вынікаў іх навукова-даследчай дзейнасці.

Падпісаны дакумент прадугледжвае абмен спецыялістамі для правядзення сумесных даследаванняў і развіцця ўзаемных інтарэсаў, абмен навуковымі публікацыямі і інфармацыяй у сферы адукацыі і навуковых даследаванняў, прасоўванне розных відаў узаемадзеяння з іншымі арганізацыямі, фінансаванне адукацыйнай і навукова-даследчай дзейнасці.

Нанкінскі ўніверсітэт інфармацыйных навук і тэхналогій быў створаны ў 1960 годзе як метэаралагічны каледж Нанкінскага ўніверсітэта. У 1963 годзе каледж быў перайменаваны ў Нанкінскі метэаралагічны інстытут. НУІНТ — найстарэйшая вышэйшая навучальная ўстанова па метэаралогіі ў Кітаі. Цяперашняя назва была прынята ў маі 2004 года.

Універсітэт прапануе праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры ў такіх галінах, як атмасферныя навукі, інфармацыйныя і тэхналагічныя навукі, экалогія, інжынерыя, літаратура, эканоміка, права і сельская гаспадарка.

Нанкінскі ўніверсітэт інфармацыйных навук і тэхналогій з’яўляецца партнёрам Ельскага ўніверсітэта, Універсітэта штата Мэрыленд, Універсітэта Вісконсіна, Універсітэта Дэтройта, Эдынбургскага ўніверсітэта, Універсітэта Рэдынга, Універсітэта Таронта, Гамбургскага ўніверсітэта, Тэхналагічнага інстытута Уотэрфарда, Тэхналагічнага ўніверсітэта Квінсленда.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.