Мемарыяльную дошку ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Кавалец адкрылі на будынку Велікамалешаўскай сярэдняй школы Столінскага раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
На Століншчыне памятаюць і шануюць заслужаную настаўніцу БССР Надзею Іванаўну Кавалец, якая шмат гадоў аддала працы на педагагічнай ніве. Таму ўрачысты мітынг з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі атрымаўся даволі прадстаўнічым. Да ўдзельнікаў з цёплымі словамі ў адрас Надзеі Кавалец звярнуліся старшыня Столінскага райвыканкама член Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Беларусі Рыгор Пратасавіцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка і іншыя госці.
Падчас урачыстага мерапрыемства прагучала падзяка кіраўніцтву ЦК галіновага прафсаюза за фінансавую дапамогу ва ўсталяванні дошкі.
На працягу доўгага жыцця настаўніца рускай мовы і літаратуры Надзея Кавалец займала актыўную грамадзянскую пазіцыю, была частай госцяй у роднай школе.
“Настаўніцкі доўг — няспынная работа педагога над сабой, наша праца рухае наперад грамадства, мы расцім будучыню нашай краіны, і мы адказваем за яе”, — гаварыла Надзея Іванаўна.
Акрамя мемарыяльнай дошкі, ва ўстанове адукацыі адкрыўся музейны пакой у памяць пра ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна Надзею Кавалец. Яе імя Велікамалешаўская сярэдняя школа носіць з 2020 года. Вучні і педагогі вельмі ганарацца гэтым.
Музейны пакой валодае вялікім адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам, бо экспануе асабістыя рэчы, фотаздымкі і дакументы Надзеі Іванаўны. Матэрыялы размешчаны ў раздзелах “Я і мая сям’я”, “Я і мая работа” і “Мая грамадская дзейнасць”.
Надзея Кавалец нарадзілася ў 1927 годзе на Гомельшчыне. Пасля Вялікай Айчыннай вайны з адзнакай скончыла тагачасны Пінскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут. Вучылася ў Брэсцкім педінстытуце імя А.С.Пушкіна. Шмат гадоў Надзея Іванаўна працавала ў Велікамалешаўскай сярэдняй школе, дзе заслужыла аўтарытэт сярод калег, вучняў, іх бацькоў і грамадскасці. У 1973 годзе Надзеі Кавалец было прысвоена ганаровае званне заслужанай настаўніцы БССР, а ў 1978-м — Героя Сацыялістычнай Працы.
Стаць педагогам Надзея Іванаўна марыла з дзяцінства. Шмат чытала, уважліва слухала настаўнікаў. Вялікую ролю ў выбары будучай прафесіі адыгралі цётка-педагог і першая настаўніца Клаўдзія Марозава.
Дзіцячае захапленне кнігамі Надзея Кавалец захавала на ўсё жыццё. Яна не толькі чытала мастацкую літаратуру, але і пісала артыкулы на розныя тэмы. Работа ў гэтым кірунку адзначана падзякай міністра асветы СССР за актыўную дзейнасць у прапагандзе рускай мовы — мовы дружбы і супрацоўніцтва народаў СССР сярод моладзі.
Самыя каштоўныя экспанаты — кнігі з закладкамі і паметкамі Надзеі Іванаўны, газетныя выразкі. Сярод іх — зборнікі вершаў любімых савецкіх паэтаў Міхаіла Ісакоўскага і Анатоля Сафронава. На стале ў педагога заўсёды ляжалі творы Мікалая Астроўскага, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, Міхаіла Шолахава, Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Васіля Быкава…
Захавалася шмат фотаздымкаў з роднымі і вучнямі Надзеі Кавалец. Яе асабістыя рэчы гавораць пра інтэлігентнасць, сціпласць, дабрыню і высокую эрудыцыю.
З’яўляючыся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, Надзея Іванаўна заўсёды знаходзілася ў цэнтры многіх грамадскіх мерапрыемстваў. Уласным аптымізмам паказвала прыклад моладзі. Неаднаразова ўдзельнічала ў настаўніцкіх з’ездах і канферэнцыях усесаюзнага ўзроўню. Звычайная сельская настаўніца з палескай глыбінкі сустракалася і гаварыла пра школьныя праблемы з першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым.
На заслужаным адпачынку Надзея Кавалец не сядзела без справы: часта заходзіла ў школу, сустракалася з вучнямі, дзялілася ўспамінамі з моладдзю, расказвала пра кнігі, дружбу, подзвігі і гераізм продкаў.
Надзея Іванаўна не раз заўважала, што вядома на ўвесь Савецкі Саюз дзякуючы любімым вучням, а любімымі для яе былі ўсе. Гэта аснова высокага педагагічнага таленту, прафесіяналізму і любові да дзяцей. Урокі Надзеі Кавалец яе выхаванцы, неаднаразовыя пераможцы і прызёры розных усесаюзных літаратурных конкурсаў, называлі ўрокамі жыцця. Нездарма штогод з нагоды свят і не толькі з усіх куткоў краіны ў палескую вёску на адрас настаўніцы прыходзілі шматлікія віншавальныя пісьмы і тэлеграмы ад удзячных вучняў і калег, напісаныя з любоўю і падзякай: “Дзякуй за ўсё, за вашу працу, за мудрасць, за ваш бясцэнны настаўніцкі талент…”, “Рада, што вы вялі ў нас урокі рускай мовы і літаратуры, памятаю вашы дамашнія чытанні…”, “Вам я абавязана выбарам свайго жыццёвага шляху… Імкнуся хоць трошачкі быць падобнай да вас у адносінах да вучняў…”
Многія выхаванцы Надзеі Іванаўны сталі педагогамі, многія вядомыя людзі атрымалі пуцёўку ў жыццё з яе рук. Заслужанай настаўніцы БССР не стала 3 гады назад, але памяць пра яе жыве ў сэрцах удзячных вучняў і калег, для якіх яна назаўсёды засталася высокамаральным чалавекам, узорам адданасці педагагічнай прафесіі. Сучаснікам ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад!
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ