Мендзялееўская алімпіяда ў Мінску!

У панядзелак у Мінску адкрылася 52-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі. Гонар прымаць гэтыя інтэлектуальныя спаборніцтвы нашы школьнікі заваявалі медалямі, якія ў апошнія гады прывозілі рэгулярна. Урачыстая цырымонія адкрыцця алімпіяды прайшла ў Ліцэі БДУ.

Як адзначыла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, Мендзялееўская алімпіяда па хіміі трэці раз вяртаецца ў нашу краіну, што сведчыць пра высокі ўзровень школьнай хімічнай адукацыі. “Вас чакае шмат напружанай інтэлектуальнай працы і ўражанняў. Каб трапіць на гэтую алімпіяду, вам давялося пазмагацца на сваім, нацыянальным, адборы. Калі ж задачы будуць рэшаны і пераможцы вызначаны, спадзяюся, ніхто з вас не расчаруецца. А калі нехта яшчэ раз захоча наведаць Мінск, мы заўсёды будзем рады вас бачыць і прымаць на гасціннай беларускай зямлі”, — звярнулася да ўдзельнікаў алімпіяды Раіса Станіславаўна.

Са словамі віншавання да каманд звярнуўся старшыня аргкамітэта 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды, дэкан хімічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава, акадэмік РАН, прафесар Валерый Лунін. Валерый Васільевіч адзначыў, што ўдзельнікі алімпіяды ўжо лепшыя знаўцы хіміі, бо змаглі прайсці нацыянальныя адборачныя туры. Анансуючы наступную алімпіяду, якая будзе праходзіць у Санкт-Пецярбургу, акадэмік акцэнтаваў увагу на тым, што яна будзе прысвячацца 150-годдзю перыядычнай табліцы Мендзялеева, як, зрэшты, і ўвесь 2019 год, які Арганізацыя Аб’яднаных Нацый назвала Годам перыядычнай табліцы хімічных элементаў.

Асобна хочацца сказаць пра канцэртную праграму, якая вельмі яскрава праілюстравала багацце культуры нашай краіны. І танцавальныя, і музычныя нумары госці і ўдзельнікі алімпіяды сустракалі авацыямі. На сцэне выступалі лепшыя калектывы БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ і, безумоўна, НЦМТДіМ.

У 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі бяруць удзел 135 школьнікаў старшых класаў з 22 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Кыргызстана, Літвы, Латвіі, Малдовы, Расіі, Румыніі, Саудаўскай Аравіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі, Харватыі.

Нашу краіну на алімпіядзе прадставяць 11 навучэнцаў, сярод якіх пяць прадстаўнікоў Ліцэя БДУ. Трэба адзначыць, што беларускія ўдзельнікі да Мендзялееўскай алімпіяды рыхтуюцца ў большасці сваёй самастойна. За іх плячыма — перамога на рэспубліканскай алімпіядзе, што, канечне, з’яўляецца асноўнай падрыхтоўчай базай для пакарэння міжнародных вяршынь, але не менш важнай застаецца падрыхтоўка на месцах, у сваіх навучальных установах разам са сваімі настаўнікамі. Улічваючы тое, што заданні Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды больш складаныя, чым на рэспубліканскай, падчас падрыхтоўкі педагогі працуюць са сваімі падапечнымі ў інтэнсіўным рэжыме.

Традыцыйна алімпіяда складаецца з двух тэарэтычных тураў і аднаго практычнага. Як і ў папярэднія гады, у рамках двух тэарэтычных тураў удзельнікам прапаноўваюцца заданні з розных раздзелаў хіміі: неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, фізічнай хіміі і хіміі палімераў. У першым тэарэтычным туры неабходна выканаць 8 абавязковых задач, а ў другім — 5 задач (з 15), па адной з кожнага раздзела, дэманструючы ўніверсальнасць сваёй падрыхтоўкі.

Падчас эксперыментальнага тура правяраюцца навыкі работы ў хімічнай лабараторыі: уменні выконваць хімічны аналіз рэчываў і праводзіць сінтэз па прапанаванай методыцы.

Метадычная камісія алімпіяды пад кіраўніцтвам прафесара хімічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава Валянціна Георгіевіча Нянайдзенкі падрыхтавала для ўдзельнікаў цікавыя заданні тэарэтычных і эксперыментальнага тураў. “Мы вельмі стараліся, каб вам было цікава, каб вы адчулі смак ад хіміі і яе магчымасцей”, — заўважыў падчас урачыстага адкрыцця Валянцін Георгіевіч. Па выніках трох тураў алімпіяды ўдзельнік можа набраць максімум 230 балаў.

Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі праводзіцца штогод і з’яўляецца пераемніцай Усесаюзнай хімічнай алімпіяды. З 2004 года ў гэтых спаборніцтвах, акрамя школьнікаў краін СНД і Балтыі, пачалі прымаць удзел каманды Балгарыі, Македоніі і Румыніі, з 2012 года далучыліся Венгрыя, Турцыя і Сірыя, а ў 2016 годзе ўпершыню ўдзельнічалі каманды Ізраіля, Манголіі і Нігерыі. Беларусь прымае Міжнародную Мендзялееўскую алімпіяду трэці раз, дагэтуль яна ў нас праводзілася ў 1999 і ў 2007 гадах.

Арганізатарамі алімпіяды выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі, БДУ і МДУ імя М.В.Ламаносава. З 1997 года і да цяперашняга часу аргкамітэт алімпіяды ўзначальвае дэкан хімічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава акадэмік РАН Валерый Лунін. У склад аргкамітэта і метадычнай камісіі інтэлектуальнага спаборніцтва ўваходзяць прафесары і выкладчыкі вядучых ВНУ, а таксама настаўнікі хіміі агульнаадукацыйных школ краін-удзельніц. У складзе журы Беларусь прадстаўляюць кандыдат хімічных навук загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мікалаевіч Хвалюк і студэнт хімфака Андрэй Швед.

Асноўнай рабочай мовай алімпіяды з’яўляецца руская, аднак па жаданні навучэнцаў ім прапануюцца заданні алімпіяды (і затым — рашэнні да іх) на англійскай мове. Пры неабходнасці кіраўнікі каманд могуць напярэдадні кожнага тура алімпіяды зрабіць пераклад заданняў на нацыянальную мову.

Для кіраўнікоў каманд і настаўнікаў хіміі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска ў рамках інтэлектуальнага спаборніцтва арганізавана пасяджэнне круглага стала “Дыялог з навукоўцамі”. А падвядзенне вынікаў і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў пройдзе 28 красавіка ў Ліцэі БДУ.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.