Менш дзяцей — менш устаноў?

- 12:04Рознае, Сацыяльны ракурс

Падчас апытання настаўнікаў наконт таго, якія неўласцівыя функцыі ім даводзіцца выконваць, спецыялісты нярэдка атрымлівалі адказ: работа — самая разнастайная — з нядобранадзейнымі сем’ямі. І, чаго хаваць, нярэдка педагогі сапраўды перагружаны гэтай дзейнасцю. Часам прычына такога становішча ў тым, што прафесійны ўзровень спецыяліста — сацыяльнага педагога, закліканага выконваць тыя ці іншыя функцыі, не дазваляе рабіць гэта якасна. У выніку гэтая дзейнасць перакладваецца на ўвесь педагагічны калектыў, і ўсім светам выконваецца тое, што павінна была зрабіць сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба. Між тым сёння ў сферы аховы дзяцінства напрацаваны велізарны эфектыўны вопыт, як дзяржаўнымі, так і грамадскімі арганізацыямі, распрацавана метадычнае суправаджэнне. Задача кожнага спецыяліста на месцы — навучыцца прымяняць усё гэта ва ўласнай практыцы. Як павысіць эфектыўнасць работы сацыяльна-педагагічнай службы на месцах? Якія актуальныя задачы стаяць сёння перад спецыялістамі аховы дзяцінства? Пра ўсё гэта ішла гаворка на рэспубліканскім семінары па павышэнні эфектыўнасці рэгіянальнай сістэмы аховы дзяцінства.

Чаканае і дасягнутае

2015 год, які ўжо не за гарамі, — пэўная мяжа для ўсёй сістэмы аховы дзяцінства краіны. Гэты год быў вызначаны гранічным тэрмінам для выканання шэрага задач: скарачэння зноў выяўленых дзяцей-сірот, закрыцця шэрага інтэрнатных устаноў, развіцця сямейных форм уладкавання дзяцей сіроцкай катэгорыі. І варта адзначыць, што па гэтых напрамках ужо сёння дасягнуты пэўныя вынікі.
Так, у апошні час скарачаецца колькасць зноў выяўленых дзяцей-сірот — за перыяд 2009—2013 гадоў на 30%. Калі ў 2009 годзе было выяўлена 3907 такіх непаўналетніх, то ў мінулым — 2750. Але, як і раней, большая частка з іх (па выніках апошняга года — больш за 86% ) — сацыяльныя сіроты.
Другая прыкметная тэндэнцыя — скарачэнне колькасці адмоў бацькоў ад нованароджаных дзяцей. Калі ў 2002 годзе маці пакінулі 525 нованароджаных, то летась — толькі 98.
— Зменшылася і колькасць бацькоў, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У 2013 годзе — гэта 1474 чалавекі, што на 61% менш, чым у 2009 годзе, — прывяла даныя начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Маргарыта Іванаўна Матвеенка. — У той жа час адзначаецца павелічэнне колькасці бацькоў, якія аднавіліся ў бацькоўскіх правах. За перыяд дзейнасці Дэкрэта № 18 бацькам па рашэнні суда ў аднаўленні ў бацькоўскіх правах вернута 2044 дзіцяці. А гэта кантынгент 27 дзіцячых дамоў.
Скарачаецца і колькасць дзяцей, якія накіроўваюцца ў інтэрнатныя ўстановы.
— У рэспубліканскім банку даных значацца звесткі аб 23 081 дзіцяці. З іх больш за 18 тысяч выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, — працягнула Маргарыта Іванаўна. — Пры гэтым за апошнія 10 гадоў у сем’і беларускіх грамадзян уладкавана на розныя формы выхавання больш за 43 тысячы дзяцей сіроцкай катэгорыі.
Зрэшты, вынікі па адзначаных напрамках маглі б быць і больш значнымі. Перашкодай гэтаму, як і раней, часта выступае неналежнае ўзаемадзеянне паміж рознымі органамі і службамі. Так, работа па інфармаванні органамі ўлады адзін аднаго часта набывае фармальны характар. Можна тут вярнуцца і да тэзіса аб неўласцівых абавязках: нярэдка сістэма адукацыі ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі вымушана браць на сябе не толькі пытанні педагагічнага і псіхалагічнага характару, але і шэраг іншых. І калі некаторыя функцыі ў гэтай сферы сапраўды на сумленні педагогаў, як, скажам, высвятленне ўмоў пражывання непаўналетніх, то іншыя — зусім не. Чаго вартыя, напрыклад, сітуацыі, калі педагогі вымушаны высвятляць тэхнічны стан пячнога ацяплення, прымаць меры для пагашэння такімі сем’ямі запазычанасці па аплаце камунальных паслуг… Зразумела, што такое штучнае пашырэнне кола абавязкаў педагогаў па рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі ніяк не спрыяе павышэнню якасці гэтай работы.

Шукаць альтэрнатыўныя формы

Разам з тым усе гэтыя дасягненні ставяць перад спецыялістамі аховы дзяцінства і новыя задачы. Вось, напрыклад, скарачэнне колькасці дзяцей, якія накіроўваюцца ў інтэрнатныя ўстановы, бясспрэчна цягне за сабой закрыццё такіх устаноў. Пытанне часам балючае для мясцовай супольнасці, але непазбежнае ў сённяшніх рэаліях. Калі ў 2011 годзе дзейнічалі 52 інтэрнатныя ўстановы сістэмы Міністэрства адукацыі, то зараз — толькі 40: 25 дзіцячых дамоў, 9 школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот, 6 дапаможных школ-інтэрнатаў, у якіх выхоўваюцца толькі 3,5 тысячы непаўналетніх. Такім чынам мы падыходзім да выканання пастаўленай задачы аб накіраванні 80% дзяцей-сірот на сямейныя формы выхавання.
— У сувязі з гэтымі тэндэнцыямі паўстала пытанне аптымізацыі не толькі інтэрнатнай сістэмы, але і аддзяленняў дзіцячых сацыяльных прытулкаў, — заўважыла Маргарыта Іванаўна. — Часам напаўняльнасць дзіцячых сацыяльных прытулкаў вагаецца ад 20 да 50%. Пры гэтым штатны расклад не мяняецца. У сярэднім напаўняльнасць — 68%. Самы вялікі паказчык па Гродзенскай вобласці — 83%, самы нізкі па Магілёўскай — 53%.
Пры гэтым спецыяліст прывяла прыклад, калі амаль за год у прытулак было залічана толькі два дзіцяці. Выдатны вынік работы па захаванні біялагічных сем’яў. Але ці патрэбны ў такой сітуацыі прытулак?
У такіх выпадках спецыялісты гавораць аб неабходнасці стварэння альтэрнатыўных форм: міжрэгіянальных прытулкаў і дзяжурных прыёмных сем’яў. І калі ў адносінах да першага — стварэння міжрэгіянальных прытулкаў — на месцах часам недаверлівыя адносіны, маўляў, залішняя адлегласць будзе перашкаджаць аднаўленню бацькоўска-дзіцячых адносін, то ў адносінах да другога — стварэння дзяжурных прыёмных сем’яў — нейкіх нараканняў узнікаць не павінна. Асабліва калі ўлічыць той факт, што ў практыцы дзейнасці рэгіёнаў ужо сёння ёсць прыклады, калі ад гэтых устаноў спецыялісты адмаўляліся не вымушана — з-за эканамічных абставін, а ўсвядомлена — дзеля найлепшага захавання інтарэсаў дзяцей.
Разам з тым у цяперашні час стаіць задача далейшай дэінстытуцыяналізацыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Спецыялісты адзначылі, што працэс дэінстытуцыяналізацыі немагчымы ў поўнай меры намаганнямі толькі сістэмы адукацыі. Так, напрыклад, сёння, як і раней, існуюць інтэрнатныя ўстановы сістэмы Міністэрства аховы здароўя, куды накіроўваюцца дзеці да трох гадоў, якія па той ці іншай прычыне страцілі бацькоў. І толькі ў асобных рэгіёнах, так бы мовіць, валявым рашэннем дзеці да трох гадоў не накіроўваюцца ў дамы дзіцяці. Ці іншы прыклад: інтэрнатныя ўстановы сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сёння іх колькасць не тое што не зменшылася, а наадварот — павялічылася. І гэта пры тым, што кожнаму дзіцяці, незалежна ад яго ўзросту і асаблівасцей развіцця, гарантавана права на сям’ю.

Дзеля агульнай мэты

Адзін з галоўных тэзісаў работы ў сферы аховы дзяцінства ў апошнія гады — калі дзіця па нейкай прычыне страціла біялагічную сям’ю, яно павінна знайсці новую, замяшчальную. І сёння сямейныя формы выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, таксама маюць сваё развіццё — праз пашырэнне практыкі, удасканаленне дзейнасці.
У той жа час ёсць шэраг прычын, якія перашкаджаюць уладкаванню дзяцей-сірот на выхаванне ў сем’і. Перш за ўсё гэта тое, што 80 працэнтам выяўленых дзяцей-сірот — больш за 10 гадоў, многія з іх маюць негатыўны сацыяльны вопыт, захворванні, якія робяць складаным змяшчэнне іх у замяшчальную сям’ю. Ускладняе працэс і неабходнасць падтрымання паміж дзецьмі сваяцкіх сувязей: знайсці сям’ю адразу для трох-чатырох-пяці братоў і сясцёр вельмі складана.
Да таго ж кожная такая сям’я — прыёмная, апякунская ці — патрабуе граматнага суправаджэння з боку спецыялістаў па ахове дзяцінства.
Аднак сёння няма ніводнай установы, якая б выпускала такога спецыяліста па ахове дзяцінства.
— Між тым сёння гэты работнік, акрамя педагагічных і псіхалагічных задач, вырашае і шэраг іншых — юрыдычнага, ідэалагічнага, эканамічнага характару, — адзначыла Маргарыта Іванаўна. — Таму вельмі важная роля курсаў павышэння кваліфікацыі, абмену вопытам.
Дарэчы, такая магчымасць — абмену вопытам — была прадастаўлена педагогам падчас работы семінара. Справа ў тым, што сёння ў сферы аховы дзяцінства дзейнічаюць не толькі дзяржаўныя, але і грамадскія арганізацыі, якія ўжо маюць вельмі багаты вопыт. Спецыялісты з рэгіёнаў мелі магчымасць азнаёміцца з тымі магчымасцямі і той дапамогай, якую гэтыя арганізацыі гатовы аказаць мясцовым супольнасцям. Яскравы прыклад такога супрацоўніцтва прадэманстравала Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Гэтая арганізацыя ўжо не першы год дапамагае зацікаўленым спецыялістам укараніць новыя мадэлі работы з сям’ёй і дзецьмі.
— Па даных ЮНІСЕФ, у мінулым годзе 36% ад усіх рэгіёнаў краіны перасталі накіроўваць сваіх дзяцей у інтэрнатныя ўстановы, — расказала дырэктар прадстаўніцтва Ірына Міронава. — Мы прааналізавалі іх дзейнасць, выявілася, што абсалютная большасць з іх выкарыстоўвалі дзве і больш праграм, якія мы ім прапаноўвалі, а таксама свой уласны энтузіязм і ўласныя рэсурсы.
Спецыяліст яшчэ раз спыніліся на ўмовах эфектыўнасці работы па ахове дзяцінства. Гэта паслугі, якія непасрэдна працуюць з фактарамі рызыкі — жорсткімі адносінамі і незадавальненнем патрэб дзіцяці ў сям’і, гэта нарматыўна-прававая база, якая рэгламентуе алгарытмы работы сістэмы аховы дзяцінства і міжведамаснае ўзаемадзеянне — размеркаванне роляў паміж ведамствамі. Гэта і сучасныя методыкі, якія дапамагаюць спецыялістам працаваць не наўгад, а дакладна біць у цэль. І, безумоўна, гэта навучанне: мала мець методыкі ў выглядзе нейкіх папер, неабходна ўмець прымяніць іх на практыцы.
Шэраг такіх методык работы, заснаваных на міжнародным вопыце, і прапаноўваецца для ўкаранення грамадскімі арганізацыямі. Адной з такіх інавацыйных методык, якія з поспехам прымяняюцца ў некаторых рэгіёнах краіны, стала праграма сямейна-арыентаванага падыходу ў сістэме аховы дзяцінства, прапанаваная Прадстаўніцтвам Міжнароднага дзіцячага фонду.
— Сёння гэтая праграма ўзята за аснову абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі, адаптавана пад уласныя патрэбы, умовы і запыты і з поспехам укараняецца на месцах, — заўважыла Ірына Міронава. — Гэты трэнінгавы курс з’яўляецца той самай спробай падрыхтаваць спецыяліста па ахове дзяцінства і даць яму паўнацэнны набор навыкаў, ведаў, як тэарэтычных, так і практычных.
Укараняецца ў практыку работы і мадэль ПРАЙД — сістэма адбору, падрыхтоўкі, ацэнкі і суправаджэння замяшчальных бацькоў.
І гэта далёка не адзіны прыклад паспяховага супрацоўніцтва дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Эфектыўнае супрацоўніцтва ў Гомельскім рэгіёне наладжана з прадстаўніцтвам прыватнай кампаніі з абмежаванай адказнасцю “Надзея і дамы дзецям” па стварэнні і функцыянаванні рэсурсных пакояў. Не першы год у сістэме прафілактыкі і работы з цяжкімі падлеткамі дзейнічае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў”.
— Сёння ў цэлым у краіне развіваецца дзяржаўна-прыватнае партнёрства, — адзначыла Маргарыта Іванаўна. — Сістэма аховы дзяцінства таксама не павінна быць убаку ад гэтых працэсаў — варта карыстацца такім магутным рэсурсам, як грамадскія аб’яднанні, на агульную карысць.
Тым больш што многія грамадскія арганізацыі працуюць у гэтай сферы далёка не першы год. І развіваюцца адначасова з дзяржаўнай сістэмай аховы дзяцінства.

Алена МАРКЕВІЧ.