Мерчандайзінг — маўклівы прадавец

- 11:45World Skills

У спіс прафесійных кампетэнцый ІІІ Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus 2018 (іх агульная колькасць — 37) упершыню ўнесена прафесійная кампетэнцыя “Візуальны мерчандайзінг і афармленне вітрын”. На папярэдніх спаборніцтвах нацыянальнага ўзроўню гэтая кампетэнцыя была толькі дэманстрацыйнай. Адной з падстаў да таго, каб увесці яе ў спіс спаборніцтва, стаў папярэдні міжнародны чэмпіянат, які праходзіў у Абу-Дабі і дзе ўдзельнікі і госці конкурсу пераканаліся, якая відовішчная гэтая кампетэнцыя. Але галоўным фактарам увядзення мерчандайзінгу ў нацыянальнае спаборніцтва стала папулярнасць гэтай прафесіі сярод моладзі і высокая запатрабаванасць яе ў гандлёвай сферы нашай краіны. Экспертам гэтай кампетэнцыі стала дырэктар рэкламна-вытворчай кампаніі “Цэнтр паспяховых продажаў” Алена Уладзіміраўна Іванова, якая расказала нашым чытачам аб значнасці кампетэнцыі ў гандлёвай сферы.

Мерчандайзінг — гэта від дзейнасці, які выкарыстоўваецца прадпрыемствамі гандлю і які накіраваны на прасоўванне тавараў і гандлёвых марак на рынку. Мерчандайзінг — сукупнасць сродкаў і спосабаў, якія дапамагаюць тавару быць прададзеным у гандлёвым пункце, і адным з асноўных элементаў гэтага з’яўляецца выкладка тавараў.

Мерчандайзінг вобразна можна назваць маўклівым прадаўцом, які замяняе пакупніку традыцыйнага прадаўца альбо таваразнаўца. Дзякуючы тэхналогіям мерчандайзінгу, тавар прадаецца сам. Мерчандайзінг у гандлі сёння такі ж важны, як распрацоўка брэнда тавару, знешняя рэклама або правядзенне рэкламных акцый. Сёння ўсё больш і больш з’яўляецца мерчандайзінгавых агенцтваў, якія прадастаўляюць паслугі рознічным прадаўцам.

Як расказала Алена Уладзіміраўна Іванова, прафесійная кампетэнцыя “Візуальны мерчандайзінг і афармленне вітрын” новая як для нашай краіны, так і для ўсяго свету. Сваю значнасць гэтая прафесія пачала набываць нядаўна, і гэта пры тым, што гандаль існуе амаль столькі, колькі існуе цывілізацыя. Сёння гандлёвай сферы характэрны зусім іншыя рысы. Перш за ўсё гандлёвы рынак перанасычаны таварамі. Выказваючыся фігуральна, цяпер не людзі шукаюць тавары, а тавары шукаюць людзей. Ставіцца задача максімальна прадаць тавар і, натуральна, прыцягваць з гэтай мэтай усё больш і больш пакупнікоў. Але зрабіць гэта няпроста з-за вельмі вялікай канкурэнцыі. Каб быць на плаву на гандлёвым рынку, трэба шукаць новыя, найбольш эфектыўныя формы і метады гандлю, рэкламнай дзейнасці, далучаць сучасных спецыялістаў, якія маюць прафесійныя навыкі прадстаўляць і прадаваць тавар. Раней вітрына магазіна была адзінай рэкламай тавару. Мастак яе афармляў згодна са сваім асабістым густам, індывідуальным падыходам, гэтага было дастаткова для прыцягнення ўвагі людзей. Цяпер жа вітрына гандлёвай кропкі набывае новае гучанне, новы выгляд, яна — інструмент маркетынгу, мэта якога — не толькі прыцягваць увагу людзей, якія праходзяць міма магазіна, але і матываваць яго купіць той ці іншы тавар. Таму спецыяліст, які сёння будзе займацца афармленнем вітрын, павінен выходзіць на новы ўзровень. А гэта значыць, яму спатрэбяцца не толькі мастацкія здольнасці афарміцеля, але і комплексныя веды па псіхалогіі, сацыялогіі, эканоміцы і іншых галінах. Пры афармленні вітрыны трэба ўлічваць таксама, якія тавары маюць попыт у жыхароў таго ці іншага населенага пункта, чым цікавяцца яго жыхары, як увогуле развіваецца рэгіён і якія кірункі развіцця яму найбольш характэрны. Немагчыма абысціся без выкарыстання тэндэнцый сусветнай моды, найбольш папулярных форм мастацкай кампазіцыі, уздзеяння колераў, эстэтычнага густу. Пры афармленні вітрыны спачатку трэба стварыць эскіз яе дызайну, выкарыстоўваючы веды пра той канкрэтны тавар, які трэба на ёй прадставіць, а потым сваімі рукамі стварыць гэтую вітрыну.

На думку эксперта, прафесійная кампетэнцыя “Візуальны мерчандайзінг і афармленне вітрын” з’яўляецца даволі складанай для авалодання маладымі людзьмі. Справа ў тым, што лягчэй навучыць чалавека нейкаму аднаму прафесійнаму навыку, чым цэламу комплексу такіх навыкаў. І гэта цалкам зразумела. Комплексны аб’ём ведаў уласцівы менавіта гэтай кампетэнцыі. Яна патрабуе наяўнасці комплексных ведаў, пэўнага вопыту, сфарміраванага густу, індывідуальнага погляду на жыццё і ў прыватнасці на развіццё гандлёвай галіны. Гэта даецца не імгненна, гэта трэба складваць у свой багаж гадамі. Маючы ў нашай сістэме адукацыі найноўшыя тэхналогіі і методыкі выкладання, гэтыя прафесійныя якасці будуць фарміравацца ў працэсе навучання хоць і паступова, але эфектыўна. Стымулам для гэтага паслужыць і сёлетні нацыянальны чэмпіянат WorldSkills.

Пакуль прафесійная падрыхтоўка па візуальным мерчандайзінгу і афармленні вітрын толькі пачынаецца. Некаторыя ўстановы прафесійнай адукацыі ўжо бяруцца за падрыхтоўку такіх кадраў, тым больш што попыт на рынку працы на іх даволі высокі. Гандлю пакуль не хапае высокакваліфікаваных кадраў у галіне мерчандайзінгу і афармлення вітрын, і галіна пакуль выкарыстоўвае свае сілы, рыхтуючы спецыялістаў у сістэме перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Са свайго боку ўстановы прафесійнай адукацыі павінны падключыцца да падрыхтоўкі такіх кадраў. Трэба звяртацца да тых спецыялістаў, які маюць вопыт у гэтай кампетэнцыі, у тым ліку практычны, што вельмі важна, і якія валодаюць найноўшымі педагагічнымі прыёмамі, каб перадаць свае веды іншым. Прафесійныя конкурсы якраз і спрыяюць гэтаму, трансфармуюць назапашаныя веды, аб’ядноўваюць іх і прыўносяць у навучанне практычны складнік. Сучаснаму гандлю патрэбны кадры па візуальным мерчандайзінгу і афармленні вітрын не толькі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, але і з вышэйшай. Так, у нацыянальным чэмпіянаце ў гэтай кампетэнцыі збіраецца выступіць студэнтка БНТУ, якая ўваходзіць у гільдыю “Маркетолаг”. Ва ўніверсітэце пакуль няма падрыхтоўкі па гэтай спецыяльнасці, але ў будучыні плануецца яе адкрыць.

У Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі гэтымі днямі ўпершыню прайшоў адборачны конкурс па названай кампетэнцыі, падрыхтоўку па якой навучальная ўстанова ўжо вядзе. Спаборнічалі 6 навучэнак каледжа, якія ў тэарэтычным туры рыхтавалі дызайн-эскіз вітрыны і выстаўлялі тавар пад назвай “Вясна ў горадзе”. Дзяўчатам удалося прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі, праявіць індывідуальнасць і стварыць прывабныя вітрыны. А пераможцай гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018 па прафесійнай кампетэнцыі “Візуальны мерчандайзінг і афармленне вітрын” стала Паліна Гурыновіч. На другім месцы — Наталля Ільінчык, 3-е месца заняла Леа Цяслюк.

У рэгіёнах адборачныя туры праводзіцца не будуць. Пасля трэніровак навучэнцаў па вітрыністыцы на спецыяльных стэндах лепшыя навучэнцы будуць адбірацца на рэспубліканскі чэмпіянат індывідуальна, згодна з кампетэнтным меркаваннем экспертаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.