Месца, дзе нашы ўспаміны

- 14:47Нам пішуць

Наваколлі нашай вёскі вельмі маляўнічыя. У адзін з дзён я са сваімі аднакласнікамі Ганнай Унгур і Антонам Баярчуком, а таксама педагогам-псіхолагам нашай школы Ірынай Рыгораўнай Рашкевіч адправіліся на невялікую велапрагулку. Месцам нашай экскурсіі была абраная вёска Заберазь.

Па гістарычных звестках, у XVII—XVIII ст. вёска Заберазь адносілася да Ашмянскага павету Віленскага ваяводства. З 1795 года — у складзе Расійскай імперыі. Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 157 двароў, 1221 жыхар, дзейнічалі царква, жаночая царкоўна-прыходская школа, карчма. Акрамя земляробства, жыхары займаліся сплавам лесу па рэках Бярэзіне і Іслачы.

У Першую сусветную вайну вёска знаходзілася ў прыфрантавой зоне. Часткова была спаленая. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр Забярэзскага сельскага савета Юрацішкаўскага раёна. З 16 ліпеня 1954 года — у складзе Бакштаўскага сельскага савета, з 20 студзеня 1960 года — у складзе Іўеўскага раёна.

На сёння ў вёсцы няма школы, магазіна, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Большая частка жыхароў — сталага веку. Мы праехалі па ціхай, вельмі доўгай (больш за два кіламетры) вясковай вуліцы, пагутарылі з яе жыхарамі. Сёння Заберазь — у большай ступені вёска дачнікаў. Блізкасць дзвюх рэк — Бярэзіны і Іслачы, прыгожы пейзаж прыцягваюць гарадскіх жыхароў. Дамы ўздоўж сельскай вуліцы дагледжаныя, мноства кветак, таму што не забываюць былыя жыхары вёскі, якія пакінулі родны дом, родныя мясціны.

“Мая малая радзіма” — паняцце шырокае. Кожны разумее яго па-свойму. Ясна адно: радзімай мы называем тое месца, дзе нашы ўспаміны, дзе нашы думкі. Хтосьці з’язджае ў іншыя краіны і гарады. Але, сустрэўшы там чалавека са свайго роднага кутка, мы радуемся. Нам прасцей разумець яго. Мы хутка знаходзім агульную мову. Нам хочацца быць бліжэй да яго. Гэты чалавек — частка Радзімы, частка таго вялікага, што выклікае ў нас далікатныя і ў той жа час тужлівыя пачуцці. Бо дзе б чалавек ні знаходзіўся, ён заўсёды павінен ведаць: суцяшэнне можна знайсці ў родных краях.

Маргарыта ШЫБУТ,
навучэнка Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.