Месца, дзе пасялілася Муза

Выхаванне творчай актыўнасці вучняў, развіццё ўнутранай матывацыі да вывучэння мастацтва — неад’емная частка духоўнага і эстэтычнага развіцця асобы.

Пераканацца ў гэтым можна было падчас абласнога семінара “Развіццё творчай і пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках па айчыннай і сусветнай мастацкай культуры”, які прайшоў у красавіку ў рамках работы абласнога рэсурснага цэнтра “Пошук” сярэдняй школы № 3 Любані імя Генадзя Леанідавіча Сячко.

У рабоце семінара ўзялі ўдзел метадысты аддзела адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама, настаўнікі вучэбнага прадмета “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” устаноў адукацыі Любанскага, Слуцкага, Салігорскага, Старадарожскага раёнаў.

Навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 3 Любані прадставілі тэатральна-музычную кампазіцыю “Пад шатамі Музы чароўнага мастацтва”. Панавала атмасфера творчасці і натхнення. Госці і ўдзельнікі здзейснілі падарожжа ў часе. Дзякуючы творчаму падыходу намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Вярэнік, педагога-арганізатара Наталлі Вярынскай, педагога дадатковай адукацыі Зінаіды Кісель, мерапрыемства праведзена на высокім мастацкім узроўні. Убачанае і пачутае кранула душу кожнага прысутнага.

Падабраны матэрыял перанёс гледачоў у свет мастацкіх вобразаў і з’яў, створаных у розных відах і жанрах мастацтва, у далёкія гістарычныя эпохі.

Свае напрацоўкі прадэманстравалі вучні 5 класа, якія прадставілі тэатральную пастаноўку “Прасвятленне”. Вучні 7 класа выканалі ролю таямнічых тэатральных мімаў, паўсталі перад гледачамі ў вобразах чароўных Муз. Вобраз Апалона ўвасобілі па-майстэрску і з густам. Паказалі свае здольнасці ў танцах і музыцы.

Увесь дзень ва ўстанове адукацыі панаваў настрой, прасякнуты мастацтвам, любоўю да малой радзімы. Госці былі вельмі задаволеныя і выказалі цёплыя словы падзякі ўсяму педагагічнаму і вучнёўскаму калектыву нашай школы.

Ірына НЯМАЛЬЦАВА,
дырэктар сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л.Сячко