Альшаны — напэўна, самая незвычайная вёска на Беларусі. Больш як 8 тысяч насельніцтва (прыкладна 40% жыхароў — дзеці). Каля 100 кіламетраў вуліц, забудаваных дыхтоўнымі прыгожымі дамамі. Тут найбольшая ў краіне колькасць аўтамабіляў на чалавека. А самае галоўнае — адсюль не з’язджае моладзь. Маладыя альшанцы атрымліваюць адукацыю ў каледжах і ўніверсітэтах, але пасля заканчэння, як правіла, вяртаюцца на малую радзіму і атрыманыя веды выкарыстоўваюць для развіцця ўласнай справы і сваіх любых Альшан.
Вёску часта называюць агурковай сталіцай Беларусі, але мне здаецца, што гэта крыху павярхоўны погляд на Альшаны. Так, тут усюды, куды кінеш вокам, стаяць цяпліцы. Кажуць, вясной над вёскай сцелецца дым — гэта ацяпляюцца велізарныя агурковыя плантацыі. Вырошчваннем агародніны займаецца тут кожная сям’я. У любога альшанца з маленства ўжо ёсць свой надзел, дзе ён працуе і з якога мае прыбытак.
Нядаўна ў Альшанах нават устанавілі помнік агурку — як сімвал дабрабыту вёскі. Але агурок, я лічу, усё ж такі другасны прадукт. Першае і самае галоўнае, што вызначае альшанцаў, — гэта іх неверагодная працавітасць. Бо вёсак многа, зямлі многа — здавалася б, бяры і садзі! Але менавіта Альшаны назвалі беларускім цудам. Тут не лянуюцца працаваць, нараджаць дзяцей (вельмі многія сем’і — мнагадзетныя), хадзіць у храм — у вёсцы ёсць пратэстанцкая і дзве праваслаўныя царквы. Тут не заглядваюць у чарку. Людзі жывуць і працуюць так, што з’яўляюцца ўзорам для сваіх дзяцей: сыны і дочкі не разлятаюцца па свеце, а працягваюць традыцыі сям’і, роду, вёскі.
Нашага фатографа-халасцяка адразу папярэдзілі, што ў Альшанах у яго — ніякіх шансаў. Дзяўчаты выходзяць замуж толькі за альшанцаў. А для мясцовых хлопцаў няма нікога мілей за аднавясковак. Ёсць нават прымаўка: “Хоць за старца, абы за альшанца”.
І ў школе тут ніхто не скажа вучню, маўляў, будзеш дрэнна вучыцца — на ўсё жыццё застанешся ў вёсцы. Жыць і працаваць у Альшанах — мара кожнага дзіцяці.
Усё для таго, каб добра жыць і вучыцца
— Які хуткаплынны час… Бачу сябе маленькай дзяўчынкай-школьніцай, якая разам з сяброўкамі, з кошыкам у руках бяжыць у калгасны сад дапамагаць збіраць яблыкі… І вось 2011 год. На месцы былога старога саду — добраўпарадкаваная тэрыторыя і сучасны двухпавярховы будынак. Гэта альшанская сярэдняя школа № 2 і я — кіраўнік гэтай установы адукацыі, — так хораша паэтычна расказвае дырэктар Альшанскай сярэдняй школы № 2 Вольга Сцяпанаўна Сімановіч.
Да 2011 года ў Альшанах была адна школа, якая працавала ў дзве змены і не магла ўмясціць усіх дзяцей. Сёння ў вёсцы ўжо выхоўваюцца 3009 дзяцей, у тым ліку 1598 школьнікаў.
У альшанскай сярэдняй школе № 2 вучацца 754 дзіцяці. Для ажыццяўлення вучэбна-выхаваўчай работы школа мае кабінеты матэматыкі, рускай і беларускай моў і літаратур, англійскай мовы, геаграфіі, сумесны кабінет хіміі і біялогіі, фізікі, абслуговай і тэхнічнай працы, лінгафонны кабінет, камп’ютарны клас, метадычны кабінет. У чатырох спальных пакоях могуць адпачыць 80 вучняў першых класаў, для якіх арганізавана група прадоўжанага дня.
У школе абсталяваны харчаблок з абедзеннай залай на 108 месцаў, актавая зала аснашчана акустычным абсталяваннем і тэхнікай для арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў.
На тэрыторыі школы размяшчаецца стадыён, спартыўныя пляцоўкі для гульні ў валейбол, баскетбол, гандбол, футбольнае поле, 8 летніх веранд.
Тры гады назад на баланс школы перададзены фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У прасторных спартыўных залах вучні займаюцца фізічнай культурай, наведваюць спартыўныя секцыі, заняткі па інтарэсах. Ва ўсіх жыхароў Альшан таксама ёсць магчымасць паправіць сваю фізічную форму. Для гэтага сярэдняя школа № 2 прадастаўляе ў арэнду ў пазаўрочны час валейбольную, футбольную, гімнастычную і трэнажорную залы. У зімовы перыяд дзейнічае хакейная каробка, можна ўзяць напракат канькі.
— Галоўнай нашай задачай з’яўляецца выяўленне і развіццё творчых здольнасцей вучняў у даступнай і цікавай для іх дзейнасці, — гаворыць Вольга Сцяпанаўна. — У гэтым плане мы маем добрыя ўмовы, бо знаходзімся ў аграгарадку, дзе наладжана супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі службамі. Тут ёсць усё, каб добра жыць і вучыцца.
Педагагічны калектыў альшанскай сярэдняй школы № 2 — гэта 64 настаўнікі, 2/3 з якіх маюць першую і вышэйшую катэгорыю. Яны прыкладаюць максімум намаганняў, каб дзеці атрымалі добрыя веды, удзельнічалі ў розных конкурсах, у алімпіядным руху.
— Нашы вучні жывуць у сельскай мясцовасці, а гэта азначае, што яны з дзяцінства прывучаны да працы, — кажа Вольга Сцяпанаўна. — Многія разам з дарослымі працуюць на прысядзібных участках, вырошчваюць агародніну і з маленства ведаюць: каб добра жыць, трэба працаваць. Яны з дзяцінства бачаць цяжкую працу сваіх бацькоў і разумеюць, што жыццё не стаіць на месцы. Нават вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі, чым займаюцца амаль усе альшанцы, патрабуе выкарыстання сучасных тэхналогій, а для гэтага патрэбны веды. Будучыня — за адукаванымі людзьмі.
У школе праходзіць вельмі шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой радзімы. Гэта сустрэчы са знакамітымі землякамі, экскурсіі на сучасны малочнатаварны комплекс, на каняферму і ў фермерскія гаспадаркі.
— Трэба адзначыць, што наш аднавясковец па выніках года стаў лепшым прадпрымальнікам Беларусі ў намінацыі “Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці” і атрымаў дыплом і Кубак пераможцы з рук прэм’ер-міністра краіны Сяргея Румаса. Ён — былы выпускнік альшанскай школы, — дзеліцца агульнай радасцю Вольга Сцяпанаўна.
Кожны вучань школы мае магчымасць пабываць у вядомых месцах краіны: у Нацыянальным парку “Белавежская пушча” (сёлета, як і заўсёды, арганізаваны выезд да Дзеда Мароза), Нацыянальнай бібліятэцы, Брэсцкай крэпасці, Хатыні.
— Я ганаруся, што мы самі рыхтуем сабе належную змену, — гаворыць Вольга Сцяпанаўна. — 70% настаўнікаў, якія працуюць у альшанскіх школах, — нашы выпускнікі. Многа добрых спецыялістаў працуе ў Альшанах у галіне медыцыны, гандлю, сельскай гаспадаркі. Амаль усе яны — нашы выхаванцы.
Дырэктар паведаміла, што альшанскай сярэдняй школай № 2 заключана 8 дагавораў з рознымі ўстановамі адукацыі Беларусі.
— Я не памылюся, калі скажу, што, мабыць, ні ў адным населеным пункце моладзь так не прывязана да сваёй мясцовасці, — кажа Вольга Сцяпанаўна. — Многія нашы выпускнікі, набыўшы вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, з задавальненнем вяртаюцца на малую радзіму. Статыстыка паказвае, што многія вёскі выміраюць, моладзь не хоча жыць у вёсцы. А ў нас усё наадварот. Моладзь нікуды не хоча ехаць з Альшан. Былая выпускніца (і не адна) на сустрэчы са школьнікамі гаварыла, што яна 5 гадоў вучылася ва ўніверсітэце і марыла пра той дзень, калі зможа вярнуцца ў родныя Альшаны. Я сама маці. Вельмі хачу бачыць сваю дачку высокаадукаваным спецыялістам і добрым чалавекам. Але, калі яна захоча вярнуцца ў родную вёску, я буду гэтаму толькі рада.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.