Месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання

Адна з галоўных мэт выхаваўчай работы Дварчанскага дзіцячага сада — базавай школы Свіслацкага раёна — выхаванне ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных якасцей.

У лютым у школе ладзіўся месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Навучэнцы ўдзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, выставах і іншых мерапрыемствах.

Да Дня памяці юнага героя-антыфашыста прайшла тэматычная інфармацыйная гадзіна “Дзеці і вайна”. Навучэнцы праглядзелі і абмеркавалі відэаролік аб піянерах-героях, згадалі пра жахі ваеннага часу, пра подзвігі юных антыфашыстаў, адказалі на пытанні віктарыны. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб юных піянерах-героях.

Для вучняў старэйшых класаў у школьным музеі быў праведзены слайд-экскурс “Афганскі дзённік”. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх, хто прайшоў па дарогах Афганістана і не вярнуўся з вайны ці пайшоў з жыцця ўжо ў мірны час. Згадалі дзеці і ўраджэнцаў нашага раёна. Вучні 8—9 класаў правялі рэйд “Віншуем ветэранаў-афганцаў!”.

Хлопчыкам і дзяўчынкам 3—5 класаў трэба было праявіць сябе ў конкурсна-гульнявой праграме “Аты-баты, шли солдаты”. Для ўдзелу ў спаборніцтвах дзеці падзяліліся на дзве каманды: “Танкісты” і “Знішчальнікі”. У гульні праявілі веды, кемлівасць, сілу. З заданнямі справіліся выдатна. Ва ўпартай барацьбе перамагла дружба.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, да 100-годдзя стварэння Чырвонай Арміі, прайшла інфармацыйная гадзіна “Нашай арміі — 100 гадоў!”, падрыхтаваная саветам клуба “Радзіма”. Вядучыя пазнаёмілі з гісторыяй фарміравання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Скончылася мерапрыемства праглядам фільма “Армія. 100 гадоў гісторыі”.

Вучні 6—8 класаў сустрэліся на мерапрыемстве “Нам патрэбен мір!”, дзе распавядалі пра гераічную барацьбу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, подзвігі савецкіх воінаў, трагедыю вёскі Хатынь, барацьбу партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. Дзеці чыталі вершы, складалі сінквейны, разважалі пра вайну, мір, перамогу.

Святлана МАЕР,
настаўніца гісторыі Дварчанскага дзіцячага сада — базавай школы Свіслацкага раёна.