У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў межах еўрапейскай праграмы TEMPUS прайшоў рэспубліканскі семінар “Навучанне адукацыйных менеджараў рэгіёна ў галіне інклюзіўнай адукацыі і гетэрагеннага асяроддзя”, падчас якога быў прадстаўлены новы для Беларусі міжнародны праект, звязаны з падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі педагогаў у асяроддзі разнастайнасці.
Стварыць інклюзіўнае асяроддзе
“Падрыхтоўка педагогаў і кіраўнікоў адукацыі ў асяроддзі разнастайнасці” — назва новага еўрапейскага праекта TEMPUS, які стартаваў у гэтым годзе ў нашай краіне. Сярод удзельнікаў праекта — універсітэты Хільдэсхайма, Брэмена, Хельсінкі, Вены, Лінк Кампус Універсітэт (Рым), Санкт-Пецярбургская Акадэмія постдыпломнай педагагічнай адукацыі, сярэдняя школа № 122 (Санкт-Пецярбург), Нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя М.П.Драгаманава (Кіеў), Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, АПА (Мінск) і іншыя ўстановы адукацыі.
Каардынатары праекта ад Беларусі — першы прарэктар АПА Людміла Георгіеўна Тарусава і дырэктар Кампетэнтнаснага цэнтра педагогікі і менеджменту інклюзіўнай адукацыі начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы акадэміі Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў.
Мэта праекта — стварэнне шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў і адукацыйных менеджараў для работы з гетэрагеннымі групамі і арганізацыямі.
Гетэрагеннасць — гэта адрозненні, якія існуюць паміж людзьмі з пункту погляду полу, узросту, этнічнай прыналежнасці, рэлігіі, здароўя або інваліднасці, спецыфічных прыкмет асобы і г.д. Да гетэрагенных груп адносяцца дзеці з сем’яў мігрантаў, вымушаных перасяленцаў, бежанцаў, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з АПФР, а таксама навучэнцы, якія дасягаюць высокіх паказчыкаў у вучобе і творчасці (адораныя дзеці).
У межах праекта, ажыццяўленне якога будзе працягвацца 2 гады, плануюцца распрацоўка модульных тэматычных кластараў па праблемах гетэрагеннасці (для бакалаўрыятаў педагагічнага профілю), работа згодна з магістарскай праграмай “Адукацыйны менеджмент у гетэрагенных арганізацыях”, а таксама праектаванне модульнай праграмы павышэння кваліфікацыі педагогаў і адукацыйных менеджараў, якія працуюць з гетэрагеннымі групамі і арганізацыямі. Паралельна будзе стварацца інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе ва ўстановах-партнёрах.
Пад інклюзіўнай адукацыяй мы разумеем навучанне і выхаванне, у працэсе якіх асаблівыя адукацыйныя патрэбы ўсіх навучэнцаў, у тым ліку і асоб з АПФР, задавольваюцца ва ўстановах агульнай і дадатковай адукацыі пры ўмове стварэння ў іх адпаведнага асяроддзя, што дазваляе найбольш поўна ўключаць кожнага навучэнца ў адукацыйны працэс.
Згодна з праектам, плануецца распрацоўка інавацыйных праектаў і стратэгічнага плана развіцця інклюзіўнай адукацыі ў краіне, а таксама падрыхтоўка дысертацыйных даследаванняў удзельнікаў праекта ў гэтым кірунку і інш.
Новыя патрабаванні да педагогаў
— У апошні час да прафесійных кампетэнцый кіраўніка і педагога ўстановы адукацыі вызначаны новыя патрабаванні, — расказала загадчык кафедры дэфекталогіі АПА Валянціна Уладзіміраўна Гладкая. — Кожны сучасны педагог павінен ведаць, якое яно, дзіця з АПФР, якая адукацыя яму патрэбна, па якіх вучэбных планах і вучэбных праграмах неабходна яго вучыць, у чым сутнасць інтэграванага навучання і выхавання, якія перспектывы ў дзяцей з АПФР пасля заканчэння ўстановы адукацыі і г.д. Ёсць і спецыфічныя задачы ў педагога групы (класа) інтэграванага навучання і выхавання: адначасовая рэалізацыя на занятках зместу 2—3 розных вучэбных планаў і праграм, сумяшчэнне розных методык навучання з улікам асаблівых адукацыйных патрэб дзяцей з АПФР, ацэнка іх дзейнасці — цяжкасцей і дасягненняў, а таксама вынікаў навучання дзяцей, якія нармальна развіваюцца, наладжванне добразычлівых адносін паміж усімі вучнямі групы (класа) і фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з АПФР з боку педагогаў і бацькоў.
Сярэдняя школа № 111 Мінска была адкрыта ў 2006 годзе і адразу прыняла дзяцей з АПФР. Сёння тут 7 класаў інтэграванага навучання, у якіх вучацца 17 дзяцей з АПФР, сярод іх 7 — з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату. З 2013 года школа стала рэсурсным цэнтрам па спецыяльнай адукацыі.
— Адукацыйны працэс у класах інтэграванага навучання і выхавання ажыццяўляе калектыў высокакваліфікаваных спецыялістаў, — гаворыць намеснік дырэктара школы Валянціна Іванаўна Пашкевіч. — У многіх з іх дэфекталагічная адукацыя. Мы ўвялі ў штатны расклад пасады памочніка выхавальніка і кіраўніка па адаптыўнай фізкультуры. Актыўна ўкараняем у адукацыйны працэс інфармацыйныя тэхналогіі. У камп’ютарнай сетцы школы ёсць пастаянны доступ да высакахуткаснага інтэрнэту. Плануем наладзіць яго работу ў кожным вучэбным кабінеце. Пакуль такі інтэрнэт ёсць у кабінетах хіміі і матэматыкі, ён выкарыстоўваецца для правядзення анлайн-трансляцыі ўрокаў для школьнікаў, якія па нейкіх прычынах адсутнічаюць на занятках. Мы апрабавалі магчымасці дыстанцыйнага навучання матэматыцы ў сістэме Moodle для дзяцей з АПФР. У новым навучальным годзе спіс такіх прадметаў пашырыцца. Набылі мы і інтэрактыўнае абсталяванне — планшэты, IP-камеры, манаблокі з сэнсарным экранам для забеспячэння аптымальнага тэмпу работы дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату. Абсталявалі сенсорны пакой і цэнтр легаканструявання. Вялікую ролю адыгрываюць трэнажоры, якія зроблены самімі навучэнцамі на факультатыўных занятках на тэму “Мадэляванне малых форм інтэр’ера пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання”. Вырабы прызначаны дапамагаць дзецям пры руху, пры развіцці і фарміраванні лагічнага мыслення і памяці, пры набыцці і ацэнцы ўражанняў.
Асноўная ідэя першага інавацыйнага праекта школы — фарміраванне талерантных адносін соцыуму школы да навучэнцаў з АПФР. Адразу выявіліся праблемы на шляху да гэтага — адміністрацыйныя, архітэктурныя і псіхалагічныя. Спачатку імкнуліся пераадолець адміністрацыйныя перашкоды, астатнія, на думку педагогаў, вырашыць было прасцей.
Паступова асаблівых навучэнцаў пачынаюць прымаць бацькі дзяцей, якія нармальна развіваюцца. Мы імкнёмся садзейнічаць гэтаму, праводзім пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы ўсіх навучэнцаў сумесна з бацькамі. Усе дзеці, у тым ліку і з парушэннем апорна-рухальнага апарату, наведваюць гурткі, удзельнічаюць у конкурсах са сваімі навукова-даследчымі, праектнымі і творчымі работамі, атрымліваюць узнагароды.
Зараз мы ўдзельнічаем у міжнародным праекце “Інавест Тэмпус”, у межах якога 17 педагагічных работнікаў школы дыстанцыйна прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі. Мэта праекта — стварыць ва ўстанове своеасаблівую лабараторыю педагагічнага вопыту па інтэграваным навучанні і выхаванні. Адукацыйныя праекты наш калектыў рэалізуе пастаянна. Усе яны накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця дзяцей з АПФР, а таксама ўмоў іх навучання і выхавання.
Што ў дзіцяці ў нябачным чамаданчыку?
— Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у сем’ях, якія замяняюць дзецям біялагічныя, у Беларусі выхоўваецца крыху больш за 18 тысяч дзяцей-сірот. Большасць з іх — у апякунскіх і прыёмных сем’ях, — адзначыла спецыяліст па развіцці сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Наталля Смушчук. — Зараз фонд рэалізуе адну з праграм па падрыхтоўцы прыёмных бацькоў да прыняцця ў сям’ю дзіцяці са складанай траўмай.
Дзіця, якое трапляе ў новую сям’ю, прыносіць з сабой як бы нябачны чамаданчык, які, як правіла, напоўнены негатыўным вопытам. У такіх дзяцей пастаянна прысутнічае пачуццё небяспекі, штосьці новае і невядомае іх заўсёды пужае. Хаця іх біялагічная сям’я была нядобранадзейнай, але яны прызвычаіліся да яе, там існавала прадказальнасць. Дзіця ведала, за што яго пакараюць, а за што пахваляць. Пераход у новую сям’ю — вялікая псіхалагічная траўма, а прыход у школу — яшчэ адзін стрэс. Настаўнік павінен быць вельмі чулым з такім дзіцем і заклікаць да гэтага ўсіх вучняў класа. Мы ў сваю чаргу працуем з педагогамі і з бацькамі, якія прынялі ў сваю сям’ю дзіця.
Вынік паспяховасці такой работы, напэўна, праявіцца не адразу, можа, нават праз шмат гадоў, калі дзіця з прыёмнай сям’і вырасце, створыць сваю сям’ю, і… ніколі не адмовіцца ад уласнага дзіцяці.
Тэму прадоўжыла загадчык кафедры зместу і метадаў выхавання АПА Наталля Андрэеўна Залыгіна, якая расказала аб рабоце з сацыяльна дэпрывіраванымі, або сацыяльна ўразлівымі, дзецьмі. Яна лічыць, што педагог не павінен груба ўмешвацца ў адносіны дзіцяці і яго сям’і. Задача педагога ў такім выпадку — стварыць вакол сям’і падушку бяспекі — сетку патрэбных людзей, якія будуць ва ўзаемадзеянні з ім садзейнічаць вырашэнню праблем. Аказваецца, што ў большасці выпадкаў у такіх дзяцей парушаны зносіны з навакольным светам. Калі ў звычайнага дзіцяці дамінуюць добрыя адносіны з сям’ёй, сябрамі, то вакол дэпрывіраванага дзіцяці — часта чужыя яму людзі, якія з розных прычын замяняюць яму сяброў і сваякоў.
Большая частка работы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Полацкага раёна Віцебскай вобласці — гэта работа з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і прафілактычныя меры па папярэджанні такой сітуацыі.
— Наш сацыяльна-педагагічны цэнтр цесна супрацоўнічае з Міжнародным дзіцячым фондам,— гаворыць яго дырэктар Анжэла Віктараўна Валасевіч. — Нядаўна, напрыклад, нашы спецыялісты ездзілі ў Літву. Яны наведвалі там цэнтры, падобныя на наш, большасць з якіх арганізаваны на базе школ. Гэтыя цэнтры вельмі нагадваюць нашы групы прадоўжанага дня. Дзеці пасля заняткаў у школах наведваюць іх. Там яны забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, гуманітарнай дапамогай, работа вядзецца не толькі з імі, але і з іх сем’ямі. Школьнікі ў цэнтрах выконваюць дамашнія заданні, набываюць сацыяльна-бытавыя навыкі, з імі працуюць сацыяльныя педагогі і псіхолагі. Некаторыя літоўскія цэнтры падобны на нашы цэнтры дадатковай адукацыі ў мікрараёнах, дзе працуюць гурткі. Былі мы і ў аналагічным цыганскім цэнтры. Там, акрамя сацыяльнай дапамогі, дзеці атрымліваюць яшчэ і адукацыю. Наведвалі таксама цэнтр, які знаходзіцца ў асобным будынку пры паліцэйскім участку, дзе ёсць усё неабходнае для цывілізаванага адпачынку і заняткаў спортам.
Мы адкрылі ў сябе дзве падобныя групы — на базе цэнтра і ў школе. На занятках дзеці даведваюцца, як папярэджваць траўмы, атрымліваюць сацыяльна-бытавыя навыкі, выконваюць дамашнія заданні, робяць шмат іншых карысных спраў. Праводзім таксама і работу з бацькамі. Наша асноўная мэта — дапамагчы сям’і, змяніць сітуацыю да лепшага, каб дзіця засталося з бацькамі.
Інклюзія для адораных
— З адоранымі дзецьмі педагогу працаваць цікава, але складана. Іншы раз яны недысцыплінаваныя, выходзяць за пэўныя межы ў сваіх дзеяннях, у сваім імкненні да самарэалізацыі, — гаворыць загадчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Таццяна Андрэеўна Лапацік. — Не кожны педагог гатоў да работы з адоранымі. Для таго каб максімальна забяспечваць умовы для асобаснага развіцця навучэнцаў, суправаджаць іх у гэтым працэсе, ён павінен і сам пастаянна прафесійна ўдасканальвацца. Такіх педагогаў прынята называць цьютарамі. Пры інклюзіі цьютарства — з’ява абавязковая. У нашай краіне пасада цьютара пакуль не з’явілася. У такой ролі часта выступаюць настаўнікі-прадметнікі, а самі бацькі актыўна ўдзельнічаюць у працэсе навучання свайго дзіцяці.
У Расіі пасада “цьютар” з’явілася ў 2008 годзе, была створана і цьютарская асацыяцыя. Аднак паняцце цьютарства ўпершыню ўзнікла ў ХІІ—ХІІІ стагоддзях — у Оксфардзе і Кембрыджы (Англія). Вядома таксама, што ў Царскасельскім ліцэі, які заканчваў А.Пушкін, у поўнай меры ажыццяўлялася цьютарскае суправаджэнне. Як вядома, са сцен ліцэя выйшлі вялікія філосафы, паэты, пісьменнікі, палітыкі.
У шырокім сэнсе слова цьютарства — гэта педагагічная дзейнасць па забеспячэнні індывідуалізацыі адукацыі, якая накіравана на выяўленне і развіццё асабістых адукацыйных матываў і інтарэсаў навучэнцаў, на пошук дадатковых рэсурсаў для стварэння індывідуальнай адукацыйнай праграмы, на фарміраванне вучэбнай рэфлексіі школьнікаў.
Спачатку цьютар задае пытанні і дапамагае навучэнцу знайсці на іх адказы. Пасля пытанні задае школьнік і разам з цьютарам шукае адказы на іх. У далейшым навучэнец сам задае пытанні і сам шукае на іх адказы, а цьютар прыходзіць на дапамогу ў найбольш складаных сітуацыях. Такім чынам, дарослы паступова адпускае дзіця ад сябе ў самастойны пошук, але ўсё ж падстрахоўвае. На працягу ўсяго працэсу суправаджэння цьютар накіроўвае навучэнца да той прафесіі, у якой ён найлепшым чынам зможа рэалізаваць свае здольнасці.
***
Аб дапамозе сем’ям з нетыповымі праблемамі навучання і выхавання дзяцей расказаў загадчык кафедры псіхалогіі АПА Валерый Барысавіч Пархамовіч. Праблемы гэтыя могуць узнікаць і ў той сям’і, дзе выхоўваюцца адораныя дзеці, і ў той, дзе выхоўваюцца дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ёсць і праблемы, з якімі сутыкаюцца спецыялісты пры ўзаемадзеянні з сем’ямі. Перш за ўсё — псіхалагічныя. Часта сем’і закрываюцца ад зносін са спецыялістамі. Бываюць і такія “спецыялісты”, якія фармальна адносяцца да сваёй справы, у грубай форме адчытваюць бацькоў, абвінавачваюць іх і нават пагражаюць ім. Іншы раз такое адбываецца ў прысутнасці дзіцяці. Рэакцыя сям’і адпаведная — яна закрываецца. А “спецыялісты” пасля толькі рукамі разводзяць, маўляў, нічога зрабіць не можам.
Каб дапамагчы такой сям’і, трэба наладзіць даверлівыя адносіны з ёй, праявіць увагу і шчырасць пры разуменні яе праблем. Калі кантакт устаноўлены, прасцей аказваць дапамогу, выпрацоўваць і рэалізоўваць пэўны алгарытм дзеянняў.
Надзея ЦЕРАХАВА.