Мэта — дасканалы падручнік

- 17:18Актуальна, На парадку дня

“Ідэальнага падручніка не існуе, але мы павінны імкнуцца зрабіць нашы вучэбныя дапаможнікі дасканалымі”, — адзначылі аўтары падчас дыскусіі, якая разгарнулася ў межах дыялогавай пляцоўкі па абмеркаванні зместу вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах і для пачатковай школы.

Беспрэцэдэнтнае абнаўленне

У аўдыторыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі сабраліся настаўнікі сталіцы і Мінскай вобласці, удзельнікі доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў, аўтары вучэбных дапаможнікаў, рэцэнзенты, спецыялісты ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых.  

Якасць вучэбнай літаратуры знаходзіцца на кантролі не толькі ў грамадскасці, але і ў кіраўніцтва краіны. “Таму мы павінны ўважліва і адказна ставіцца да аналізу зместу і візуальнага рада нашых падручнікаў”, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Трэба сказаць, што такія дыя­логавыя пляцоўкі ўжо прайшлі ў Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце і Магілёве. Падчас абмеркавання спецыялісты даюць аб’ектыўную ацэнку практыцы прымянення абноўленых вучэбных дапаможнікаў, абмяркоўваюць шляхі вырашэння выяўленых праблем і крокі, накіраваныя на паляпшэнне якасці адукацыйнага працэсу.

Намеснік міністра звярнуў увагу, што работа над новай лінейкай падручнікаў скончылася ў мінулым навучальным годзе. Цяпер профільныя спецыялісты займаюцца ўдасканаленнем арганізацыйнай работы пры падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў. У прыватнасці, Аляксандр Уладзіміравіч адзначыў, што ідзе работа па перадачы аўтарскіх правоў на падручнікі Нацыянальнаму інстытуту адукацыі. Акрамя таго, абмяркоўваецца больш цеснае супрацоўніцтва аўтараў і рэцэнзентаў. 

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук нагадала, што з 2015 па 2021 год паэтапна быў абноўлены змест агульнай сярэдняй адукацыі, у адукацыйны працэс укаранёны абноўленыя вучэбныя праграмы і вучэбныя дапаможнікі для 1—11 класаў (217). Сёння можна канстатаваць, што гэта было беспрэцэдэнтнае масавае абнаўленне школьных падручнікаў.

Час не стаіць на месцы, таму вучэбным дапаможнікам неабходны карэкціроўкі і дапаўненні. Для гэтага НІА арганізавана зваротная сувязь з педагогамі. У прыватнасці, настаўнікі-практыкі праводзяць доследную праверку падручнікаў. На працягу года яны працуюць з вучэбным дапаможнікам у канкрэтным класе, збіраюць усе заўвагі і прапановы, адзначаючы складаныя тэксты, незразумелыя дзецям азначэнні паняццяў, пытанні і заданні, якія не адпавядаюць узроставым пазнавальным магчымасцям навучэнцаў, метадычна немэтазгодныя ілюстрацыі і г.д.

За 2016—2022 гады доследную праверку прайшлі 109 новых вучэбных дапаможнікаў. У ёй удзельнічалі больш за 800 педагогаў з 592 устаноў адукацыі.

Увага заданням і ілюстрацыям

“Эфектыўнае выкарыстанне вучэбных дапаможнікаў у адукацыйным працэсе ў многім залежыць ад педагога. У педагогаў, як паказваюць вынікі анкетавання, ёсць цяжкасці ў выкарыстанні падручнікаў у адукацыйным працэсе. Вырашэнне праблемы бачыцца ва ўключэнні ў праграмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў пытання аб рабоце з вучэбнымі дапаможнікамі. Мэтазгодна запрашаць на гэтыя курсы аўтараў школьных падручнікаў і спецыялістаў НІА (вочна і анлайн)”, — адзначыла Валянціна Гінчук.

І дыялогавыя пляцоўкі, якія цяпер праходзяць на базе абласных інстытутаў адукацыі, да­памага­юць не толькі выявіць недахопы сучаснай вучэбнай літаратуры, але і дапамагаюць педагогам сарыентавацца ў метадычных і дыдактычных задумах аўтараў. Напрыклад, у тым, што змест вучэбнага дапаможніка “Чалавек і свет” найперш накіраваны на тое, каб сфарміраваць у дзіцяці асобу адказнага грама­дзяніна і патрыёта сваёй краіны.  

Акрамя таго, такія дыялогавыя пляцоўкі дапамагаюць нала­дзіць больш цесныя зносіны настаўнікаў з аўтарамі падручнікаў. Пры­намсі, усе заўвагі і прапановы, агучаныя падчас дыскусій, адраса­ваны найперш аўтарскім калек­тывам. І ў аўдыторыі АПА такіх заўваг і прапаноў прагучала нямала. 

Педагогі пачатковых класаў гаварылі пра складаныя фармулёўкі заданняў у вучэбных дапаможніках па беларускай мове ў 1 і 2 класе, пра пераразмеркаванне тэм, дэфіцыт ілюстрацыйнага матэрыялу ў дапаможніках па выяўленчым мастацтве і працоўным навучанні. Крытыкавалі новы буквар. Выказалі пажаданне, каб у вучэбных дапаможніках па рускай мове заданні насілі пошукавы характар, а не рэпрадуктыўны.

Сапраўдная палеміка адбылася паміж настаўнікамі англійскай мовы і аўтарамі падручнікаў. Педагогі выказалі пажаданне, каб у вучэбных дапаможніках больш увагі ўдзялялася граматыцы, якая, па іх меркаванні, з’яўляецца асновай вывучэння замежнай мовы. Аўтары ж абапіраюцца на сусветныя тэндэнцыі і камунікатыўны падыход у вывучэнні замежнай мовы, у які, дарэчы, закладзена вывучэнне граматыкі. Настаўнікі іспанскай мовы скардзіліся на недахоп кантрольна-вымяральных матэрыялаў. Гаварылася пра кнігі для настаўнікаў, рабочыя сшыткі. 

Дыялогавая пляцоўка доўжылася амаль тры гадзіны, але ўсе настаўніцкія пытанні былі агучаны. І, як было заўважана, усе прапановы і заўвагі можна дасылаць у Нацыянальны інстытут адукацыі. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.