Эстэтычна і практычна. Як у Прыбалавічах школьнікаў прывучаюць да працы на зямлі

- 17:20На пользу дела, Новости

Нягледзячы на майскія замаразкі, настаўнікі і вучні Прыбалавіцкай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна паспяхова ўпрыгожваюць тэрыторыю ўстановы адукацыі разнастайнымі кветкамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На жаль, высаджаныя намі ў красавіку петуніі, аксаміткі загінулі. Але мы не адчайваемся. Цяпер каля школьнага будынка красуюцца ружовыя флоксы, аранжавыя цюльпаны. Калі ж прыйдзе ўстойлівае цяпло, высадзім іншыя кветкі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Іванаўна Лісіцкая.

Юная гаспадыня  — вучаніца 8 класа Мілана Акуліч

Не толькі клумбы ўпрыгожваюць школьны двор. У Год добраўпарадкавання ствараюцца дзве зоны. Першая — для адпачынку дзяцей. Тут з’явяцца малыя архітэктурныя формы, лаўкі, невялікая сажалка. Другая — патрыятычная, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі, — бу­дзе адметна арыгінальнай клумбай у выглядзе зоркі і Вечнага агню. Таксама на пры­школьным участку вырошчваюць агародніну.

Прыбіральшчыца службовых памяшканняў Кацярына Лозка з вучнямі 9 класа

— Мэта стварэння такой прыгажосці не толькі эстэтычная. На працягу вясны, лета і восені выхоўваем у дзяцей працаві­тасць. Малодшыя школьнікі вучацца даглядаць кветкі, а пачынаючы з 6 класа працуюць на прышкольным участку. За кожным класам замацаваны асобныя градкі, на якіх рас­туць цыбуля, буракі, морква, бульба. Ра­зам з класнымі кіраўнікамі на працягу лета дзеці займаюцца праполкай. Яны не толькі праходзяць вытворчую практыку, але і прывучаюцца да працы на зямлі. Адказвае за гэтую справу настаўніца біялогіі Ірына Міхайлаўна Грэчка, — дадала дырэктар школы Любоў Пятроўна Акуліч.

Вырашчаная агародніна паступае ў школьную сталовую, але перад гэтым, як і належыць, сабраны ўраджай захоўваецца ў склепе. Гаспадарчае збудаванне таксама мае адметны выгляд — на ім узвышаецца своеасаблівае бетоннае сонца з такімі ж бетоннымі, але не шэрымі, а ярка-жоўтымі промнямі.

Прыбалавіцкія педагогі і іх выхаванцы, а таксама тэхнічныя работнікі школы не забываюць і пра добраўпарадкаванне населенага пункта. Удзел у акцыях “Чыстая вуліца”, “Чысты аграгарадок”, “Абеліск” стаў неад’емнай часткай школьнага жыцця.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара