Метад Уолта Дыснея — для прафесійнага самавызначэння

У канцэпцыі вучэбнага прадмета “Біялогія” адзначаецца, што адной з яго задач з’яўляецца “фарміраванне ўменняў і навыкаў, неабходных для самаадукацыі або працягу адукацыі; падрыхтоўка вучняў да самастойнага выбару будучай прафесіі”. Але матэрыял падручнікаў па біялогіі амаль не змяшчае інфармацыі па разнастайнасці прафесій. Настаўнік сутыкаецца з праблемай: як у змест урока ўключыць праграмны матэрыял, які адначасова павінен пашыраць веды па біялогіі і садзейнічаць прафесійнаму самавызначэнню вучняў? Абапіраючыся на свой вопыт работы, лічу, што вырашэнню гэтай праблемы садзейнічае сістэматычнае прымяненне метаду Уолта Дыснея. Рэалізацыя гэтага метаду дапамагае ў інтэрактыўнай форме пазнаёміць вучняў з рознымі відамі прафесій, звязаных з біялогіяй, прафесійнымі патрабаваннямі да гэтай прафесіі і, як вынік, свядома выбраць профіль навучання ў 10 класе.

Метад Уолта Дыснея з’яўляецца адным з інструментаў коўчынг-тэхналогіі. Лічыцца, што Уолт Дысней змог дабіцца прафесійнага поспеху дзякуючы ўнікальнаму спосабу вырашэння крэатыўных задач — погляду на праблему з трох пунктаў гледжання: летуценніка, рэаліста і крытыка. Калі Дысней уяўляў сябе летуценнікам, ён знаходзіўся ў светлым сонечным пакоі. І ў гэтай ролі ён генерыраваў новыя ідэі, марыў, прыдумваў розныя, нават самыя неверагодныя спосабы рашэння праблемы. Пераўвасаб­ляючыся ў рэаліста, вялікі мультыплікатар пераходзіў у стандартны рабочы кабінет і цвяроза ацэньваў прапанаваныя спосабы вырашэння праблемы. І, нарэшце, трэцюю ролю — крытыка — Дысней выконваў у самым цёмным кутку пакоя, седзячы за невялікім столікам. У гэты час ён шукаў недахопы ў ідэях рэаліста, ацэньваў магчымыя рызыкі рэалізацыі гэтых планаў.

Аналізуючы літаратурныя крыніцы, інтэрнэт-рэсурсы, абапіраючыся на вопыт педагагічнай дзейнасці, прыйшла да высновы аб мэтазгоднасці прымянення метаду Уолта Дыснея на ўроках біялогіі пры рашэнні біялагічных задач. Напаўненне зместу біялагічных задач рэальнай інфармацыяй праф­арыентацыйнай накіраванасці садзейнічае прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў. Пры рэалізацыі метаду на ўроку выдзяляю восем этапаў:

  1. Падзел вучняў на групы, размеркаванне абавязкаў паміж членамі групы (кіраўнік, сакратар, захавальнік часу, дакладчык і г.д.).
  2. Знаёмства вучняў са зместам біялагічных задач.
  3. Удзельнікі груп уваходзяць у ролю летуценнікаў, прапануюць усе магчымыя і немагчымыя спосабы вырашэння праблемы. Кіраўнік групы павінен сачыць, каб сваю ідэю прапанаваў кожны. Сакратар запісвае ідэі ў маршрутным лісце.
  4. Групы абменьваюцца маршрутнымі лістамі, вучні пераўвасабляюцца ў рэалістаў. Яны абмяркоўваюць ідэі, прапанаваныя летуценнікамі, выкарыстоўваючы пытанні: “Хто будзе выконваць гэтую задуму?”, “Дзе возьмуць сродкі?”, “Якія этапы можна выдзеліць?”, “Дзе і калі будуць рэалізаваны яе этапы?” Па выніках абмеркавання ў маршрутным лісце насупраць кожнай ідэі ставіцца “+” (рэальны спосаб вырашэння праблемы) або “-” (нерэальны спосаб).
  5. Удзельнікі груп абменьваюцца маршрутнымі лістамі і ўваходзяць у ролю крытыкаў. Разглядаюцца ідэі, якія станоўча ацэнены рэалістамі. Вучні ацэньваюць гэтыя ідэі па крытэрыях: “Хто і што можа перашкодзіць рэалізацыі гэтай ідэі?”, “Як адаб’юцца дзеянні на насельніцтве і стане навакольнага асяроддзя?”, “У якіх выпадках вы б не хацелі рэалізоўваць гэтую задуму?” У маршрутны ліст запісваюцца недахопы пэўнага спосабу вырашэння праблемы.
  6. Адбываецца абмен маршрутнымі лістамі, і вучні зноў становяцца рэалістамі, ацэньваюць рэалістычнасць ідэй з улікам меркавання крытыкаў.
  7. Прэзентацыя вынікаў работы груп. Агучваюцца ўсе прапанаваныя ідэі, іх добрыя якасці і недахопы, рэальныя шляхі вырашэння праблемы.
  8. Расказ настаўніка аб актуальнасці прапанаванай біялагічнай задачы. Ён акцэнтуе ўвагу на дзейнасці людзей розных прафесій, якія ўдзельнічаюць у вырашэнні гэтай праблемы. Напрыканцы педагог абавязкова прыводзіць звесткі аб канкрэтных дзеяннях дзяржавы, арганізацый па рашэнні дадзенай задачы.

Разгледзім рэалізацыю метаду Уолта Дыснея на канкрэтным прыкладзе.

VIII клас. Тэма ўрока “Значэнне млекакормячых у прыродзе, гаспадарцы і жыцці чалавека”. Задача. Форт ліцеры “А” знаходзіцца ў 5 кіламетрах на поўнач ад Брэсцкай крэпасці. На яго тэрыторыі размешчаны заказнік “Барбастэла” для захавання месцаў пражывання і зімовак рэдкіх відаў кажаноў. Усяго на тэрыторыі Беларусі пражывае 19 відаў кажаноў, у заказніку “Барбастэла” — 16 відаў, 6 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. А 2 з іх — шыракавушка еўрапейская і начніца сажалкавая — знаходзяцца ў Чырвоным спісе Міжнароднага саюза аховы прыроды. На зімоўку сюды прылятаюць з усёй Еўропы каля трох тысяч рукакрылых. Але з кожным годам іх колькасць змяншаецца. Размнажаюцца яны марудна, а гінуць сотнямі. І часцей за ўсё вінаватыя ў гэтым людзі. Напрыклад, у 2015 годзе ў выніку падпалу загінулі
400 кажаноў. Прапануйце меры па захаванні колькасці рукакрылых.

Прыклад аднаго з маршрутных лістоў па выніках работы груп:

Летуценнікі Рэалісты Крытыкі Рэалісты
Прывезці кажаноў з іншых раёнаў
Стварыць атрады
валанцёраў па ахове
рукакрылых
+ Не змо­гуць дзяжу­рыць пастаянна, прыму­шаць людзей нельга + Атрады на добраахвотнай аснове, заахвоціць вучняў школ
Рабіць
жыллё для кажаноў
+ Патрэбны сродкі: матэрыялы,
зарплата
+ Ёсць спе-
цыяльныя фонды, добраахвотныя арганізацыі
Увесці
вялікія
штрафы
+ Выкліча незадаволенасць у насельніцтва, якое пачне ставіцца да кажаноў негатыўна + Увесці штрафы, адначасова право­дзіць гутаркі з насельніцтвам
Даваць лекі, каб паскорыць размнажэнне

Пасля прэзентацыі настаўнік інфармуе вучняў аб рэальных спосабах аховы кажаноў у нашай краіне і іншых дзяржавах, дае прафарыентацыйную інфармацыю.

  • У заказніку “Барбастэла” будуюць хаткі, у вокны крэпасці ўстаўляюць трывалыя краты (цясляр, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя).
  • Устанаўліваюць паілкі, таму што кажаны любяць павышаную вільготнасць паветра (зоаінжынер, біёлаг, ветэрынар).
  • Усталявалі помнік кажанам у Брэсце (менеджар па турызме, архітэктар, інжынер садова-паркавага будаўніцтва).
  • Выпускаюцца інфармацыйныя лістоўкі, брашуры (эколаг, псіхолаг, тэлежурналіст, рэдактар-тэхнолаг).
  • У апошнія гады ноч з 20 па 21 верасня (асенняе раўна­дзенства) адзначаецца ў Еўропе як Міжнародная ноч кажаноў (напрамкі навучання — дзяржаўнае права, юрыст).
  • У Вялікабрытаніі ў тунэлях усталявалі спецыяльныя святлафоры, якія пасылаюць кажанам сігналы аб набліжэнні цягніка (інжынер-інспектар, фізік-інжынер).
  • У адным галандскім горадзе ўстанавілі спецыяльныя ліхтары ў чырвоным колеравым дыяпазоне, што працуюць на такой даўжыні хвалі, якая не ўплывае на “ўнутраны компас” кажаноў (фізік-інжынер-радыёмеханік, электрамантажнік).

У выніку абмеркавання біялагічных задач пры дапамозе метаду Уолта Дыснея васьмікласнікі знаёмяцца з прафесіямі грумера, зоапсіхолага, дрэсіроўшчыка, пасечніка; дзевяцікласнікі — прафпаталага, хірурга-андролага, дыетолага, гамеапата, лабаранта; дзесяцікласнікі — селекцыянера, генетыка, біяхіміка, біятэхнолага, шакалацье, рэмюера; адзінаццацікласнікі — інжынера лясной гаспадаркі, арбарыста, спецыяліста па тэхнасфернай бяспецы.

Пры сістэматычным выкарыстанні метаду Уолта Дыснея многія вучні пачынаюць аддаваць перавагу пэўнай ролі: летуценніка, рэаліста або крытыка. У гэтым выпадку з’яўляецца магчымасць разглядзець схільнасць падлетка да канкрэтнай групы прафесій у адпаведнасці з тэорыяй Джона Холанда. У сваёй тэорыі вучоны даказвае, што эфектыўнасць і паспяховасць чалавека залежыць ад таго, наколькі падыходзіць прафесія яго тыпу асобы. У адпаведнасці з гэтай тэорыяй, людзі-рэалісты неэмацыянальныя, здольныя да абдуманай рызыкі, маюць схільнасць да тэхнічных прафесій. Летуценнікі — гэта мастацкі тып, уласцівы для эмацыянальных асоб з багатым уяўленнем. Такія людзі паспяхова рэалізуюць сябе ў творчых прафесіях: акцёра, дызайнера, блогера, музыканта. Крытыкі адпавядаюць стандартнаму (канвекцыянальнаму) тыпу і арыентаваны на дакладна структураваную дзейнасць, звязаную з прафесіямі бухгалтара, натарыуса, бібліятэкара. Таксама пры выкарыстанні метаду Уолта Дыснея яскрава выдзяляюцца вучні з сацыяльным тыпам асобы — яны ­арыентаваны на камунікацыю. Яны лёгка ўступаюць у дыскусію, здольны да кампрамісу, умеюць пераконваць. Дзейнасць, якая найбольш падыходзіць для іх — медыцына, выкладанне, грамадская дзейнасць.

Але ёсць у гэтага метаду пэўныя недахопы.

Цяжкасць Шляхі вырашэння
1. Зацягванне дыскусіі, абмеркавання Пазначыць часавы бар’ер.

Аднаму з удзельнікаў групы даць ролю “захавальніка часу”

2. Група летуценнікаў можа прапанаваць неэтычныя спосабы рашэння праблемы Педагог павінен назіраць за працэсам абмеркавання і запісам вынікаў, пры неабходнасці ўносіць свае карэктывы
3. Малая колькасць вучняў у профільнай групе У групу для прадукцыйнай работы павінна ўваходзіць не менш за
3 чалавекі. Пры недахопе аднаго вучня ў склад групы можа ўвайсці настаўнік. У такім выпадку ён павінен спалучаць абавязкі ўдзельніка групы і куратара работы іншых груп
4. Цяжкасць у складанні біялагічных задач Выкарыстоўваць матэрыялы часопісаў “Прырода” Расійскай акадэміі навук, “Здаровы лад жыцця”, газеты “Навіны медыцыны і фармацыі”, інтэрнэт-рэсурсаў “Партал аб прыродзе Беларусі”, “Грынпіс — сусветная экалагічная арганізацыя”

Выкарыстанне метаду Уолта Дыснея на ўроках біялогіі дапамагло вырашыць наступныя задачы: пашырыць інфармаванасць вучняў аб разнастайных відах прафесій; паказаць канкрэтныя прыклады прафесійнай дзейнасці праз рашэнне біялагічных задач, заснаваных на рэальных фактах, падзеях; садзейнічаць выяўленню схільнасці вучняў да відаў дзейнасці, характэрных для розных тыпаў асобы па класіфікацыі Холанда.

Прымяненне канцэпцыі педагагічнага вопыту будзе са­дзейнічаць прафесійнаму самавызначэнню вучняў пры наступных умовах:

  • сістэматычнага выкарыстання метаду Уолта Дыснея на ўроках біялогіі;
  • складання настаўнікам крэатыўных біялагічных задач, заснаваных на рэальных фактах сучаснай экалогіі, генетыкі, селекцыі і іншых раздзелаў біялогіі. Такія пазнавальныя задачы са шматварыятыўнымі спосабамі вырашэння праблемы даюць магчымасць вучням пазнаёміцца з дзейнасцю прадстаўнікоў розных тыпаў прафесій;
  • абмеркавання з вучнямі сфер прафесійнай дзейнасці, якія іх цікавяць, мяркуемага прафесійнага выбару. Па выніках абмеркавання настаўнік у працэсе выкладання біялогіі акцэнтуе ўвагу на разглядзе гэтых прафесій;
  • абмену метадычным вопытам работы, далучэнне педагогаў да прымянення метаду Уолта Дыснея на міжпрадметным узроўні.

Алена ЦІЛЮПА,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Крычава, член клуба “Крыштальны журавель”.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *