Метадычная хуткая дапамога

- 13:09Рознае, Суразмоўца

Сёння кожнаму педагогу неабходна метадычная падтрымка. І яна павінна быць мабільнай і эфектыўнай. У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі такую дапамогу аказвае аддзел ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Супрацоўнікі аддзела каардынуюць дзейнасць устаноў адукацыі, якія рэалізуюць рэспубліканскія інавацыйныя праекты па праблемах выхавання, развіваюць сацыяльнае партнёрства, удзельнічаюць у міжнародных праектах, арганізуюць метадычную падтрымку кіраўнікоў і педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць выхаваўчую дзейнасць. Пра некаторыя аспекты сваёй работы “Настаўніцкай газеце” расказала начальнік аддзела Людміла Анатольеўна КІЎЛЮК.

— Людміла Анатольеўна, сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што менавіта выхаванне можа і павінна стаць адным з вядучых механізмаў грамадскага развіцця і фарміравання рэгіянальнай культуры. Чаму зараз удзяляецца больш увагі, каб павысіць якасць выхавання?
— Па-першае, развіццю школьных выхаваўчых сістэм, удасканаленню існуючых мадэлей кіравання выхаваўчым працэсам. Па-другое, павышэнню эфектыўнасці метадычнай вучобы педкадраў, якія ажыццяўляюць выхаваўчы працэс, развіццю сістэмы навукова-метадычнага суправаджэння іх дзейнасці. Дарэчы, супрацоўнікі абласнога ІРА (і аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў прыватнасці) аказваюць дапамогу ў прафесійным развіцці намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў, выхавальнікаў ГПД, бібліятэкараў устаноў адукацыі, кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі, педагогаў дадатковай адукацыі.
Разглядаючы ўрок як элемент выхаваўчай сістэмы, удзяляем увагу і пытанням рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў. І не толькі як сродку фарміравання светапоглядных асноў асобы навучэнца, але і развіцця яго самастойнасці, асабістай адказнасці, тых чалавечых якасцей, якія дазваляюць яму вучыцца, дзейнічаць і эфектыўна працаваць у сучасных эканамічных умовах.

— Што вы прапануеце для навукова-метадычнай падтрымкі намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце?
— У апошні час супрацоўнікамі нашага аддзела разам з кафедрамі інстытута арганізавана работа па падтрымцы кіруючых работнікаў у пытаннях удасканалення і сістэматызацыі праграмна-плануючай дакументацыі выхавання. Вырашэнню праблем функцыянавання выхаваўчых сістэм дапамагаюць практычныя заняткі. Напрыклад, па тэме “Шляхі павышэння эфектыўнасці ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі” са слухачамі працуе начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Пятроўна Акімава. Заняткі па тэме “Практыка кіравання рэалізацыяй праграм выхавання” ў мінулым годзе былі арганізаваны на базе гродзенскіх ліцэя № 1, гімназіі № 5 і сярэдняй школы № 27, якія атрымалі станоўчыя ацэнкі кіраўніцкай дзейнасці.
Штогод праходзяць 1—2 абласныя семінары з удзелам намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце па найбольш актуальных пытаннях. Асобныя тэмы, якія патрабуюць больш дэталёвай прапрацоўкі і дадатковага часу для асэнсавання і засваення, разглядаюцца ў ходзе тэматычных семінараў-практыкумаў, вучэбных курсаў на бюджэтнай або платнай аснове, якіх аддзелам распрацавана больш за 40.
Таксама ў вобласці, згодна з рашэннем абласного экспертнага савета, працуюць 16 рэсурсных цэнтраў, 7 з якіх — па пытаннях выхавання. Яны актыўна дэманструюць практычную работу кіраўнікоў і педагогаў па кіраўніцкай і выхаваўчай дзейнасці.

— Як актывізуецца метадычная дзейнасць, павышаецца адраснасць псіхолага-педагагічнай падтрымкі класных кіраўнікоў?
— Акрамя планавых курсаў і тэматычных семінараў, аддзелы адукацыі, спорту і турызму арганізоўваюць выязныя метадычныя мерапрыемствы згодна з заяўкамі педагогаў, аддзелаў і ўстаноў адукацыі.
Павялічваецца колькасць метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў, што звязана з узмацненнем дыферэнцыяцыі адносна вопыту работы ў якасці класнага кіраўніка і яго дзейнасці з рознымі ўзроставымі групамі навучэнцаў. Кіраўнікамі метадычных аб’яднанняў з’яўляюцца не толькі намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, але і вопытныя класныя кіраўнікі, якія маю ць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Такая дзейнасць патрабуе якаснага метадычнага суправаджэння. Спачатку некаторыя цяжкасці ў рабоце знімалі рэгіянальныя семінары-практыкумы. Але ў апошнія два гады мы ўбачылі неабходнасць у распрацоўцы і рэалізацыі адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі метадычнага актыву па тэмах “Комплекснае метадычнае забеспячэнне выхаваўчага працэсу ва ўстанове адукацыі” і “Метадычнае забеспячэнне ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстанове адукацыі”, дзе разглядаюцца не толькі прыкладныя тэмы, але таксама ідзе вывучэнне тэарэтычных і метадалагічных аспектаў арганізацыі метадычнай работы, сучасных падыходаў да самаадукацыйнай дзейнасці.

— А як арганізуецца работа па абагульненні і распаўсюджванні перадавога вопыту ў галіне выхавання?
— Педагагічны вопыт як вынік практыкі з’яўляецца крытэрыем ісціны: ён або пацвярджае, або адхіляе тыя ці іншыя новаўвядзенні. Гэты вопыт, як правіла, — вынік творчых пошукаў педагогаў, у ім зліваюцца разам творчыя, наватарскія і ў той жа час традыцыйныя пачаткі. Найбольш мэтазгоднымі формамі абагульнення і распаўсю-джвання перадавога педагагічнага вопыту мы лічым падрыхтоўку дакладаў на навукова-практычныя семінары, канферэнцыі, педагагічныя чытанні, выступленні, майстар-класы лепшых педагогаў у ходзе павышэння кваліфікацыі, выпуск друкаванай прадукцыі, правядзенне педагагічных выстаў. Працуюць дзве творчыя групы педагогаў, вынікам работы якіх з’яўляюцца зборнікі практыка-арыентаваных матэрыялаў з вопыту лепшых педагогаў.
Вялікім попытам у педагогаў карыстаюцца матэрыялы пастаянна дзеючай выставы навукова-метадычнай літаратуры і перадавога вопыту работы па праблемах выхавання. Як альтэрнатыву традыцыйным тэкстам педагогі-выхавальнікі ўсё больш актыўна сталі выкарыстоўваць вядзенне партфоліа, у тым ліку электронных.
Сучасны педагог вучыцца прымаць новую форму камунікатыўных зносін. Многія класныя кіраўнікі знайшлі сваю нішу ў сацыяльных сетках і ўмела яе выкарыстоўваюць для ажыццяўлення працэсу выхавання, узаемадзеяння з сям’ёй праз вядзенне сайтаў класа, блогаў. Павялічваецца цікавасць да ўдзелу ў е-mail-канферэнцыях, інтэрнэт-форумах, вэбінарах. У практыцы работы — правядзенне анлайн-канферэнцый, семінараў, дзейнасць партнёрскай сеткі інавацыйных устаноў адукацыі і інш. У сетках функцыянуе 36 віртуальных музеяў. Пры нашым аддзеле пачалі працаваць сеткавыя супольнасці спецыялістаў аддзелаў адукацыі, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, педагогаў-кансультантаў роўнага навучання.
У цяперашні час у Гродзенскім рэгіёне ажыццяўляецца арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне 3 эксперыментальных і 16 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў у галіне выхавання, у якіх удзельнічае больш за 60 устаноў адукацыі. Многія выхавальнікі, класныя кіраўнікі скарысталіся магчымасцю ўключыцца ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць і дасягнулі дастаткова высокай якасці выхавання.

— Як, на ваш погляд, можна дапамагчы педагогу, які здзяйсняе інавацыйную дзейнасць?
— Ствараць умовы для развіцця прафесійнай культуры педагога-наватара як даследчыка. Важна спачатку вызначыць галоўны змест у падрыхтоўцы педагога да новага роду дзейнасці ва ўмовах інавацыі (фарміраванне ўмення пераадолець самога сябе), затым дапамагчы развіць здольнасці паступовага адыходу ад стэрэатыпаў ва ўласнай педагагічнай дзейнасці. Неабходна падтрымка ў вызначэнні ўласнай пазіцыі ў адносінах да інавацыі, дапамога ва ўдакладненні функцый, новых дзеянняў, этапаў падрыхтоўкі да новага віду дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для самарэалізацыі педагога і забеспячэнне новых падыходаў да кантролю. Увага нават да сціплых педагагічных знаходак — моцны сродак, які стварае ў калектыве педагогаў вобласці атмасферу творчасці, даверу і ўзаемаразумення. Таму мы прадстаўляем даследчыкам і творцам вялікія магчымасці, каб падзяліцца з удзельнікамі шматлікіх адукацыйных падзей новымі ідэямі, вынікамі рэалізацыі актуальных сацыяльных праектаў.

— Людміла Анатольеўна, напэўна, ёсць і нявырашаныя пытанні?
— Актуальным пытаннем застаецца развіццё інфармацыйнай прасторы ў сістэме ідэалагічнай і выхаваўчай работы кожнай установы, кожнага класнага кіраўніка. Слабым звяном выхаваўчай работы застаецца фарміраванне інфармацыйнай культуры навучэнцаў, выпрацоўка ўмення ствараць новую і крытычна асэнсоўваць атрыманую інфармацыю, што вельмі важна ў шматпалярным свеце. У сувязі з гэтым патрабуецца дапамога педагогам у выбары сучасных форм зносін на класных і інфармацыйных гадзінах, сістэмнасць выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў для іх падрыхтоўкі і правядзення. Падзеі ў нашых суседзяў паказваюць, што сёння як ніколі патрэбна выхоўваць пачуццё адзінства, мець асабістую пазіцыю, цаніць спакой і стабільнасць дзяржавы, а галоўнае — вучыць гэтаму моладзь.
У апошні час востра стаіць праблема прафілактыкі ўжывання моладдзю наркотыкаў, у тым ліку курыльных сумесей. Асаблівую ўвагу трэба таксама ўдзяліць станаўленню пазітыўных дзіцяча-бацькоўскіх адносін, бо пытанні неканфліктных, бяспечных і адказных паводзін дзяцей і падлеткаў застаюцца актуальнымі.
У 2014/2015 навучальным годзе ў выхаваўчай рабоце на Гродзеншчыне мы таксама засяродзімся на рабоце па фарміраванні ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, на падрыхтоўцы да святкавання 70-й гадавіны Перамогі, на развіцці маладзёжнага парламентарызму ў раёнах, узмацненні ідэалагічнага складніка выхаваўчай работы напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мы зробім акцэнт на працоўным выхаванні навучэнцаў, фарміраванні ў іх фінансавай граматнасці. У планах перавод на частковае грантавае фінансаванне сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пашырэнне праектнай дзейнасці. Усё гэта патрабуе распрацоўкі новых падыходаў у дзейнасці педкадраў, якія ажыццяўляюць выхаваўчы працэс.
Знайсці адказы на праблемныя пытанні, на мой погляд, дапаможа ініцыіраваная ўстановамі адукацыі Гродзеншчыны інавацыйная дзейнасць па такіх рэспубліканскіх праектах, як “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна адказных паводзін вучняў, папярэджання сацыяльных рызык і дэструктыўнай дзейнасці”(2012—2015), “Укараненне мадэлі выхаваўчай работы па фарміраванні самаахоўных паводзін вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў рамках падыходу “Роўны вучыць роўнага” (2014—2016), “Укараненне мадэлі фарміравання дэмаграфічных паводзін вучняў, накіраванай на ўмацаванне інстытута сям’і” (2013—2016), “Укараненне мадэлі фарміравання кроскультурных кампетэнцый навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” (2014—2017), “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства” (2014—2017), “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльных сетках” (2014—2017).
У бягучым навучальным годзе мы таксама ўдзяляем дадатковую ўвагу навукова-метадычнаму забеспячэнню працэсу рэалізацыі праграм выхавання, граматнай арганізацыі маніторынгу выхаваўчай дзейнасці ва ўстанове адукацыі. Комплекснай Праграмай выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Гродзенскай вобласці на 2012—2015 гады ўстановам адукацыі прапанаваны ўдзел у абласным конкурсе 2015 года “Выхаваўчая прастора рэгіёна як фактар паспяховай сацыялізацыі і грамадзянска-патрыятычнага станаўлення асобы”. Тут кіраўнікам таксама будзе патрэбна наша дапамога.
У сувязі з тым, што зараз часта мяняюцца намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, патрабуецца актывізаваць распрацоўку адукацыйных праграм новых вучэбных курсаў, стварэнне новых метадычных прадуктаў для тых, хто пачынае працаваць на гэтай пасадзе. Вырашэнню праблем будзе садзейнічасць і стажыроўка маладых кіраўнікоў.

— Якія ж вынікі комплекснай навукова-метадычнай работы, арганізаванай у рэгіёне?
— Безумоўна, радуе тое, што мы атрымліваем пазітыўны эфект у прафілактыцы прафесійнага выгарання педагагічных работнікаў, якія арганізуюць выхаваўчы працэс. Назіраецца рост сярэдняга бала задаволенасці павышэннем кваліфікацыі: у 2012 годзе ён склаў 4,56 (з 5 магчымых), у 2013 — 4,68, у першым паўгоддзі 2014 года — 4,81 (прычым на семінарах-практыкумах ён часта складае 4,98).
Ужо каторы раз на рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня пераможцамі прызнаюцца нашы праекты. У ліку пераможцаў конкурсаў 2014 года і наш педагагічны работнік, які выкладае факультатыў “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ў 5 класе. Расце задаволенасць кіраўнікоў і педагогаў працэсам творчай дзейнасці, яе вынікамі, а таксама задаволенасць навучэнцаў сутворчасцю.
У канчатковым выніку фарміруецца ўстойлівая творчая накіраванасць асобы педагога і навучэнца, што стварае ўмовы для развіцця свабоднага чалавека, гаспадара свайго лёсу, сапраўднага грамадзяніна Айчыны. Пра гэта сведчаць наступныя факты: у Гродзенскай вобласці атрымаў далейшае развіццё грамадзянскі і патрыятычны рух моладзі; захоўваецца стабільная дынаміка зніжэння падлеткавай злачыннасці; выпрацавана сістэма арганізацыі вольнага часу і суботняга дня; з’явілася станоўчая тэндэнцыя ў рабоце па дзяржаўнай абароне дзяцей у сем’ях з сацыяльна небяспечным становішчам, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва.

Гутарыла Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.