Метадычная нарада

- 12:21Нам пішуць

13 снежня ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка адбыліся заняткі метадычнага фарміравання “Камунікатыўнае майстэрства” па тэме “Здаровы лад жыцця як мэта выхавання”.

Алена Зянонаўна Шах звярнула ўвагу на тое, што здароўе — найважнейшы фактар працаздольнасці і гарманічнага развіцця. Паняцце здароўя ў цяперашні час разглядаецца не толькі як адсутнасць захворванняў, хваравітага стану, фізічнага дэфекту, але і стан поўнага сацыяльнага, фізічнага і псіхічнага дабрабыту.

Павел Аляксандравіч Лось адзначыў, што ў пытаннях аздараўлення дзяцей рука аб руку павінны ісці медыкі, педагогі, псіхолагі, валеолагі, сацыяльныя педагогі і іншыя спецыялісты. У сувязі з гэтым складнікам комплекснай праграмы мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку экалагічна залежнай паталогіі сярод дзяцей, павінна стаць шырокамаштабная эколага-гігіенічная асвета бацькоў: гутаркі аб гігіенічна рацыянальнай арганізацыі харчавання, рэжыме дня і фактарах, якія павышаюць псіхаэмацыянальную нагрузку ў дзяцей. Ведаючы псіхалагічныя асаблівасці малых, умовы іх побыту, валодаючы неабходнымі медыцынскімі ведамі і педагагічным майстэрствам, дарослы можа і павінен быць асноўным “выхавальнікам здароўя” дзіцяці.

Андрэй Віктаравіч Падліпскі разгледзеў умовы для фарміравання здаровага ладу жыцця. Сярод спосабаў фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця ў школьнікаў ён вылучыў адмову ад шкодных звычак, фізічную нагрузку, станоўчыя эмоцыі, рацыянальнае харчаванне.

Удзельнікі метадычнага фарміравання наведалі класныя гадзіны ў 9 “А” класе “Курэнне і алкаголь або здароўе. Выбірай сам!”. Дзеці разважалі пра тое, што кожны абавязаны ведаць, што шкодзіць здароўю і, наадварот, што можа быць патрэбным і карысным.

Святлана САРАКАПЫТ,
кіраўнік метадычнага фарміравання “Камунікатыўнае майстэрства”.