Метадычная служба — у дапамогу настаўніку

Маларыцкаму раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету — 20 гадоў. У розныя часы яго ўзначальвалі Рыта Лінцэвіч, Соф’я Якубчык, Іна Булатава і Людміла Курган. З 2009 года раённым ВМК загадвае Аксана Краўчанка. Ёй дапамагаюць 5 вопытных метадыстаў: Святлана Леўчанка, Тамара Коцелева, Наталля Шульжык, Вікторыя Рабчынская і Наталля Барысевіч.

— Метадычная работа адыгрывае важную ролю ў сістэме бесперапыннай адукацыі педагогаў, павышэнні іх прафесійнай кваліфікацыі і педмайстэрства, развіцці творчага патэнцыялу, пашырэнні прадметных ведаў і ўдасканаленні методыкі выкладання, авалоданні сучаснымі тэхналогіямі навучання, — расказвае Аксана Краўчанка. — ВМК забяспечвае вучэбна-метадычную дзейнасць устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічных устаноў раёна па ўдасканаленні зместу, форм і метадаў навучання і выхавання, займаецца метадычным суправаджэннем інавацыйнай дзейнасці, ідэалагічнай і выхаваўчай работы, маніторынгам якасці адукацыі, аказвае метадычную дапамогу ўстановам адукацыі ў распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі, аналізе адукацыйнага працэсу, рабоце з адоранымі вучнямі, укараненні ІКТ і інш.

Метадычная работа ўяўляе сабой цэласную сістэму, заснаваную на дасягненнях псіхолага-педагагічнай навукі і аналізе індывідуальнай практыкі і накіраваную на ўсебаковае павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў, узбагачэнне і развіццё іх творчага патэнцыялу.

Метадысты дапамагаюц­ь педагогам у падрыхтоўцы да атэстацыі, даюць рэкамендацыі па апісанні вопыту работы, стварэнні метадычных прадуктаў. Па выніках раённых мерапрыемстваў і пасяджэнняў метадычных фарміраванняў раённага ВМК выдаюцца зборнікі матэрыялаў, метадычныя рэкамендацыі, дыскі з распрацоўкамі ўрокаў з выкарыстаннем ІКТ і ЭСН, мультымедыйнымі прэзентацыямі.

Супрацоўнікі ВМК вывучаюць, абагульняюць і распаўсюджваюць перадавы вопыт лепшых педагогаў раёна, шукаюць новыя формы і метады ў рабоце з імі. Асабліва папулярныя і запатрабаваныя майстар-класы, якія праводзяцца з 2006 года.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.