Метадычная служба ў раёне — дырыжор рознагалосага аркестра

Па выніках мінулагодняга абласнога конкурсу вучэбна-метадычных кабінетаў, што быў арганізаваны на Міншчыне, дыпломам І ступені адзначаны Нясвіжскі раённы вучэбна-метадычны кабінет. Пра прыярытэтныя напрамкі работы ВМК, якія сёння вызначаюць яго дзейнасць, асаблівасці аказання адраснай метадычнай дапамогі розным катэгорыям педагогаў, развіццё педагагічных ініцыятыў, нашаму карэспандэнту расказала яго загадчык Таццяна Аляксееўна ВАЙТОВІЧ.

Супрацоўнікі Нясвіжскага раённага ВМК на чале з Т.А.Вайтовіч.

— Не сакрэт, што сёння вызначаюцца новыя мэты і задачы, фарміруецца іншая мадэль метадычнай дзейнасці, паколькі сучаснай школе патрэбен новы настаўнік. Метадычная работа павінна стаць спосабам павышэння кампетэнтнасці педагога і спосабам яго прафесійнага росту.

Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці нашага вучэбна-метадычнага кабінета з’яўляюцца арганізацыя раённых семінараў, канферэнцый, творчых майстэрняў з мэтай павышэння і ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў; укараненне ў практыку прагрэ­сіўных педагагічных тэхналогій, форм і метадаў навучання і выхавання з дапамогай арганізацыі дзейнасці прафесійных аб’яднанняў настаўнікаў; аказанне дапамогі педагогам па авалоданні інфармацыйнымі тэхналогіямі і іх выкарыстанні ва ўласнай прафесійнай дзейнасці; правядзенне конкурсаў прафмайстэрства з мэтай выяўлення творчага патэн­цыялу педагогаў, вывучэнне, абагульненне і трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту.

— Таццяна Аляксееўна, якія формы метадычнай работы сёння найбольш запатрабаваны настаўнікамі?

— Асноўная мэта дзейнасці ўстановы заключаецца ў стварэнні ўмоў для фарміравання прафесійнай культуры педагагічных кадраў з мэтай павышэння якасці адукацыі шляхам удасканалення кваліфікацыі педагогаў. Для дасягнення гэтай мэты ў раёне створана метадычная сетка, якая ўключае ў сябе метадычны савет, 7 творчых груп, 32 раённыя метадычныя аб’яднанні, 10 школ станаўлення прафесійнага майстэрства педагагічных і кіруючых кадраў, 11 рэсурсных цэнтраў, 7 пастаянна дзеючых семінараў, клуб настаўнікаў-метадыстаў “Імпульс”.

На цяперашні момант найбольш запатрабавана дыстанцыйная форма метадычнай работы з педагогамі, што звязана з эпідэмічнай сітуацыяй.Такая форма не займае шмат часу, пры гэтым з’яўляецца эфектыўнай, паколькі педагогу трэба выканаць усе заданні, запланаваныя ў рамках метадычнага мерапрыем­ства. Акрамя таго, кожны можа прыняць удзел у зручны для яго час, не пераносячы вучэбныя заняткі. У залежнасці ад вопыту, напрамкаў дзейнасці, праблем, з якімі сутыкаюцца педагогі, усе яны адчува­юць патрэбу ў рознага роду дапамозе. Усё гэта мы стараемся ўлічыць пры планаванні работы на новы навучальны год.

— У пачатку гэтага навучальнага года ў раёне пачаў сваю работу клуб настаўнікаў-метадыстаў “Імпульс”. З якой мэтай ён ствараўся?

— Як правіла, узровень прафесійнага развіцця любога педагагічнага работніка вызначаецца наяўнасцю ў яго кваліфікацыйнай катэгорыі. Настаўнікі, якія ма­юць станоўчы педагагічны вопыт, актыўна дэманструюць яго на розных узроўнях і дзеляцца сваімі ноу-хау, могуць прэтэндаваць на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Паспяхова праходзяць працэдуру атэстацыі на гэтую катэгорыю сапраўды ўнікальныя людзі. Менавіта яны знахо­дзяцца ў стане пастаяннага пошуку, знаходзяць нестандартныя рашэнні ўзнікаючых праблем, ім нале­жаць самыя смелыя ідэі. Сёння педагогаў, якія маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, прынята называць настаўнікамі настаўнікаў. І гэта сапраўды так!

У сістэме адукацыі Нясвіжскага раёна працуюць 7 настаўнікаў-метадыстаў. Гэта цікавыя педагогі. Для метадычнай службы яны з’яўляюцца сапраўднымі паплечнікамі, гатовымі дапамагаць ва ўвасабленні любых ідэй, дзяліцца сваімі задумамі, пастаянна самаўдасканальвацца і далучаць да гэтага працэсу іншых настаўнікаў. Яны вядуць за сабой, паколькі поўныя энтузіязму, мэтанакіраванасці, аптымізму.

Кожны з нашых настаўнікаў-метадыстаў — сапраўдная знаходка. Калі на працягу аднаго года (гэта быў 2019-ты) у раёне з’явіліся адразу чатыры настаўнікі-метадысты, паўстала думка: “А што, калі аб’яднаць усіх гэтых лю­дзей у адну суполку?” Паскорыць аб’яднанне дапамагла эпідэмічная сітуацыя, якая склалася ў краіне, паколькі яна прымусіла ў корані перагледзець многія формы работы, у тым ліку метадычную работу з педагогамі. Так, з верасня 2020 года пачаў працаваць раённы клуб настаўнікаў-метадыстаў “Імпульс”, асноўная мэта дзейнасці якога заключаецца ў распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту для развіцця творчай ініцыятывы і павышэння прафесійных кампетэнцый настаўнікаў нашага раёна.

Настаўнікі-метадысты ста­вяць перад сабой розныя задачы, але найбольш актуальнай лічаць стварэнне ўмоў для папулярызацыі педагагічнай прафесіі, прыцягнення ўвагі да кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” у сучаснай сістэме адукацыі. Для гэтага яны плануюць арганізацыю так званых фестываляў вопыту настаўнікаў-метадыстаў.

У лістападзе стартаваў першы фестываль. Ён прайшоў у дыстанцыйнай форме. Настаўнікі-метадысты падрыхтавалі матэрыялы з вопыту работы, азнаёміцца з якімі можна было ўсім жадаючым, прайшоўшы па спасылцы на сайт клуба. Дарэчы, варта адзначыць, што сайт створаны кіраўніком клуба, дырэктарам сярэдняй школы № 2 Гарадзеі, настаўнікам-метадыстам Таццянай Чашэйка. Любому наведвальніку сайта даступна інфармацыя аб членах клуба, любы зацікаўлены можа стаць удзельнікам форуму, наведаць анлайн-майстэрню прафесійнага росту. Плануецца, што гэтая анлайн-майстэрня будзе пастаянна папаўняцца матэрыяламі майстар-класаў, фестываляў і семінараў. Не забыліся настаўнікі-метадысты і пра арганізацыю зваротнай сувязі: для зносін і абмену меркаваннямі сайт утрымлівае раздзел “Форум”.

У вочнай форме фестывалі клуба настаўнікаў-метадыстаў прайшлі для педагогаў сярэдняй школы № 3 Нясвіжа і Ліпскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Клуб толькі пачынае сваю работу, але ўжо з упэўненасцю можна сказаць, што дзейнасць яго не бу­дзе марнай. Пра гэта свед­чыць жывая цікавасць педагогаў раёна да прафесійных напрацовак настаўнікаў-метадыстаў. У кожнага з іх можна штосьці запазычыць, у­зяць за аснову, творча перапрацаваць. Члены клуба гэта разумеюць і таму вельмі адказна ставяцца да падбору прапанаваных у рамках фестываляў матэрыялаў. Для аператыўнай перадачы важнай інфармацыі, вырашэння прафесійных пытанняў яны актыўна выкарыстоўваюць месенджар Viber. У выніку зносін абавязкова з’яўляюцца штуршок, імкненне, падахвочванне да дзеяння — адным словам, узнікае ІМПУЛЬС.

— Наколькі вашы педагогі мабільныя, гнуткія, праяўляюць цікавасць да конкурсаў прафесійнага майстэрства?

— Любы конкурс уяўляе сабой своеасаблівы індывідуальны маршрут педагога, які дазваляе прааналізаваць узровень свайго прафесійнага развіцця. Педагогі ўстаноў адукацыі нашага раёна прыма­юць актыўны ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства. Так, у раённым этапе апошняга конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” удзельнічалі 83 педагогі. У фінал выйшлі пяцёра, якія прынялі ўдзел у абласным этапе конкурсу. Двое з іх з сярэдняй школы № 3 Нясвіжа — настаўніца хіміі Людміла Шыцько і настаўнік працоўнага навучання Канстанцін Камінскі — сталі пераможцамі конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці” і прынялі ўдзел у заключным этапе рэспублікан­скага конкурсу. У 2020 годзе педагог сацыяльны Навасёлкаў­скага ВПК Маргарыта Пабока стала прызёрам абласнога конкурсу “Педагог са­цыяльны года”.

— Таццяна Аляксееўна, як наладжана ў раёне работа з маладымі педагогамі?

— У 2020 годзе 58 маладых педагогаў прыступілі да работы ва ўстановах адукацыі раёна. Сістэма метадычнай работы з маладымі спецыялістамі шматгранная. Маладым педагогам прадастаўлена магчымасць павышаць узровень сваёй прафесійнай кампетэнтнасці праз работу школ прафесійнага станаўлення (школа маладога спецыяліста, школа пачынаючага выхавальніка, школа маладога класнага кіраўніка, школа маладога спецыяліста сацыяльнай і псіхолага-педагагічнай службы, школа маладога настаўніка пачатковых класаў, школа настаўнікаў замежнай мовы), узаемадзеянне дасведчанага і маладога пакаленняў, конкурсы прафесійнага майстэрства, настаўніцтва, удзел у тыдні маладога спецыяліста.

Асноўнымі формамі работы з маладымі спецыялістамі з’яўляюц­ца тэарэтычныя семінары, семінары-практыкумы, псіхалагічныя трэнінгі, наведванне адкрытых урокаў і пазакласных мерапрыем­стваў, майстар-класаў, вывучэнне эфектыўнай педагагічнай практыкі. Для больш прадукцыйнай і эфектыўнай дзейнасці вышэйназваных школ значная ўвага ўдзяляецца арганізацыі практычнай часткі пасяджэнняў, узаемадзеянню маладых і вопытных педагогаў. Традыцыйным мерапрыемствам, якое праводзіцца сумесна з маладымі спецыялістамі, з’яўляецца “Дыялог пакаленняў” — сустрэча ветэранаў педагагічнай працы і маладых настаўнікаў, сустрэча мудрасці і маладосці, дзе маладыя педагогі маюць магчымасць павучыцца ў старэйшага пакалення загартоўцы, стойкасці духу, вопыту.

Стала добрай традыцыяй правядзенне злёту маладых спецыя­лістаў Нясвіжскага раёна, дзе збіраюцца ўсе пачынаючыя педагогі. Для іх арганізоўваюцца наведванне ўстаноў адукацыі, удзел у майстар-класах настаўнікаў-метады­стаў, экскурсіі.

— Рэалізацыя інавацыйных праектаў спрыяе павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў. Над якімі праектамі працуюць педагогі раёна? У чым іх асаблівасці?

— Інавацыі ў адукацыі — аснова развіцця сістэмы адукацыі, установы адукацыі, кожнага ўдзельніка педагагічнага ўзаемадзеяння. Інавацыйны працэс мае вельмі складаную структуру. З прычыны ўкаранення інавацый у адукацыйны працэс установы адукацыі набываюць здольнасць дасягаць больш высокіх вынікаў сваёй дзейнасці. Сёння ў нашых установах адукацыі праектная дзейнасць займае вядучае месца сярод новых педагагічных тэхналогій.

Якія ж праекты рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі раёна? Зусім розныя і па тэмах, і па накіраванасці: па развіцці праваслаўных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа (яслі-сад № 4 Нясвіжа, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна, сярэдняя школа № 1 Нясвіжа, Карцэвіцкая сярэдняя школа, сярэдняя школа № 1 Гара­дзеі), па прымяненні камп’ютарных тэхналогій і электронных сродкаў навучання (сярэдняя школа № 2 Гарадзеі), па развіцці турыстычна-краязнаўчай дзейнасці (Затур’янскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Цэнтр дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна), па духоўна-маральным выхаванні (Нясвіжская гімназія, Сноўская сярэдняя школа), па фарміраванні эканамічнай культуры ў навучэнцаў (Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Сонейка” в.Рудаўка), па фарміраванні і развіцці камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў (сярэдняя школа № 3 Нясвіжа).

У 2020/2021 навучальным го­дзе 19 устаноў адукацыі працягвалі работу па рэалізацыі праектнай дзейнасці (13 праектаў). З іх 8 устаноў працуюць на абласным узроўні (8 праектаў), 11 — на рэспублікан­скім (5 праектаў). Усё гэта дае педагагічным калектывам магчымасць нестандартна падысці да ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, актыўна ўплывае на інтэлектуальную і эмацыянальна-каштоўнасную сферу дзяцей. Сучасны педагог павінен не проста даваць веды, вырашаючы з навучэнцамі тыпавыя задачы, дзе загадзя вядомы адказы, але і выходзіць за рамкі стандартнага. Педагог абавязаны пастаянна дынамічна развівацца сам і вучыць дзіця жыць у зменлівым свеце.

— Наколькі ў раёне ўдзяляецца ўвага рабоце з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі? Як педагогі валодаюць імі?

— Работа ВМК па павышэнні ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў раёна пачалася ў 2014 годзе з правядзення раённых семінараў па падрыхтоўцы да здачы сертыфікацыйнага экзамену. Да навучання былі прыцягнуты настаўнікі інфарматыкі і метадысты. Наступным этапам работы стала асваенне воблачных тэхналогій, а менавіта Google-дыска. На базе Нясвіжскай гімназіі ў 2016/2017 навучальным годзе праводзіліся семінары “Воблачныя сэрвісы. Работа з Google-дыскам”, “Сэрвісы Google ў рабоце настаўніка”. На працягу двух наступных навучальных гадоў з выкарыстаннем магчымасцей Google-сэрвісаў быў арганізаваны вочна-дыстанцыйны семінар-практыкум “Стварэнне асяроддзя навучання XXI стагоддзя з дапамогай вэб-інструментаў”. Заняткі былі арганізаваны для групы зацікаўленых педагогаў, якія раз на месяц на працягу навучальнага года наведвалі вочныя семінары, а ў астатні час займаліся самаадукацыяй. Выніковым прадуктам стала стварэнне блогаў на платформе https://www.blogger.com і іх напаўненне матэрыяламі, створанымі пры дапамозе сэрвісаў Web 2.0.

З 2019/2020 годзе арганізаваны штомесячныя семінары па вывучэнні і выкарыстанні вэб-сэрвісаў для розных груп педагогаў, пазней — для асобных навучальных устаноў. Работа па павышэнні
ІКТ-кам­петэнтнасці педагогаў таксама ажыццяўляецца і ўстановамі адукацыі самастойна праз арганізацыю работы метадычных фарміраванняў. На сённяшні дзень гэта 13 па­стаянна дзеючых семінараў, 5 творчых груп і клуб “Кампетэнтнасць”.

— На ваш погляд, як павысіць эфектыўнасць работы метадычнай службы ў раёне?

— “Вучыцеся так, нібы вы ўвесь час адчуваеце недахоп сваіх ведаў, і так, нібы вы ўвесь час баіцеся разгубіць свае веды”. Менавіта гэтыя словы Канфуцыя з’яўляюцца дэвізам работы нашага вучэбна-метадычнага кабінета. Я пераканана: каб працаваць з педагогамі, якія часта маюць большы вопыт работы ў школе, шырокі кругагляд і агульнакультурную эрудыцыю, метадысту неабходна пастаянна вучыцца, шукаць ідэі, потым іх генерыраваць і ўвасабляць у жыццё.

Безумоўна, педагогі заўсёды былі і будуць рознымі: адны імкнуцца да творчасці і не хочуць працаваць па-старому, увесь час знахо­дзяцца ў пошуках чагосьці новага, іншыя добрасумленна выконва­юць сваю работу, але не праяўля­юць асаблівай ініцыятывы, трэція песімістычна ставяцца да ўсяго таго, што адбываецца вакол іх. Упэўнена, што менавіта метадычная служба павінна стаць дырыжорам такога рознагалосага аркестра — дапамагчы калегам у адкрыцці саміх сябе, даць ім магчымасць праявіць свае таленты, сваю творчасць, майстэрства, каб кожны з іх стаў майстрам сваёй справы. А для гэтага мы самі павінны быць май­страмі сваёй справы. Таму адной з прыярытэтных задач нашай дзейнасці з’яўляецца пастаяннае павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці. Упэўнена: калі ў метадыстаў ёсць жаданне аддаць, то і ў педагогаў з’явіцца жаданне ўзяць. А калі гэтыя два жаданні супадаюць, атрым­ліваецца выдатны вынік!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.