Метадычную работу — на перазагрузку

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Бесперапыннае прафесійнае развіццё педагогаў у сучасных рэаліях набывае асаблівую актуальнасць. Імклівыя змены ў грамадстве пастаянна ставяць перад навучальнымі ўстановамі новыя задачы, выкананне якіх напрамую залежыць ад прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. У кожнай установе адукацыі прымаюцца пэўныя традыцыйныя меры для павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Але ці дастаткова гэтага сёння? У гімназіі № 3 Бабруйска перакананы, што для дасягнення высокага прафесійнага ўзроўню педагогаў неабходна ўкараненне новых форм арганізацыі метадычнай работы.

— Адукацыйныя стандарты, праграмы, тэхналогіі пастаянна абнаўляюцца. Гэтыя змены па­трабуюць і новых падыходаў да метадычнай работы, бо, як вядома, якасць адукацыі не можа быць вышэйшай за якасць работы настаўнікаў. Некалькі гадоў назад мы павышалі кваліфікацыю адзін раз у 5 гадоў, а зараз перапынак нават у 3 гады вельмі адчувальны. Метадычная работа ва ўстанове адукацыі павінна кампенсаваць гэта, не толькі задавальняючы надзённыя запыты і патрэбы настаўніка, але і рыхтуючы яго да ўспрымання і засваення новых адукацыйных тэндэнцый. Сучасным педагогам неабходна адпавядаць рэаліям часу. Сёння нельга вучыць дзяцей так, як вучылі яшчэ 10 гадоў назад. Для пакалення Z патрэбны новы настаўнік. Які гэты настаўнік, якімі якасцямі і кампетэнцыямі ён павінен валодаць, мы вызначылі для сябе ў праграме развіцця гімназіі, выпрацаваўшы мадэль настаўніка-2023, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.В.Севярын.

Па яе словах, галоўнай задачай кіраўніцтва гімназіі бачыць стварэнне спрыяльных умоў для фарміравання асобы настаўніка новага часу. Метадычная сетка гэтай навучальнай установы мае традыцыйную структуру. Але свае адметнасці ў ажыццяўленні метадычнай работы тут ужо ёсць. Так, тэматыка пасяджэнняў усіх метадычных аб’яднанняў аднолькавая. Калі больш канкрэтна — настаўнікі ўсіх вучэбных прадметаў адначасова працуюць над адной і той жа праблемай, увесь калектыў канцэнтруе свае сілы і намаганні на яе вырашэнні. Змянілі ў гімназіі і фармат правядзення пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў.

— Падрыхтоўка выступленняў і дакладаў саступіла месца актыўным формам. Пасяджэнні часцей за ўсё праводзяцца ў рэжыме перавернутага ўрока, калі настаўнікі загадзя знаёмяцца з тэорыяй па тэме, якая размешчана на Google-дыску, а непасрэдна на пасяджэнні ідзе абмеркаванне, зацікаўленая гутарка ці дыскусія, выпрацоўваюцца агульныя падыходы да выкладання таго ці іншага прадмета, пры неабходнасці складаюцца метадычныя рэкамендацыі ці памяткі. Практычнае замацаванне адбываецца праз 2—3 тыдні, падчас так званай метадычнай дэкады, калі настаўнікі добра асэнсуюць тэму і гатовы паказаць яе ўвасабленне на практыцы. Укараненне такіх падыходаў дае адпаведны плён, — адзначыла Святлана Віктараўна.

Значна, што іншыя метадычныя фарміраванні ствараюцца ў гімназіі для вырашэння канкрэтных задач. І ўзначальваюць гэтыя фарміраванні настаўнікі, якія з’яўляюцца экспертамі па пэўных пытаннях. Менавіта такім чынам мясцовыя педагогі знаёміліся з актыўнай ацэнкай, асновамі медыяадукацыі, асвойвалі сэрвісы Web 2.0., сэрвісы для арганізацыі дыстанцыйнага навучання.

— Пры неабходнасці ўдасканаліць пэўныя кампетэнцыі мы актыўна выкарыстоўваем магчымасці адкрытай адукацыйнай прасторы. Разам з Марынай Курвітс кіраўнікі метадычных аб’яднанняў вучыліся таму, як матываваць вучняў. Неўзабаве плануюць пазнаёміцца з тэхналогіяй змешанага навучання, каб потым адэкватна данесці гэтую інфармацыю да сваіх калег, — расказала С.В.Севярын.

Педагогі 3-й бабруйскай гімназіі пастаянна імкнуцца да засваення новага. Прычым заўсёды звяртаюцца па дапамогу да прафесіянальных крыніц, бо лічаць вельмі важным атрыманне дакладнай інфармацыі па авалоданні тымі ці іншымі навацыямі. Напрыклад, у асваенні STEM-падыходу ў адукацыі педагагічнаму калектыву дапамаглі асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” і ІТ-кампанія Lyft.

— Лепшыя STEM-амбасадары Беларусі ахвотна падзяліліся з нашымі настаўнікамі сваім вопытам арганізацыі праектаў і каманднага ўзаемадзеяння, а прадстаўнікі аўтар­скай групы “Рэферэнт” пазнаёмілі нас з прафесіямі будучыні і падыходамі да арганізацыі прафарыентацыйнай работы, — патлумачыла Святлана Віктараўна. — Дарэчы, пры планаванні работы і выбары формы правядзення метадычных мерапрыемстваў мы зыходзім з прынцыпу “Вучымся таму, з дапамогай чаго вучымся”. Ніколі не практыкуем стварэння нейкіх спецыяльных, “модных” метадычных фарміраванняў. Бо ўпэўнены, што не можа быць фарміравання дзеля фарміравання, формы дзеля формы. Наогул, фармалізм — самы страшны вораг паспяховай метадычнай работы. Як і задаволенасць настаўніка сваім прафесіянальным узроўнем. Таму асноўная задача метадычнай службы — вывесці настаўніка з зоны камфорту і дапамагчы адчуць патрэбу ў самаўдасканаленні, зразумець далучанасць да агульных спраў, — дадала намеснік дырэктара.

І гэтую задачу ў гімназіі цалкам выконваюц­ь. Да падрыхтоўкі метадычных мерапрыемстваў, правядзення педагагічных саветаў тут далучана значная колькасць педагагічнага калектыву. Вельмі развіта ў навучальнай установе арганізацыя ўзаеманаведвання вучэбных заняткаў, у тым ліку і з выкарыстаннем Lesson Study. Такое ўзаемадзеянне садзейнічае ўзаемаабагачэнню і прафесійнаму росту педагогаў, павышае іх матывацыю да самаразвіцця, стварае перадумовы для кансалідацыі педагогаў, павышае адказнасць за агульныя вынікі працы.

— Рабочыя і творчыя групы, фокус-групы праводзяц­ь педагагічныя міні-даследаванні і неабходныя апытанні. Разам мы праводзім SWOT-аналіз, пішам праграму развіцця гімназіі, аналізуем лепшы вопыт, складаем адукацыйныя маршруты для профільных класаў і груп, правяраем доследным шляхам эфектыўнасць тых ці іншых методык. Імкнёмся выяўленыя недахопы і памылкі ператварыць у нашы моцныя бакі. Разам мы не баімся эксперыментавац­ь, не баімся памыліцца, — падкрэсліла С.В.Севярын.

Перазагрузку метадычнай работы ў гімназіі № 3 Бабруйска плануюць працягваць і далей. Кіраўніцтва навучальнай установы пераканана, што ўдасканаленне яе зместу і формы дасць магчымасць аказаць станоўчы ўплыў на павышэнне прафесійнага майстэрства настаўнікаў, а значыц­ь — і на павышэнне якасці адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.