Метадычныя стартапы для прафесійнага росту

У канцы мінулага года ў АПА падвялі вынікі конкурсу метадычных стартапаў “Інтэрактыўныя метады і прыёмы ў метадычнай рабоце”. У конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікі і спецыялісты вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікі і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Арганізацыйную падтрымку ажыццяўлялі Цэнтр развіцця дадатковай адукацыі дарослых, аддзел каардынацыі сістэмы павышэння кваліфікацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

У прывітальным слове прарэктар акадэміі па навукова-метадычнай рабоце, доктар педагагічных навук, прафесар Галіна Нікалаенка адзначыла, што метадысты ў сістэме адукацыі — асаблівыя людзі, бо здольны ўбачыць патэнцыял кожнага педагога. “Метадычныя кадры — гэта аснова, рухавік нашай адукацыі”, — падкрэсліла Галіна Іванаўна.

У арганізацыйны камітэт конкурсу метадычных стартапаў паступіла 36 праектаў, накіраваных на вырашэнне ключавой праблемы: з якой мэтай і як выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады і прыёмы пры арганізацыі метадычнай работы ва ўстанове адукацыі, у горадзе, раёне, вёсцы. Праекты прадставілі каманды інстытутаў развіцця адукацыі (6), гарадскіх і раённых вучэбна-метадычных кабінетаў (19 праектаў, 21 вучэбна-метадычны кабінет), каледжаў (4), прафесійных ліцэяў (2), гімназій (3), цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі (2). У распрацоўцы і ўкараненні праектаў, прадстаўленых на конкурс, прымалі ўдзел 148 педагагічных работнікаў з усіх рэгіёнаў. У сярэднім у каманду стартапа ўваходзіла чатыры чалавекі.

Для ўдзелу ў выніковым мерапрыемстве і асабістай прэзентацыі стартапаў былі адабраны матэрыялы адзінаццаці творчых калектываў. У АПА для прадстаўлення сваіх метадычных прадуктаў запрасілі аўтараў самых цікавых праектаў. Усе яны атрымалі дыпломы пераможцаў конкурсу метадычных стартапаў “Інтэрактыўныя метады і прыёмы ў метадычнай рабоце”.

Праект “ІнтэрДА+” Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі — гэта прасоўванне інтэрактыўных форм метадычнай работы на аснове творчасці, ініцыятывы, прафесіяналізму, што ў сваю чаргу з’яўляецца правільных шляхам стварэння аптымальных умоў для самарэалізацыі і асобасна прафесійнага росту ўсіх катэгорый педагагічных работнікаў. Па меркаванні каманды стартапа, ключом да новых педагагічных адкрыццяў могуць стаць уменні арыентавацца ў свеце інфармацыі, крытычна думаць, будаваць камунікацыю, супрацоўнічаць, прымяняць атрыманыя веды на практыцы ў рэальным часе, прымаць рашэнні, бачыць свае слабыя бакі і ўмець працаваць над імі, вучыцца і перавучвацца.

Праект аддзела па адукацыі Віцебскага раённага выканаўчага камітэта “Малады спецыяліст: узыходжанне да прафесіяналізму” дае адказы на пытанні, як стварыць умовы для паспяховага ўваходжання маладых спецыялістаў у педагагічную дзейнасць, як аказаць своечасовую кансультацыйную дапамогу ў вырашэнні прафесійных праблем, цяжкасцей і задач, як правесці маладога спецыяліста да вяршынь педагагічнага майстэрства.

Праект “Тэхналогія “навучанне дзеяннем” у метадычнай рабоце” абласнога аграрна-тэхнічнага ліцэя Дзяржынска дапамог пабудаваць сістэму метадычнай работы ва ўстанове адукацыі на аснове тэхналогіі “навучанне дзеяннем”. У выніку педагогі вырашаюць рэальныя праблемы і задачы, вучацца адно ў аднаго і ўкараняюць атрыманыя вынікі ў адукацыйны працэс, у сваю штодзённую педагагічную практыку.

Вопытам развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў устаноў адукацыі з выкарыстаннем сэрвісаў Google гатовы падзяліцца творчы калектыў вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта, які прадстаўляў праект “Развіццё прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў устаноў адукацыі з выкарыстаннем сэрвісаў інтэрнэт-правайдара Google”.

Праект “Сеткавая педагагічная супольнасць “З вопыту работы” аб’яднаў метадыстаў-аднадумцаў Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, Лепельскага раёна Віцебскай вобласці і Магілёва. Творчыя і актыўныя педагогі адразу трох раёнаў у сеткавым аб’яднанні вырашаюць прафесійныя цяжкасці, звязаныя з засваеннем новых метадаў і тэхналогій выкладання, укараненнем інавацый, інфарматызацыі адукацыі, распаўсюджваннем эфектыўнага педагагічнага вопыту.

Праект “Выкарыстанне сучасных тэхналогій у рабоце з бібліятэчнымі работнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па фарміраванні чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў” аддзела інфармацыйнага забеспячэння Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі натхніў яго ўдзельнікаў выкарыстоўваць дапоўненую рэальнасць, шыфраваць інфармацыю з дапамогай QR-кодаў, удзельнічаць у вэб-квестах у пошуках адказаў на самыя важныя пытанні, ствараць буктрэйлеры і нават выдаваць міні- і мультымедыйныя кнігі.

Праект “БОСС (БОрисовские Сетевые Сообщества) як інструмент метадычнай падтрымкі ў рабоце педагогаў” дазваляе аказваць больш якасную і сістэмную метадычную дапамогу.

Праект “Акадэмія педагагічных інавацый” ператварыўся ў сапраўдную акадэмію для педагогаў дадатковай адукацыі на базе філіяла кафедры педагогікі і псіхалогіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна ў Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Навучанне педагогаў у акадэміі забяспечвае творчы пошук і рост калектыўных ідэй, павышае навукова-тэарэтычную падрыхтоўку і прафесійнае майстэрства педагагічных работнікаў.

Праект “Метадычны квілт “Інфармацыйна-тэхналагічны арамарфоз настаўніка XXI стагоддзя” аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі накіраваны на павышэнне ІКТ-кампетэнтнасці настаўнікаў у авалоданні і эфектыўным выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Праект “Мабільнасць унутранай структуры і зместу дзейнасці раённага метадычнага аб’яднання як аснова рэалізацыі метадычных патрэб настаўнікаў біялогіі (“Дыфузія як аснова прафесійнай стабільнасці”)” апрабавалі члены раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў біялогіі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Маскоўскага раёна Мінска. Дыфузія, на думку аўтараў стартапа (настаўніка з сярэдняй школы № 165 Мінска і прадстаўніка МГІ РА), складае аснову прафесійнай стабільнасці. Змена традыцыйнай схемы арганізацыі работы раённага метадычнага аб’яднання дазволіць эфектыўна працаваць з кожным педагогам — удзельнікам РМА — з улікам індывідуальных запытаў і прафесійных інтарэсаў, а значыць, прывядзе да ўдасканалення прафесійных кампетэнцый педагогаў.

Дыплом пераможцы атрымаў праект Smart Help — мадэль сеткавага ўзаемадзеяння для прафесійнага і асобаснага росту педагогаў ва ўмовах лічбавай трансфармацыі адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Удзельнікі смарт-каманды ўмею ць гарманічна сумясціць дасягненні ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і традыцыйных метадаў навучання, фарміраваць ментальную, прафесійную і тэхнічную гатоўнасць педагога працаваць ва ўмовах лічбавай трансфармацыі грамадства, вызначаць умовы і напрамкі мадэрнізацыі ўласнага педагагічнага вопыту, захаваўшы індывідуальнасць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.