Метадычныя знаходкі

- 15:24Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава да развіцця метадычных уменняў педагогаў ставяцца ўважліва і сістэмна. Тут ведаюць: толькі ў пастаянным развіцці настаўнік здольны да адкрыццяў. У тым ліку ў самім сабе. Часта мы нават не здагадваемся, на што здатны.

Шлях да педагагічных і метадычных знаходак у намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаў­ніка-метадыста, настаўніцы англійскай мовы Ганны Дзёмінай праходзіў праз конкурсны рух. “Спачатку я паўдзельнічала ў абласным фестывалі “Педага­гічныя надзеі”, дзе ўпершыню дала майстар-клас. Для мяне гэта стала абсалютна новым вопытам, які прымусіў выйсці з зоны камфорту. Але мне спадабалася, бо было цікава. Акрамя таго, я зразумела, што магу іншае. Гэта, напэўна, быў першы глабальны крок у прафесійным росце”,— адзна­чыла мая суразмоўніца.

Далей конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020” адкрыў імя Ганны Ула­дзіміраўны Дзёмінай для больш шырокай педагагічнай грамадскасці — яна стала фіналісткай конкурсу. Прызнацца, калі мы з калегамі ўбачылі яе прозвішча ў спісе, то не здзівіліся. Канечне, мы з ёй яшчэ не былі знаёмы, але ж ведалі традыцыі 13-й школы Жлобіна, імк­ненне калектыву да эксперыментаў і навацый. Да таго ж гэтая навучальная ўстанова ўжо не раз гучна заяўляла пра сябе ў гэтым конкурсе.

Многія ведалі і памятаюць легендарнага Віталя Васільевіча Гузава. Цяпер гонар школы абараняе яго вучань настаўнік працоўнага навучання Дзмітрый Барысавіч Доўнар — лаўрэат рэспублі­канскага конкурсу прафе­сійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”. Дырэктар школы, настаў­нік-метадыст, настаўніца фізікі Алена Аляксандраўна Ананчыкава — драйвер метадычнага развіцця ўстановы — таксама фіналіст рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2011”.

У выніку Ганна Ула­дзіміраўна не толькі годна прадставіла сваю школу на рэспубліканскім конкурсе. Яна стала настаўнікам-метадыстам і цяпер, будучы намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, займаецца развіццём метадычнай дзейнасці ў старшай школе (арганізуе і право­дзіць педсаветы, дае майстар-класы) і ўдзельнічае ў адборы настаўнікаў на наступны конкурс прафесійнага майстэрства. “Конкурс і навучыў, і адкрыў многае. Менавіта дзякуючы яму цяпер мне прасцей працаваць на пасадзе намесніка”, — заўважыла Ганна Ула­дзімі­раўна. Працаваць з дарослымі — гэтак жа адказна, як і з дзецьмі. Але ў абодвух узроставых катэгорыях дапамагае ўважлівае стаўленне да суразмоўніка, тактоўнасць і глыбокія веды — прадметныя і метадычныя.

“Мае калегі ўнікальныя. У кожнага свая методыка арганізацыі ўрокаў з цікавымі формамі і прыёмамі. У нас ёсць выдатная традыцыя — правядзенне панарамы адкрытых урокаў. Сёлета ключавой тэмай такой панарамы стала візуалізацыя. У выніку настаўнікі паказалі 10 педагагічных студый з рознымі тэхнікамі візуалізацыі. Аналіз урокаў праводзім наступным чынам: спачатку педагога хвалім, гаворым пра тое, што атрымалася. А пасля ўжо ідзе канструктыўная гаворка пра шляхі ўдасканалення”, — адзначыла намеснік дырэктара.

Каб заставацца дасведчанай, трэба працягваць сваё самаразвіццё, таму педагог не толькі арганізуе і праводзіць метадычныя мерапрыемствы, але і сама вучыцца, напрыклад, на курсах М.І.Запрудскага па эфектыўным уроку. 

Сінгапурская методыка ў дзеянні

У 2021/2022 навучальным го­дзе ў Ганны Уладзіміраўны былі два выпускныя класы. Гэтых ужо дарослых дзяцей яна вучыла англійскай мове з 3 класа. Расставацца было сумна, бо з імі педагог сталела і назапашвала каштоўны вопыт. 

Педагог распрацоўвае дыдактычны інструментарый, актыўна выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе вучэбныя структуры сінгапурскай методыкі навучання. Яе ўрокі —  гэта не толькі займальнае паглыбленне ў іншамоўную культуру, але і развіццё асобасных якасцей навучэнцаў. Гуляючы і падарожнічаючы, школьнікі спасцігаюць таямніцу англійскай мовы, вучацца вырашаць лінгвістычныя задачы, разважаць, кантраляваць і ацэньваць вынікі ўласнай дзейнасці.

“Задача настаўніка замежнай мовы — у стварэнні рэальных сітуацый зносін, уцягванне вучняў у актыўную пазнавальную дзей­насць. Мяне здзівілі і прымусілі задумацца вынікі даследавання расійскіх сацыёлагаў, на думку якіх, усяго 10% навучэнцаў уключаны ў эфектыўную камунікацыю на ўроку. Пры гэтым улічваліся адказы “так”, “не”. Пачала шукаць метады і прыёмы эфектыўнай камунікацыі.

Вырашэнне гэтай праблемы было знойдзена ў выкарыстанні на ўроках вучэбных структур сінгапурскай методыкі, у аснове якой ляжыць групавая і парная работа. Сутнасць сінгапурскай методыкі ў  менеджменце і кіраванні вучэбным працэсам. Інструментам гэтай методыкі з’яўляюцца вучэбныя структуры (набор тэзісаў і формул), мэта якіх — актывізацыя дзейнасці навучэнцаў. Існуе каля 250 вучэбных структур. Яны з’яўляюцца часткай канструктара ўрока, адбіраюцца ў залежнасці ад этапу і мэты. Кожная структура мае жорсткія рамкі і ўласную назву.

Аднак аўтары методыкі не акцэнтуюць увагу на ацэначнай дзейнасці, што для нас вельмі важна. Таму я распрацавала ацэначныя лісты, якія мабільныя, могуць мяняцца і дапаўняцца ў залежнасці ад класа, тэмы ўрока. Тэматычныя лісты самаацэнкі рэкамендую ўводзіць паступова, пачынаючы з 3 класа. Работу з паўрочнымі лістамі варта пачынаць з 5 класа, калі самакантроль і самаацэнка становяцца сродкам пошуку магчымых прычын узнікнення памылак і шляхоў іх ліквідацыі. У 6 класе вучні вучацца бачыць сваю працу як суму многіх дзеянняў, кожнае з якіх мае свой крытэрый ацэньвання. Пачынаючы з 6 класа, выкарыстоўваю лісты самаацэнкі, якія навучэнцы запаўняюць па ходзе ўрока, ацэньваючы кожнае выкананае заданне.

Зрабіўшы “заяўку на поспех” у пачатку ўрока, падводзячы вынікі, вучні суадносяць яе з колькасцю набраных балаў. З улікам самаацэнкі навучэнцаў выстаўляю ім адзнакі. Такім чынам, інтэгруючы сінгапурскую методыку і лісты самаацэнкі навучэнцаў, вырашаю як асноўную задачу навучання замежнай мове, так і метапрадметныя: фарміраванне іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі, развіццё навыкаў самаацэнкі і ўзаемаацэнкі, рэфлексіўных навыкаў чалавека”, — расказала Ганна Уладзіміраўна.

Цяпер Г.У.Дзёміна актыўна дзеліцца сваім метадычным вопытам з калегамі. А ў планах — распрацоўка методыкі навучання замежнай мове ў інтэграваных класах. Пераканана, што ўсё атрымаецца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.