Метадысты — практыкам

- 13:31Навіны рэгіёнаў

Названы пераможцы абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Метадыст года — 2017”, фінал якога адбыўся на базе абласнога палаца творчасці.

Дзевяць метадыстаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дэманстравалі свой вопыт работы. Як казалі самі пра сябе фіналісты, метадыст сёння — гэта галоўная адзінка ўстановы, арганізатар, аналітык-даследчык, настаўнік і эксперт.

Удзельнікі конкурсу паказалі прафесійнае майстэрства ў галіне кансультавання, адстойвалі і абаранялі мадэль метадычнай службы ўстановы, а самым яркім і цікавым стаў конкурс самапрэзентацыі пад назвай “Мой метадычны патэнцыял”, у якім канкурсанты паказалі глыбокі метадычны змест сваёй дзейнасці.

Конкурс аказаўся не проста спаборніцтвам. Як прызналіся члены журы, яны даведаліся пра цікавыя формы метадычнай работы, убачылі існуючы вопыт, які неабходна распаўсюджваць, а таксама пачулі голас метадыста: якія ён бачыць напрамкі сваёй дзейнасці, якія перспектывы малюе перад сабой. Галоўную ж місію метадыста самі канкурсанты сфармулявалі так: вучыцца самім і вучыць іншых.

Прыемна, што ў ліку пераможцаў конкурсу ёсць і нашы пазаштатныя аўтары. Добра вядома пастаянным чытачам “Настаўніцкай газеты” імя метадыста Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Ірыны Камаровай, якая атрымала дыплом I ступені. Дыпломы II і III ступені — у метадыстаў Марыны Саўкінай (Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі) і Людмілы Мішкевіч (Акцябрскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі). А метадыст Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Яўгенія Прычыніч атрымала ўзнагароду ў намінацыі “Перспектыва”.

Наталля ЛУТЧАНКА.