Методыка поспеху

- 10:45Адукацыйная прастора

Абласная педагагічная канферэнцыя прайшла 25 жніўня на Віцебшчыне

Па традыцыі напярэдадні Дня ведаў лепшыя настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі рэгіёна разам з прадстаўнікамі камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў аблвыканкама і абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, намеснікамі старшынь і начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і адміністрацый раёнаў Віцебска абмеркавалі работу сістэмы адукацыі вобласці за папярэдні навучальны год, падзяліліся перадавым педагагічным вопытам, вызначылі перспектыўныя напрамкі і адзіную стратэгію развіцця на новы навучальны год і бліжэйшую пяцігодку. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Цацоха, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Месцам правядзення вялікага жнівеньскага педсавета сёлета было выбрана Лужасна: шаноўных гасцей прымала Віцебскае кадэцкае вучылішча.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікаў канферэнцыі запрасілі на адкрытую інтэрактыўную пляцоўку па абмене перадавым педагагічным вопытам. Тут можна было азнаёміцца з дасягненнямі, цікавымі інавацыйнымі праектамі, актуальнымі метадычнымі распрацоўкамі і мультымедыйнымі прэзентацыямі абласных інстытута развіцця адукацыі і вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі, палаца дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі.
Авацыяй віталі ўсе прысутныя на пасяджэнні ветэранаў педагагічнай працы Аляксандра Меліхава, Ніну Барысенка, Надзею Коршыкаву, Валянціну Калядка, Надзею Задроўскую, Валянціну Ткачэнка, Рэгіну Такарэнка, Міхаіла Валоха, Надзею Іўлеву. Віншаванні са святам і ўручэнне падарункаў старэйшым калегам напярэдадні новага навучальнага года — даўняя і слаўная традыцыя рэгіёна. Для сённяшняга настаўніцтва ветэраны былі і застаюцца выдатным узорам для пераймання, прыкладам прафесіяналізму і самаадданай працы.З асноўным дакладам аб выніках работы сістэмы адукацыі вобласці выступіў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Іван Антонавіч даў разгорнуты аналіз і прынцыповую ацэнку сумеснай дзейнасці ўстаноў адукацыі, органаў кіравання адукацыяй, выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый па выкананні дзяржаўных і абласных праграм у сферы адукацыі, а таксама акрэсліў асноўныя задачы і прапанаваў для абмеркавання перспектыўную стратэгію развіцця сістэмы адукацыі Віцебшчыны на 2015/2016 навучальны год і наступную пяцігодку. У ліку ключавых напрамкаў былі вызначаны захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння; рэалізацыя канцэпцыі профільнага навучання і рост матывацыі, кампетэнтнасці педагагічных работнікаў; актывізацыя інклюзіўных працэсаў у адукацыі, павышэнне якасці інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; інтэнсіфікацыя інавацыйнай дзейнасці; работа над зместам і павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў адукацыі; пашырэнне спектра адукацыйных праграм прафесійнай і дадатковай адукацыі дарослых і моладзі, стварэнне новых рэсурсных цэнтраў, удасканаленне сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэнне прывабнасці рабочых прафесій.
— Усе ўстановы адукацыі вобласці гатовы да пачатку новага навучальнага года і поўнасцю забяспечаны педагагічнымі кадрамі. На Віцебшчыне 1 верасня за школьныя парты сядуць 11 783 першакласнікі (іх больш, чым у мінулым годзе). Для першакласнікаў першы ў жыцці ўрок асабліва важны. Усе яны атрымаюць каштоўны падарунак — вучэбны дапаможнік ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі “Беларусь — наша Радзіма”. На свой першы ўрок у школьныя аўдыторыі з радасным хваляваннем прыйдуць 530 маладых спецыялістаў. Вядома, што раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты, аддзелы адукацыі, спорту і турызму, пасялковыя выканкамы вядуць вялікую работа па папярэджанні адтоку педагагічных кадраў. Эфектыўнасць гэтых мер відавочная: расце працэнт замацавання маладых спецыялістаў. Але менавіта ад нас, педагогаў, у першую чаргу залежыць, ці застанецца нядаўні студэнт працаваць на сваім першым працоўным месцы. Няхай жа для маладога папаўнення вучнёўскіх і педагагічных калектываў Дзень ведаў стане днём яркім, цікавым, па-сапраўднаму незабыўным, — звярнуўся да педагогаў Іван Шчурок. — У кастрычніку 2015 года пройдзе важная палітычная падзея для нашай краіны — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На базе большасці ўстаноў адукацыі будуць размяшчацца выбарчыя ўчасткі. Упэўнены ў вашай выразнай грамадзянскай пазіцыі, адказнасці, мудрасці і палітычнай зоркасці. Напярэдадні Дня ведаў я хачу выказаць шчырыя словы падзякі за вашу нялёгкую, але высакародную працу, вернасць настаўніцкаму абавязку. Дзякуючы вашаму прафесіяналізму, на Віцебшчыне захоўваюцца і прымнажаюцца лепшыя традыцыі школы. З новым навучальным годам, дарагія калегі!
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Аліна Будзько, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі і Віцебскага гарвыканкама Ігар Кіруценка, рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў, намеснік дырэктара Наваполацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў Наталля Калдуненка, настаўніца фізікі гімназіі № 7 Віцебска Алена Маруцько. Аліна Будзько прэзентавала эфектыўную мадэль дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання пры рэалізацыі Тыпавога вучэбнага плана ў сельскім раёне, створаную на аснове вопыту педагогаў Глыбоччыны. Андрэй Загурскі азнаёміў з сістэмай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, якая склалася на Аршаншчыне, і асобна спыніўся на рабоце раённага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій. Карыстаючыся выпадкам, ён запрасіў у Оршу выпускнікоў 9—11 класаў з Дуброўна, Талачына, Сянна, Лёзна для праходжання тэсціравання з дапамогай пакета псіхадыягнастычных методык “Профіль 2.0”, распрацаваных Рэспубліканскім цэнтрам прафарыентацыі моладзі, і прапанаваў разгледзець пытанне аб прысваенні рэсурснаму цэнтру статусу міжрэгіянальнага. Ігар Кіруценка расказаў, як у сучасных умовах рэалізоўваюцца адукацыйныя запыты навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебска.
— Важным і значным для сістэмы адукацыі горада з’яўляецца не толькі вывучэнне і задавальненне адукацыйных патрэб навучэнцаў, але і фарміраванне гэтых патрэб з тым, каб у далейшым дапамагчы выпускніку вызначыцца з прафесійным выбарам, — запэўніў Ігар Юр’евіч.
Шляхі супрацоўніцтва ВДУ імя П.М.Машэрава і ўстаноў адукацыі рэгіёна ў пытаннях падрыхтоўкі педагагічных кадраў прааналізаваў Аляксей Ягораў. Наталля Калдуненка акцэнтавала ўвагу на дзейнасці прафесійна-тэхнічнага каледжа як шматузроўневай установы адукацыі, якая забяспечвае якасць падрыхтоўкі спецыялістаў.
— Сёння для работы настаўніка ёсць усё, нават дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, — нагадала Алена Маруцько. — І ўсё ж, калі настаўнік жадае быць паспяховым, ён павінен пастаянна самаўдасканальвацца, развіваць сваё прафесійнае майстэрства. Любыя перамогі на алімпіядах і конкурсах, высокія вынікі на ЦТ — гэта не шчаслівы латарэйны білет, а пастаянная сумесная праца вучня, настаўніка і бацькоў. Менавіта настаўнік павінен быць генератарам развіцця інтарэсаў навучэнца, яго інтэлектуальнага патэнцыялу.
— Гаворачы аб профільным навучанні, неабходна ўсведамляць: мы не вяртаемся да таго, што ў сістэме адукацыі было раней, падобнае вяртанне не мае сэнсу, — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў.
На думку Міхаіла Мікалаевіча, у профільных класах павінны вучыцца матываваныя дзеці, здольныя да паспяховага засваення праграмы, адбор вельмі важны. Для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання неабходна многае, разам з тым аснова — якасныя праграмы, падручнікі і паспяховы настаўнік. Прэстыж прафесіі настаўніка ў многім залежыць ад дзяржавы, але найперш ад педагога, яго асобы, таленту, ведаў, майстэрства. Калі настаўнік — добры метадыст і прадметнік, нарэшце проста добры чалавек, то дзіцяці ў яго камфортна вучыцца. Дэпутат даў станоўчы водгук ідэі вывесці прафтэхадукацыю на ўзровень бакалаўрыята праз сістэму бесперапыннай адукацыі.
Высокую ацэнку рабоце педагогаў Віцебскай вобласці даў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш. Задачы, пастаўленыя сёння перад беларускімі настаўнікамі, складаныя і амбіцыйныя. Трэба якасна правесці пераход на профільнае навучанне, прычым складнікі тут досыць простыя: меркаванне педагагічнага калектыву, бацькоў і вучняў, падрыхтаванасць матэрыяльна-тэхнічнай і навукова-педагагічнай базы. На думку Вадзіма Анатольевіча, калі ўсе яны працуюць на агульны вынік, поспех гарантаваны. Другі напрамак — прафарыентацыя. Віцебшчына тут мае пазітыўны вопыт работы, разам з тым існуюць падставы гаварыць пра пэўныя рэзервы. Вадзім Анатольевіч падкрэсліў: прафарыентацыйная работа павінна ісці не толькі на ўзроўні “дырэктар установы адукацыі — прадпрыемству”, але і ў адваротным напрамку, і папрасіў райвыканкамы звярнуць увагу менавіта на такую пастаноўку праблемы. Што тычыцца ініцыятыў, звязаных з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, то яе змест патрабуе дынамічнага змянення. Нельга трапіць у пастку, калі каледж ператворыцца ў падрыхтоўчы факультэт УВА. Гэта асобная ступень з дакладна акрэсленымі задачамі.
Ад імя абласной выканаўчай улады і асабіста старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва, абласнога Савета дэпутатаў удзельнікаў канферэнцыі павітаў і павіншаваў з надыходзячым новым навучальным годам Уладзімір Цярэнцьеў. Радасным і кранальным момантам канферэнцыі стала ўзнагароджанне лепшых настаўнікаў. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” Вадзім Богуш уручыў дырэктару Верхнядзвінскай гімназіі Галіне Васёха, намесніку дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Наталлі Анціпавай і дырэктару сярэдняй школы № 6 Віцебска Іі Кучко. Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі атрымаў настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча Мікалай Півавар, граматы Міністэрства адукацыі — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэй Пахолкін і выхавальнік ясляў-сада № 2 Лёзна Валянціна Сакалова. Многія іх калегі былі адзначаны ганаровымі граматамі і граматамі Віцебскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Заключным акордам канферэнцыі стала святочная канцэртная праграма, падрыхтаваная юнымі артыстамі Прыдзвіння ў падарунак любімым настаўнікам.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.